«Вывучае тэорыю малых сацыяльных груп на практыцы». Пра палітзняволеную Валерыю Касцюгову – дачка Настасся


«Вось яна прыходзіць – і вакол яе рэальна нібыта святлей робіцца. І спакайней становіцца, не так страшна. Яна вельмі вясёлая. І гэты пазітыў распаўсюджвае нават у турме», – кажа пра палітвязня Валерыю Касцюгову ейная дачка Настасся. Яна прызнаецца, што ёй моцна не хапае маці. Ейнай прысутнасці і голасу. На жаль, на лісты ў СІЗА дачка адказаў не атрымлівае. Нешта ўдаецца даведацца праз адваката або з лістоў сваякам. А яшчэ – завочна «пабачыцца» праз дзяржаўнае тэлебачанне…

Настасся Касцюгова працуе ў Офісе Святланы Ціханоўскай. Вільня Літва. 28 кастрычніка 2021 г.
Фота: Белсат

«Смешна, што бачымся праз дзяржканалы»

«Мама і ў СІЗА робіць аналіз дзяржпрапаганды, якой іх там «харчуюць». І нядаўна яна мяне ўбачыла ў нейкім чарговым прапагандысцкім роліку, у якім «палівалі» Офіс Ціханоўскай… І яна напісала, што вельмі рада была нарэшце мяне ўбачыць. І гэта так смешна, што мы з ёй бачымся праз дзяржканалы. Яна кажа, што да таго часу, пакуль па тэлеку не спыняецца істэрыя з нагоды пратэсту і дэмсілаў, мы ўсё робім правільна. Маўляў, я спакойная – вы там малайцы!» – кажа Настасся Касцюгова.

Яна тлумачыць, што свежай інфармацыі пра маму няма. Вядома толькі, што Валерыя Касцюгова праходзіць у крымінальнай справе ў якасці абвінавачанай. Ёй інкрымінуюць удзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК) і заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы (арт. 361 КК). Ідуць допыты, іншыя следчыя дзеянні, але дэталі невядомыя: адвакат даў падпіску аб неразгалошанні.

«Выбрала – не ўцякаць ад праблемы, а сустрэцца тварам у твар»

Палітычны аналітык Валерыя Касцюгова была затрыманая 30 чэрвеня 2021 года, амаль 4 месяцы яе трымаюць у зняволенні на Валадарцы (СІЗА № 1). Дачка палітзняволенай Настасся сцвярджае, што застацца ў Беларусі было свядомым выбарам маці.

«Яна выдатна разумела, што гэта не той выпадак, калі яе пасадзяць на месяц, да прыкладу, а пасля выпусцяць. Разумела, што пасадзяць на год, а можа, і больш, у залежнасці ад таго, як павернецца сітуацыя. І яна як бы з гатовасцю адправілася атрымліваць гэты досвед», – кажа Настасся Касцюгова.

Палітолаг Валерыя Касцюгова.
Фота: «Радыё Свабода»

І прызнаецца, што размаўляла з маці аб ад’ездзе з краіны. І ў самой Валерыі была магчымасць з’ехаць. Чаму ж не з’ехала?

«Як я разумею, было некалькі прычын. І першая – гэта такая прынцыповасць: вось хрэн ім, не з’еду, я нічога дрэннага не зрабіла, і пайшлі яны, хай прыходзяць. Гэта мільгала ў нашых размовах. А другое, думаю, гэта ўжо чыста чалавечая, бытавая прычына. Калі ты дарослы, пажылы чалавек, а табе трэба ўсё кінуць і кудысьці з’ехаць, то ўжо няма такой гатовасці да руху. Тым больш мама нядаўна пераехала ў новую кватэру з мужам, пачалі там абжывацца… Разумею, што прагучыць дзіўна, але, мабыць, з’ехаць было для яе ў той сітуацыі маральна складаней нават, чым застацца і рызыкнуць свабодай», – мяркуе дачка палітзняволенай.

«Я гэты выбар паважаю і разумею, што яна абрала не ўцякаць ад праблемы, а сустрэцца з ёй тварам у твар. Ацэньваць гэты выбар не наша з вамі справа. Гэта яе выбар», – дадае Настасся.

«Смяяліся ўсе: і мянты, і сукамерніцы»

«Калі вы нешта ведаеце аб маёй маме, то, напэўна, тое, што яна вельмі жыццесцвярджальны чалавек. Яна застаецца такой нават у турме. Захоўвае пачуццё гумару. Кажа, што перажывае для сябе новы досвед. Піша, што ў яе выдатная кампанія і што яна ні пра што не шкадуе, што ўсё зрабіла правільна», – распавядае Настасся Касцюгова.

Паводле інфармацыі дачкі, яе маці сядзіць у адной камеры з гендырэктаркаю TUT.by Людмілай Чэкінай ды «іншымі прыемнымі жанчынамі» («Ва ўсіх – цікавы бэкграўнд»). Сукамерніцы дзеляцца ведамі і досведам паміж сабой. Валерыя Касцюгова перадала дачцэ, што цяпер вывучае тэорыю малых сацыяльных груп – на практыцы.

«Яны там ладзяць нейкія адукацыйныя івэнты. Нядаўна паведаміла, што ў яе быў палітычны стэндап. Прызнаецца, што смяяліся ўсе: і мянты, і сукамерніцы», – распавядае Настасся.

«Цяпер у мамы ёсць ліхтарык, які прымацоўваецца да акуляраў»

Настасся паведаміла, што са здароўем у маці ўсё больш-менш у парадку, наколькі гэта магчыма ў турме. Яна прышчэпленая ад COVID-19. А нядаўна, пасля неаднаразовых спробаў, удалося перадаць ёй спецыяльны ліхтарык для чытання.

«Гэта вельмі папулярная ў турме рэч – ліхтарык, які на акуляры прымацоўваецца. У камеры вельмі дрэннае асвятленне, і, калі ты хочаш чытаць і не пасадзіць зрок, без яго ніяк нельга. Мы некалькі разоў спрабавалі ўгаварыць турэмшчыкаў узяць гэты ліхтарык, які нарэшце прынялі. Так што ў мамы цяпер ёсць ліхтарык, які прымацоўваецца да акуляраў», – распавядае Настасся Касцюгова.

Яна кажа, што мама часам просіць перадаць пэўныя рэчы: добры крэм, шаўковую маечку, адзенне. «Калі меркаваць па адзенні», кажа дачка, хутчэй за ўсё, у зняволеных ёсць нейкія «спецыяльныя падставы прыбрацца, якія яны самі сабе прыдумляюць у межах той рэальнасці, у якой апынуліся».

«Адказвала голасам мамы – і настаўнікі вяліся»

Настасся Касцюгова – адная з арганізатарак жаночых пратэстаў 2020 года – была вымушаная выехаць з Беларусі. Кажа, што ёй проста пашанцавала.

Настасся Касцюгова на акцыі пратэсту ў Менску.
Фота: the-village.me

«Прачнулася ад званкоў калегаў, суседзяў і майго дзеда, які прапісаны там, дзе я не жыву ўжо 10 гадоў. Ён паведаміў, што ў яго ператрус, што на працу прыйшоў ГУБАЗіК, што на месца майго жыхарства таксама прыйшоў ГУБАЗіК. Шукаюць мяне. На шчасце, я не начавала дома – прадчувала ўжо. І на працягу некалькіх гадзін – без візы, без рэчаў, без нічога! – я пакінула краіну. Думаю, толькі хуткасць, з якой я гэта зрабіла, мяне выратавала. І – маральная гатовасць да таго, што гэта можа здарыцца, а значыць, не трэба рабіць з гэтага драму, а трэба проста ірваць тапкі, а там ужо задумвацца аб сітуацыі, у якой апынулася», – успамінае Настасся.

Артыкулы
Жонка Валянціна Стэфановіча: Малодшай дачцэ кажу, што тата ў камандзіроўцы, з якой можна толькі лісты пісаць
2021.10.14 16:28

У новай сітуацыі Настасся Касцюгова рук не апусціла. Цяпер працуе ў Офісе Ціханоўскай. Але прызнаецца, што мамы вельмі не хапае.

«Мне ў прынцыпе яе не хапае ўжо больш за год, таму што пасля таго, як я з’ехала, мы з ёй ужо не бачыліся. Стэлефаноўваліся, перапісваліся, раіліся, але гэта не асабістыя сустрэчы. Іх не хапала. А цяпер ужо і паразмаўляць ніяк нельга. Але ведаеце, гэта досвед паказвае, што вельмі вялікая яе частка ў мяне ёсць. У моманты, калі думаю, а што б цяпер сказала мама, што б параіла – я ўвогуле магу сабраць мадэль мамы. І разумею, што б яна сказала. І сама ўвогуле думаю прыкладна гэтак жа», – прызнаецца Настасся.

Настасся Касцюгова.
Фота: Белсат

«Але вы ж і вонкава падобныя…» – адзначаю я. Настасся смяецца: «Не, я, хутчэй, больш у тату. Але вось што адназначна ад мамы – гэта голас». Настасся падмацоўвае свае словы такой гісторыяй:

«Калі я была падлеткам, нам тэлефанавала настаўніца і пыталася, чаму я прагульваю школу, а я падымала слухаўку і адказвала маміным голасам. І ўсе верылі! У 14–15 гадоў у мяне быў ужо досыць нізкі голас, падобны да голасу мамы, з яе інтанацыямі – і таму настаўнікі вяліся. Так што я трохі сваволіла», – успамінае Настасся.

Палітолаг Валерыя Касцюгова.
Фота: «Радыё Свабода»

«Проста мне пашанцавала нарадзіцца ў мамы, якая так да мяне ставілася»

На пытанне, ці атрымлівала за падобныя свавольствы і прагулы прачуханца ад мамы, Настасся адказвае, што «гэта ніколі не была гісторыя ляманту і пакаранняў».

«Калі мне кажуць, што ў мяне добры характар, я адказваю, што мне проста вельмі пашанцавала з бацькамі і вельмі пашанцавала з мамай. То бок гэта не маё дасягненне, а проста мне пашанцавала нарадзіцца ў мамы, якая вось так да мяне ставілася. Яна заўсёды ставілася да мяне як да дарослай. І да ўсіх так ставіцца. У яе няма гэтага адчування перавагі, што астатнія людзі нейкія дурныя і ім трэба, як маленькім, усё тлумачыць і трэба іх кантраляваць. Яна да ўсіх ставіцца як да роўных, вольных людзей, якія нясуць адказнасць за свае рашэнні», – кажа дачка палітзняволенай.

Артыкулы
«Абвінавачання няма, але сутнасць ягонага перабывання ў турме ўсім зразумелая». Жонка Сашы Васілевіча – пра зняволенне мужа
2021.10.11 09:00

Настасся адзначае, што з усімі сваімі праблемамі звычайна разбіралася сама. Але калі справа была «зусім-зусім швах» – ішла да мамы («Яна вельмі разумная жанчына»). І заўсёды атрымлівала слушную параду. Пры гэтым мама ніколі не выяўляла з сябе бязгрэшную. З ёю можна было спрачацца, не згаджацца.

«У яе вельмі пазітыўны характар і выдатнае пачуццё гумару. Яна вельмі рухомая і маладая душой, яна заўсёды стварала ўражанне чалавека, які ўмее атрымліваць асалоду ад жыцця, якому нясумна і які не адчувае сябе чалавекам, які старэе. Гэта значыць, яна ўмее атрымліваць задавальненне ад кожнага перыяду жыцця, які з ёй адбываецца», – кажа Настасся Касцюгова.

Нават у турме, упэўненая дачка Валерыі Касцюговай.

«Можа, хтосьці не зломіцца, бо яна з ім паразмаўляе»

Людзі, якія сутыкаліся з яе маці на Акрэсціна або на Валадарцы, кажуць пра яе як аб спакойным, ураўнаважаным, вельмі светлым чалавеку, з якім «ужо не так страшна».

«Ва ўсіх ёсць нейкая місія, а вось яе місія цяпер, напэўна, – гэта дапамагчы людзям, якія апынуліся ў турме і пераносяць гэта значна горш. Можа, хтосьці не зломіцца, бо яна там з ім паразмаўляе. Можа, скажа патрэбныя словы – і ён датрымаецца да канца гэтага выпрабавання. Так яна дзейнічае на людзей», – сцвярджае дачка Валерыі Касцюговай.

Фрагмент ліста Валерыі Касцюговай з СІЗА. Фота прапанаванае рэдакцыі

Ужо ў канцы гутаркі я пытаюся ў Настассі, як яна трымаецца сама. На пытанне адказвае пытаннем: «А як трымаюцца ўсе астатнія? Дык у мяне яшчэ не самая дрэнная сітуацыя з магчымых!» І яе голас у гэты момант ужо і сапраўды не адрозніш ад голасу мамы, Валерыі Касцюговай.

«Я, у прынцыпе, таксама досыць пазітыўны чалавек. Я проста не лічу канструктыўным і карысным пакутаваць ды ірваць на сабе валасы. І потым, я знайшла месца, дзе, як мне здаецца, я магу прынесці максімальную карысць – уласна, Офіс. І думаю, што мая задача такая ж – дапамагаць людзям трымацца і ісці далей. Увогуле, гэта адна з найгалоўнейшых задач Офісу Святланы Ціханоўскай – падтрымліваць гэты агонь і не даваць людзям страціць веру і апусціць рукі», – падсумоўвае Настасся Касцюгова.

Настасся Касцюгова.
Фота: Белсат

Дапамагчы праектам і пісаць лісты

Настасся лічыць, што найлепшым падтрыманнем для маці ў цяперашняй сітуацыі была б дапамога аналітычным праектам, з якімі была звязаная Валерыя Касцюгова. Нагадаем, яна заснавальніца і рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка

«Белорусского ежегодника», кіраўніца групы экспертаў маніторынгу «Беларусь у фокусе».

На думку Настассі, дапамога, у тым ліку і фінансавая, камандам гэтых праектаў, удзел у іх – ідэальнае падтрыманне для маці.

Ну і лісты, вядома.

«Многія кажуць, што стараюцца, пішуць, але нічога не даходзіць. Але нават калі гэта дадасць працы цэнзарам, то ўсё роўна варта пісаць», – лічыць Настасся Касцюгова.

Палітзняволенай Валерыі Касцюговай можна напісаць на адрас: СІЗА № 1. 220030 Менск, Валадарскага 2.

ЗК/АА belsat.eu

Стужка навінаў