У Менску на 4 гады асудзілі палітвязня за тое, што «дэманстратыўна знаходзіўся на кантэйнеры»


Павел Лукаянаў.
Фота: spring96.org

Суд Цэнтральнага раёну Менску 1 кастрычніка асудзіў да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму 27-гадовага палітвязня Паўла Лукаянава. Разгляд крымінальнай справы супраць Лукаянава заняў адзін дзень: раніцай пачалі судовае следства – у 16 гадзін ужо абвясцілі прысуд.

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, абвінавачанне падтрымліваў Арцём Цвяткоў, перадае «Вясна».

Паводле абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года Лукаянаў удзельнічаў у пратэстах на скрыжаванні вуліц Сурганава, Куйбышава і Бяды ў Менску, выкрыкваў розныя лозунгі і заклікаў грамадзян далучыцца, «дэманстратыўна знаходзіўся на кантэйнеры, узводзіў барыкады». Палітвязня абвінавацілі ў тым, што была парушаная праца гарадскога пасажырскага транспарту, і быў пашкоджаны смеццевы бак.

Павел Лукаянаў прызнаў віну часткова. Паводле яго, кіроўцы самі перакрылі дарогу. Паводле Лукаянава, ён не бачыў ніякіх гвалтоўных дзеянняў. Прызнаўшы скачкі па смеццевым баку, палітвязень заявіў, што не выкрыкваў лозунгі і не прымаў удзел у будаўніцтве барыкадаў. З сумай шкоды за перакрыццё дарог Павел Лукаянаў не згодны цалкам.

Прадстаўніца «Менсктрансу», якая заявіла пра пашкоджаныя кантэйнеры, не магла распавесці, якія пашкоджанні нанёс менавіта Лукаянаў.

Тым не менш, паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу яго прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Як і прасіла абвінавачанне.

Лукаянаў знаходзіцца пад вартай з 23 ліпеня.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ сем чалавек
2021.08.18 22:21

МГ belsat.eu

Стужка навінаў