Журналістка Дар’я Чульцова выйшла на волю пасля двух гадоў калоніі


3 верасня нашая калега, журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова выйшла на волю, адбыўшы цалкам пакаранне: два гады пазбаўлення волі ў Гомельскай жаночай калоніі. Дар’ю асудзілі разам з журналісткаю Кацярынай Андрэевай за стрым з плошчы Пераменаў у Менску, які яны вялі 15 лістапада 2020 года. Распавядаем пра Дар’ю і тое, як яна жыла гэтыя два гады.

Дар’я Чульцова першыя хвіліны на волі, Беларусь. 3 верасня 2022 года.
Фота: Новы час
Дар’я Чульцова першыя хвіліны на волі, Беларусь. 3 верасня 2022 года.
Фота: Новы час

У дзяцінстве любіла маляваць і ўжо ў 10-м класе ведала, што будзе журналісткаю

Дар’я Чульцова нарадзілася 20 лютага 1997 года ў Шклове. Там яна расла, вучылася ў школе, сталела. Родныя Дашы распавядалі, што ў дзяцінстве яна была вельмі актыўнаю, цікаўнай, усё хацела паспець. Займалася танцамі, спявала, грала на гітары. Вельмі любіла маляваць. Малявала Дар’я і ў калоніі – розныя плакаты. Праца ў яе таксама была крыху звязаная з маляваннем – дзяўчына крэсліла лякалы для швачак.

Яшчэ ў дзяцінстве Дар’я захаплялася канямі. А найбольш любіла пісаць, казалі родныя журналісткі:

«У яе заўсёды быў нейкі сшытак ці нататнік з сабой, і яна ўсё пісала, пісала, пісала».

У школе Дар’я вучылася добра, але выдатніцаю не была. На навуцы дзеўчына засяродзілася ў старэйшых класах, калі вызначылася, дзе будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю. А вучыцца далей хацела толькі на журналістку і казаць пра гэта пачала яшчэ ў класе дзясятым.

Родныя Дар’і распавядалі, што ў сям’і ўсіх здзівіў такі выбар, бо ўсе – «рабочыя людзі, усе бабулі і дзядулі недзе на заводах». Сястра Дашы скончыла банкаўскую справу, працуе бухгалтаркаю.

У сям’і Дашу адгаворвалі ад журналістыкі, у тым ліку і таму, што ў Беларусі гэта небяспечная прафесія. Але дзеўчына ўпарта стаяла на сваім выбары.

«Можна сказаць, што Даша – даследніца. У ёй спалучаюцца такія рысы, як спакой і назіральнасць ды ў той жа час цікаўнасць да розных сфераў жыцця. Яна заўсёды вельмі любіла слухаць, чытаць і маляваць. І вось надышоў момант, калі гэтыя схільнасці вызначалі ейную прафесію», – казалі пра Дашу сябры.

Hавiны
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед
2021.02.08 07:30

Пераслед не адштурхнуў Дар’і ад журналісцкай працы

Пасля школы паехала вучыцца ў Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова на гістарычна-філалагічны факультэт, вывучала журналістыку. Жыла ў інтэрнаце. Імкнулася быць самастойнаю. На старэйшых курсах перавялася на завочнае навучанне і пайшла працаваць на сайт «Могилев. Онлайн».

«Разам з Дашаю мы пачалі рабіць сюжэты для праекту «Могилев. Онлайн». Гэта быў самы круты час, бо ў нас была проста як місія – паказваць сацыяльныя праблемы Магілёва. І мы гэта рабілі. У той час я пабачыла, што ў Дашы ёсць вялізны інтарэс і талент не толькі журналіста, які піша, а таксама аператара», – распавядала аднагрупніца Дашы.

З 2019 года Дар’я пачала супрацоўнічаць з тэлеканалам «Белсат». Як журналістка працавала ў пары з аператарам Міхасём Аршынскім.

«Мы ездзілі па розных гарадах Магілёўская вобласці, здымалі рэпартажы аб праблемах звычайных людзей. Паказвалі, як мяняецца жыццё чалавека, калі ён сутыкаецца з бюракратычнаю сістэмаю», – казаў Міхась Аршынскі пра сваю працу з журналісткаю.

Міхась як дасведчаны журналіст вучыў Дашу быць універсалам у сваёй прафесіі. Каб аднолькава добра і напісаць тэкст, і зняць і змантаваць відэа.

Артыкулы
Як дыктатар Лукашэнка скраў у Дашы два гады жыцця. Выйшаў комікс пра журналістку «Белсату»
2022.01.15 10:00

Рэпрэсіі супраць Чульцовай за журналісцкую дзейнасць пачаліся яшчэ ў Магілёве. Двойчы магілёўскія суды каралі Дашу штрафам паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ за супрацу з «Белсатам». Але гэта не адштурхнула яе ад прафесіі.

«Даша з тых людзей, якія свядома і без страху развіваюцца ды праз гэтыя выпрабаванні робяцца прафесіяналамі. Я бачу, што за вельмі кароткі час Даша моцна ўзняла свой прафесійны ўзровень. І я проста ўпэўнены, што яна выйдзе і працягне шлях у журналістыцы», – казаў Міхась Аршынскі.

«Ідзеш на свой страх, спадзеючыся, што ты дзяўчынка, а значыць, цябе могуць пашкадаваць»

Дар’ю затрымалі 9 жніўня 2020 года, калі яна выйшла з дому. Яна разумела, якая небяспека ёй пагражае. Але праз гэта яна не пакінула з журналістыкі, як прасіла сям’я.

«Даша проста вельмі любіла сваю працу. Інакш яна б гэтым не займалася. Яна магла і начамі сядзець пісаць», – распавядалі сваякі.

У канцы верасня 2020 года Дар’я пераехала ў Менск, дзе пачала працаваць на мітынгах і мірных шэсцях як аператарка. Апошнія некалькі тыдняў перад арыштам падчас нядзельных акцыяў пратэсту ў Менску працавала на стрымах разам з Кацярынай Андрэевай.

Сяброўка Дашы перадала ейны адказ на пытанне, ці не баіцца арышту:

«Гэтага складана не баяцца, маральна сябе кожны раз рыхтуеш да такога, усё роўна бярэш у рукі камеру і ідзеш на здымкі. Пра што казаць, калі нават мужчыны-аператары проста адмаўляюцца выходзіць на рэпартажы, бо іх збівалі, не шкадуючы?! Хто тады гэта будзе асвятляць? Вось і ідзеш на свой страх, спадзеючыся, што ты дзяўчынка, а значыць, цябе могуць пашкадаваць».

15 лістапада 2020 года Дар’я Чульцова разам з Кацярынай Андрэевай вялі стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Журналісткі былі ў кватэры на 14-м паверсе дому на Сморгаўскім тракце. Пасля заканчэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

Артыкулы
«Хацеў угаварыць іх сысці». Успаміны таксіста, які падвозіў журналістак «Белсату» на плошчу Пераменаў
2022.01.25 07:30

Спачатку на Кацю і Дашу склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту ды непадпарадкоўванні пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту.

Два гады калоніі за працу

Адначасова завялі крымінальную справу. 20 лістапада 2020 года журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і абралі меру стрымання ў выглядзе арышту, этапаваўшы ў жодзінскую турму.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева на судзе. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Кацю і Дашу абвінавацілі ў тым, што яны бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым Кацярыны і Дар’і спыніў рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў). Шкода «Менсктрансу» ацанілі на Br 11 562.

Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі.

Беларускія праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі ўжо праз чатыры дні пасля выстаўлення ім абвінавачання. А ў снежні 2020 года дзяўчаты сталіся лаўрэаткамі прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года».

У абарону журналістак выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, расейскія няўрадавыя арганізацыі «Свабоднае слова» і ПЭН-Масква. Саюз журналістаў Літвы ўзнагародзіў журналістак прэміяй «Надзея свабоды».

Следства цягнулася тры месяцы. 18 лютага 2021 года суддзя Наталля Бугук пакарала Дар’ю і Кацярыну двума гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Пакаранне Даша адбывала ў Гомельскай жаночай калоніі.

Нават у зняволенні заўсёды старалася трымацца бадзёра, усміхацца

26 кастрычніка 2021 года Дашы ўпершыню далі працяглае спатканне з роднымі. З іхных словаў мы ведаем, як Даша жыла ў калоніі.

Дар’я Чульцова.
Фота: асабісты архіў

Дзень у палітзняволенай журналісткі пачынаўся а 6:00. Працоўная змена магла быць першай ці другой. Працавала Даша на швейнай фабрыцы. У зняволенні журналістка вывучылася на лякальніцу, малявала крэйдаю на тканіне лякалы. Ёй падабалася, што ў яе ёсць нейкі занятак – так час ляцеў хутчэй. Паводле родных, праца ў калоніі Дашу не надта напружвала. Аднак амаль не аплачвалася. Калі яна была вучаніцай, заробак складаў 41 рубель за месяц.

Калі на фабрыцы была другая змена, зранку зняволеным часта даводзілася абіраць мяшок-паўтара бульбы.

Акрамя працы Дар’я брала ўдзел у культурніцкіх і спартовых актыўнасцях калоніі, у конкурсе «Міс Восень», вяла імпрэзы, чытала вершы Караткевіча – старалася запоўніць кожную хвілінку. Акрамя гэтага, журналістыцы даводзілася дзяжурыць, прыбіраць тэрыторыю.

«Падае ў ложак а 22-й увечары. Прыйшла з працы, памылася і а 22-й упала ў ложак», – распавядалі сваякі Дашы.

У зняволенні Дар’ю паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжваў узмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. Дзеўчына мусіла насіць жоўтую бірку – такім колерам пазначаюць асобаў, «схільных да экстрэмізму».

Родныя Дашы казалі, што яна нават у зняволенні заўсёды старалася трымацца бадзёра, аптымістычна, усміхацца, не правакаваць канфліктаў. За ўвесь час журналістка не мела пакаранняў, не трапляла ў штрафны ізалятар.

Пра што Даша пісала ў лістах з калоніі

Увесь дзень быў звычайна распланаваны, таму ў Дашы было не так шмат часу пачытаць кнігу ці напісаць ліст, але яна старалася рабіць гэта ў любую вольную хвілінку. У лістах нашая калега распавядала пра сваё жыццё ў калоніі, як пачуваецца, пра мары і планы на будучыню. Прыводзім некаторыя ўрыўкі:

«…Я затрымалася ў 2020 годзе, для мяне час стаіць на месцы, змянілася толькі лічба (2022), якую я пішу на заявах там, дзе ставіцца дата. У астатнім мне ўсё так жа 23, а не хутка 25. Гэта дзіўна і, думаю, складана зразумець, калі не адчуць на сабе… Я перакананая, што ўсё адновіцца, калі я буду дома. Проста тут не рэальны свет, час ідзе інакш».

Артыкулы
«Тут не рэальны свет, час ідзе па іншаму». Дар’і Чульцовай сёння 25 гадоў
2022.02.20 11:19

«Ёсць лісты, на якія хочацца адказваць, у якіх завязваецца размова, і чакаеш адказу на такія лісты, ты ляціш з таго месца, не думаеш пра тое, што адбываецца тут, што яшчэ трэба зрабіць, дзе падзяжурыць, куды пайсці (куды зусім не хочацца). Вы не маеце рацыю, калі кажаце, што не варта дзякаваць за лісты. Я ў свой час так нічога і не адправіла. Казала сабе: «Зраблю заўтра, цяпер няма часу».

«Як я табе ўжо сёння сказала, у мяне ўсё добра. У мяне ў жыцці заўсёды было адчуванне, што мне нешта трэба абавязкова рабіць. Калі я брала выходны на працы, мне было няёмка, што я не працую. Тут тое самае адчуванне, што мне пастаянна нешта трэба рабіць. Адказваць на лісты людзей, напрыклад. Калі я гэтага не раблю, мяне грызе сумленне. Маляваць нешта для некага, напісаць нешта і г. д. і да т. п. Пастаянна на нейкай паніцы, ці што. Цяпер стараюся адагнаць ад сябе гэта. Я ж у турме, я маю права расслабіцца, ха-ха».

Турма не прымусіла Дашу ўсумніцца ў сваім жыццёвым выбары. У лістах дамоў дзеўчына пісала, што, калі б яна ведала, да чаго прывядзе журналісцкая праца, яна б усё роўна абрала менавіта гэты шлях. І заўсёды падкрэслівала, што пасля вызвалення хоча вярнуцца ў журналістыку.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў