Вынікі пошуку для:

«Разбітае сэрца пацана» выдала альбом у эміграцыі. Замежнікам таксама падабаецца

«Ашчушчэнія» – 9 песень пра беларускія рэаліі, каханне і алкаголь. Іх можна паслухаць бясплатна на ўсіх папулярных пляцоўках, а таксама на канцэртах у Польшчы і ва Украіне.

Трасянкамоўны саркастычны поп-гурт «Разбітае сэрца пацана» грае з канца 1990-х, «Ашчушчэнія» – ужо шосты студыйны альбом «Пацаноў». У канцы сакавіка музыкі гурту з’ехалі ва Украіну, бо не маглі атрымаць гастрольныя пасведчанні ў Беларусі. Летась гурт выступаў на дваровых канцэртах. Сёлета ў лютым АМАП сарваў іх выступ на турыстычнай базе, затрымаў музыкаў. Разам са спявачкай Lear частка «Пацаноў» трапіла за краты на 15 содняў.

«Усё, як у Менску, толькі нястрашна»: музыкі з «РСП» – пра пераезд у Кіеў

Усе «Ашчушчэнія» запісалі яшчэ ў Менску да ад’езду. Але зводзілі альбом ужо адмыслоўцы ў Нямеччыне, гатовы альбом гурт сустрэў ва Украіне, а цяпер прэзентуе ў Польшчы, пазней прэзентуе і ва Украіне. У Беларусі, кажа «Белсату» вакаліст «Пацаноў» Дзяніс Тарасенка, альбом пакуль немагчыма прэзентаваць – беларусам давядзецца слухаць яго праз інтэрнэт, прэзентацыю для Беларусі плануюць правесці онлайн.

Асобныя песні з альбому выдавалі і раней. Але склалася канцэпцыя самадастатковай праграмы, «мастацка цэласнай карціны», і старыя песні пасавалі пад ідэю новага альбому.

«Натуральна, падзеі 2020 года знайшлі адлюстраванне ў гэтым альбоме, у песнях «Шэры квадрат» і «Бег», – расказвае Тарасенка. – У прынцыпе, у кожнай песні можна знайсці такія пасхалачкі-адсылачкі да гэтых падзеяў, хаця мы пачалі сачыняць, запісваць і выконваць яго яшчэ напрыканцы 2018 года».

У песні «Бег» лёгка пазнаць адсылку да Сяргея Міронава, «пакаяльнае відэа» з якім стала мемам: ён нібыта наіўна казаў, што «бастовать – хлопотное дельце» і што трэба кідаць паліць, бегаць па раніцах і «гонять во всю мощь».

2 верасня гурт дасць вялікі канцэрт у Кракаве. Над турам доўга працавалі, ладзілі шмат здымак і інтэрв’ю. 4 верасня «Разбітае сэрца пацана» выступіць ва Уроцлаве, 5–га ў Лодзі, 9-га ў Варшаве, 10-га ў Познані, 11-га ў Беластоку, потым паедзе ва Украіну, 16 верасня выступіць у Адэсе, 17-га ў Кіеве і 18-га ва Львове. Гурт намагаецца заваёўваць новую публіку, шукае новыя гарызонты.

Нягледзячы на трасянку, якую цяжка разумець не беларусам, гурт слухаюць і замежнікі. Гэта ўжо заўважылі на папярэдніх канцэртах за межамі Беларусі.

«На нашую радасць, і небеларская публіка ўспрымае нашую творчасць, людзі ўключаюцца, усе запамінаюць першыя радкі, – расказвае Тарасенка. – Людзям падабаецца музыка, яны ўключаюцца, адчуваюць штосьці».

А што сам гурт? У Беларусі спявалі пра беларускія рэаліі, але ці тыя песні актуальныя для іх саміх, калі яны ўжо за мяжой?

«Краіны мяняюцца, а мы ж не мяняемся, – смяецца Тарасенка. – Мы такія ж, як былі, толькі ў іншай лакацыі. Мы пісалі і будзем пісаць пра тое, што нас хвалюе».

Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны