З пачатку поўнамаштабнай вайны да 50 тысяч украінцаў страцілі адну або некалькі канцавінаў


За 17 месяцаў поўнамаштабнай вайны ад 20 да 50 тысяч украінцаў страцілі адну або некалькі канцавінаў. Такія лічбы называе выданне «The Wall Street Journal» са спасылкай на ўкраінскі дабрачынны фонд «Здароўе ўкраінскага народу» і нямецкага вытворцу пратэзаў «Ottobock».

Беларускі вайсковец палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг паказвае пратэз для нагі. Кіеў, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Гэтак, паводле ацэнкі кіеўскай арганізацыі фонду «Здароўе ўкраінскага народу», колькасць украінцаў, якія атрымалі на вайне сур’ёзныя траўмы, дасягае 200 тысяч чалавек. З іх каля 20 тысячаў атрымалі раненні, якія патрабуюць ампутацыі. Нямецкая кампанія ў сферы пратэзавання канцавінаў «Ottobock» называе лічбу 50 тысяч украінцаў.

Аднак колькасць людзей, якія страцілі канцавіны, можа быць большаю, бо для пратэзавання патрабуецца час і некаторыя пацярпелыя могуць чакаць тыдні і нават некалькі месяцаў пасля ранення.

Пры гэтым кошт пратэзаў можа даходзіць да 50 тысяч еўраў. Вайскоўцам да 20 тысяч еўраў на пратэзаванне кампенсуюць улады, а цывільным асобам дапамагаюць дабрачынныя арганізацыі. Аднак праблемаю застаецца перагружанасць украінскай медычнай сістэмы, некаторыя пацыенты могуць чакаць пратэза больш за год.

Адзначаецца, што ў пачатку вайны ўкраінцы страчвалі канцавіны ў выніку артылерыйскіх і ракетных абстрэлаў. Цяпер людзі ў асноўным падрываюцца на мінах.

Гэтыя лічбы параўнальныя з Першай сусветнай вайной, калі 67 тысяч жыхароў Нямеччыны і 41 тысяча жыхароў Вялікай Брытаніі страцілі канцавіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў