У Варшаве адкрыецца мурал з выявамі беларускіх палітзняволеных


5 жніўня, у суботу а 12:00 (па варшаўскім часе), у дворыку Беларускага дома ў Варшаве адкрыецца мурал у гонар беларускіх палітзняволеных. 

На мурале будуць прадстаўленыя беларускія палітвязьні: культурніцкі менеджар, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Павел Белавус; жонка палітзняволенага блогера Ігара Лосіка Дар’я Лосік; праваабаронца Наста Лойка; праваабаронца, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі; палітык, падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Беларускага аб’яднання вайскоўцаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч; журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Ідэя стварэння мурала належыць Беларускаму дому ў Варшаве. Мурал быў спраектаваны і намаляваны беларускім мастаком, імя якога па прычынах бяспекі не называецца.

Плануецца, што на адкрыцці мурала выступяць дэмакратычныя лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, прэзідэнт Фонду салідарнасці PL Рафал Дзенцялоўскі, кіраўнік Беларускага дома Алесь Зарэмбюк.

11 жніўня 2020 года, на трэці дзень пасля пачатку мірных пратэстаў, Беларускі дом стварыў збор сродкаў на польскай платформе «Pomoc dla Białorusi!». Да гэтага часу было сабрана 394 516,75 злотых, і збор усё яшчэ застаецца адкрытым. Арганізатары збора працягваюць дапамагаць сем’ям беларускіх палітвязьняў, таму спасылка на збор таксама будзе пазначаная на мурале.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў