Беларусы самі будуць шукаць Паўла Брэля. Журналіст знік без вестак у Рабцы-Здруі


Праз месяц пасля знікнення беларускага палітуцекача на Падгалі пачнецца трэцяя сацыяльна-пошукавая аперацыя. Сябры апазіцыйнага журналіста сцвярджаюць, што прафесійныя службы не могуць працаваць праз бяздзейнасць варшаўскай паліцыі.

Павел Брэль. Фота зробленае падчас паездкі ў Карпаты ў 2011 годзе. Крыніца: Facebook Паўла

Павел Брэль – беларускі журналіст, якому давялося ўцякаць з Радзімы ад рэпрэсіяў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У Польшчы ён атрымаў статус уцекача і працягваў працу на карысць свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

На пачатку ліпеня журналіст з’ехаў з Варшавы і з двума заплечнікамі накіраваўся ў Букавіну-Татшаньску, дзе планаваў жыць. У дарозе яго абрабавалі ў цягніку, забралі грошы і дакументы. Увечары 8 ліпеня сувязь з Паўлам Брэлем абарвалася — вядома, што ў гэты час ён быў у Рабцы-Здруі.

Ягоныя сябры, участковыя міліцыянты і ратавальнікі Падгальскага пошукава-ратавальнага атраду (PGPR) вызначылі апошнюю лакацыю зніклага ў Рабцы-Здруі, знайшлі сведак і раскрылі новыя факты ягонага побыту на Падгалі.

Павел Брэль.
Фота: insa / Twitter

Як паведаміў «Белсату» каардынатар групы беларускіх валанцёраў, якія яго шукаюць, справа зайшла ў тупік, бо камендатура варшаўскай паліцыі не прызначыла маштабнага пошуку.

«Мы ведаем, што паліцыя ў Рабцы, GOPR і PGPR маюць вялікія дасягненні ў пошуку людзей. Нават праз некалькі месяцаў. Але для гэтага трэба праводзіць пошукі, а камендатура варшаўскай паліцыі іх не прызначае. Мы не ведаем, чаму. Тут жа не ідзе вайна, і цела чалавека не павіннае ляжаць у нейкай яме ці лесе», – скардзіцца Ала Вайтулевіч, сяброўка зніклага.

Беларускія валанцёры ўсведамляюць, што Павел мог загінуць. Аднак знайсці цела таксама вельмі важна – гэта дазволіць не толькі пахаваць чалавека, але і завяршыць ягоныя справы: закрыць рахункі, уладкаваць спадчынныя, страхавыя і маёмасныя пытанні. У адваротным выпадку зніклы лічыцца жывым з усімі наступствамі.

Цяпер беларуская дыяспара ў Польшчы спрабуе знайсці сродкі ціску на варшаўскую паліцыю, каб тая дала магчымасць шукаць журналіста – або перадала справу ў пастарунак у Рабку-Здруй.

«Паліцыянты з Рабкі вельмі спагадлівыя, яны нам ужо вельмі дапамаглі. Аднак яны не могуць зрабіць больш, калі Варшава ім гэтага не загадае» – тлумачыць Ала Вайтулевіч.

Сябры зніклага пастанавілі не заставацца пасіўнымі. У гэтую суботу, 5 жніўня, стартуе трэцяя сацыяльна-пошукавая акцыя ў ваколіцах Рабкі. Яе мэта — на падставе паведамленняў Паўла Брэля рэканструяваць маршрут, якім ён мог ісці перад знікненнем, і праверыць месцы, дзе ён мог уладкавацца на ​​ноч.

Валанцёры запрашаюць усіх да ўдзелу ў пошуках – асабліва тых, хто ведае мясцовасць і мае досвед правядзення пошукавых аперацыяў. Валанцёраў і людзей, якія маглі бачыць Паўла, просяць звяртацца да Алы Вайтулевіч:

Telegram: LABALEKA

Фэйсбук: lawojtulewicz

Тэлефон: 733 782 880

Падаём апісанне Паўла Брэля: хударлявы мужчына гадоў трыццаці, доўгія валасы, простакутныя акуляры, рост 185–190 см, імаверна, апрануты ў шэрую кашулю. На момант знікнення быў у цяжкім псіхічным стане.

рапарт
Беларускі журналіст ехаў на Падгале і знік. Што вядома новага ў справе з Паўлам Брэлем?
2023.07.27 18:18

ПЯ belsat.eu

Стужка навінаў