Святлана Ціханоўская завяршыла двухтыднёвы візіт у ЗША. Акрамя сустрэчаў з кіраўніком Белага дому ды іншымі топ-чыноўнікамі ды вядомымі грамадскімі дзеячамі, «самаю класнаю часткаю праграмы», паводле Святланы, сталі спатканні з беларускай дыяспарай.
Лідарка дэмакратычных сілаў паспела пабачыцца з суайчыннікамі ў Вашынгтоне, Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе і Крэмніевай даліне. Беларусы адмыслова прыязджалі з іншых штатаў і гарадоў, праводзячы гадзіны ў дарозе, каб хоць некалькі хвілін жыўцом паглядзець на сімвал новай Беларусі.
«Белсат» распытаў беларусаў, якія бралі ўдзел у сустрэчах з Ціханоўскай, пра ўражанні ад «прэзідэнта Светы».
«На сустрэчу ў Вашынгтон ехаў з Нью-Джэрзі, гэта каля трох гадзінаў язды на аўце. На месцы пазнаёміўся з хлопцам з Бостану, а гэта ўжо мінімум восем гадзінаў дарогі.
Браў удзел у сустрэчы з дзвюх прычынаў. Па-першае, гэта гістарычны момант візіту Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон. Па-другое, я фатограф-аматар, па магчымасці раблю фотарэпартажы з мерапрыемстваў беларускай дыяспары.
Уражанні ад сустрэчы вельмі станоўчыя, прыемна ўсведамляць, што наш новы прэзідэнт годна паводзіць сябе за мяжой, рэпрэзентуючы Беларусь, і за яе не сорамна. Людзей было шмат, пад 400 чалавек. Рэагавалі на Святлану вельмі ўзрушана і эмацыйна, крычалі «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!».
Я прыехаў выказаць сваю падтрымку Святлане Ціханоўскай. Я спадзяюся, што вялікая колькасць удзельнікаў дадае ёй натхнення. Што датычыць самой дыяспары, удзел у падобных акцыях мабілізуе беларусаў за мяжой на больш учынкаў дзеля вырашэння канфлікту ў Беларусі.
Людзі знаёмяцца, даведваюцца пра новыя ініцыятывы, ахвяруюць грошы, працу, свой час, пашыраюць інфармацыю пра Беларусь. Тыя, хто не быў на адным мерапрыемстве, але пабачаць фотаздымкі і відэа, могуць зацікавіцца і прыйсці на наступную акцыю і прывесці сваіх сяброў, а гэта толькі на карысць руху за вольную Беларусь».
«Гэта было вельмі відовішчна: беларусы, Святлана і нашыя сцягі на фоне статуі Свабоды. Гэта не магло не натхніць і не даць сілаў на доўгі час. Прыехала на сустрэчу, бо хацелася ўбачыць сваіх беларусаў, сяброў, а таксама падтрымаць Святлану і паказаць сваю павагу.
Вельмі цёплая сустрэча, прыгожыя асобы, і пазітыўная энергія Святланы Ціханоўскай уразілі. Мне падалося, што прыйшло даволі шмат людзей. Людзей тут змацавала вера ў светлую будучыню.
Святлана для нас ужо сапраўдны прадстаўнік Беларусі. Я лічу, яна даволі паспяхова і пазітыўна паказвае сябе на міжнародным узроўні, беларусы яе паважаюць і вераць ёй».
«Гэта гістарычны момант, асабліва пасля сустрэчы з Байдэнам. Я ніколі не была на сустрэчах са Святланай, хацела адчуць ейную энергетыку, пабачыць беларусаў, з якімі ходзім на мітынгі тут, у Сан-Францыска. Гэта добрая нагода падтрымаць сваіх суайчыннікаў тут і ў іншых краінах, паказаўшы, што мы разам і нам не ўсё роўна.
Сустрэча была даволі кароткая, бо графік змясціўся праз нечаканае спатканне з Байдэнам. Святлана падзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам і яшчэ раз падкрэсліла, чаму важнае падтрыманне беларусаў за мяжой. Было каля паўтысячы ўдзельнікаў. Атрымалася такое невялікае свята.
Мне спадабалася, як яна адказвала на пытанні, бо яны не заўсёды былі адназначныя. Усе хацелі зрабіць сэлфі з ёй, ахова абуралася, як на канцэрце. Таму я нават і не спрабавала!»
«Я пабывала на дзвюх сустрэчах – у Вашынгтоне і Нью-Ёрку.
У Вашынгтон я ехала 4 гадзіны, але гэта не было праблемай. Ехаць ці не – не было пытання. Мы даведаліся пра сустрэчу, хутка памянялі планы, каб патрапіць на сустрэчу. Святлана асацыюе сябе са звычайнымі беларусамі, яна вельмі на гэтым канцэнтравала ўвагу.
Калі яна, звычайная жанчына, якая ніколі не планавала кар’еры, працягвае змагацца, не здаецца, лабіяваць інтарэсы беларусаў, ездзіць бесперапынна, як можна яе не падтрымаць?
Мне падалося, Святлана вельмі стамілася. З іншага боку, яна сціплы чалавек, і працягвае сябе пераадольваць у нейкай нясмеласці, гэта выдатна. На сустрэчы былі дзеткі, яна вельмі трапятліва да іх паставілася, не адыходзіла ад іх. За год яна зрабіла неверагодны рост.
Ёсць тыя, хто яе крытыкуюць, але яна кожную хвіліну жыцця аддае барацьбе. Яна для мяне беларуская Жанна д’Арк. Усімі малітвамі і думкамі я з ёй, і дасылаю ёй пазітыўную энергію, каб яна пратрымалася. Ва ўсіх ад Святланы была эйфарыя. Яна змагла дагрукацца да нашых сэрцаў і абʼяднаць нас.
Улічваючы ўсе абставіны, як можна было б лепш беларусаў прадстаўляць на міжнародным узроўні, нават цяжка ўявіць.
У Нью-Ёрку ўсё было зусім іншага фармату, і Святлана была іншай, значна больш разняволенай! Мы там адчулі часцінку таго, што нашы адчувалі на маршах у Менску. І вядома, неймаверная Надзея ўсялілася ў нас зноў!»
«Я наведваў сябра ў Сіліконавай даліне, калі штаб абвясціў даты сваіх візітаў у гарады ЗША на наступны тыдзень. Падумваў ляцець на сустрэчу ў Нью-Ёрк і ўжо адтуль ехаць у Бостан, але вырашыў затрымацца ў Даліне і заспець візіт Святланы ў Сан-Францыска.
Хацеў паўдзельнічаць у сустрэчы, каб паказаць, што мы не абыякавыя. Паказаць гэта і беларусам на радзіме, і беларусам Амерыкі, і астатняму свету. Трэба працягваць аб’ядноўвацца, знаёміцца і падтрымліваць адзін аднаго. І такая сустрэча – найлепшая для таго нагода. Шмат беларусаў прыйшлі на такое мерапрыемства ўпершыню і былі вельмі радыя далучыцца да суполкі. Дакрануцца да гісторыі таксама хацелася.
Святлана ўвасабляе ўсе тыя падзеі, якія так краналі нашыя сэрцы за апошнія паўтара года. Таму сустрэча з ёй вельмі ўзрушвае ды хвалюе. Магчыма, з той жа нагоды падаецца, быццам мы асабіста знаёмыя і ўжо даволі даўно. На гербе ЗША ёсць дэвіз: «E Pluribus Unum» («З многіх – адзінае»). Чым болей нас прыходзіць на такія сустрэчы, тым лягчэй рухацца наперад».
«На сустрэчу вырашыла абавязкова прыйсці, бо гэтая сустрэча для мяне адназначна будзе мець гістарычнае значэнне. Святланай ганаруся і захапляюся. Вельмі моцная жанчына. Мне таксама падалося, што яна паспела зазірнуць кожнаму ў вочы. Гэта вельмі кранула».
«Мы вельмі ўзрадаваліся, што Святлана прыязджае да нас. Дзве гадзіны на аўтам – і мы на сустрэчы ў Лос-Анджэлесе! Гэта было неверагодна. Святлана Георгіеўна – сапраўдны лідар! Руплівая, спакойная, простая жанчына, якая стала надзеяй для ўсіх беларусаў. Мы давяраем ёй.
Быў незабыўны момант, калі мой муж уручаў Святлане сцяг беларусаў Сан-Дыега. Святлана ўбачыла заколкі з беларускім арнаментам у маёй дачкі Паліны і пачала іх церабіць. Магчыма, яна ўспомніла пра сваіх дзяцей. Я ніколі гэтага не забуду».
ДР belsat.eu