Крысціна Ціманоўская плануе пераехаць з Японіі ў Польшчу


Крысціна Ціманоўская.
Фота:kristi_timanovskaya / Instagram

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская падала дакументы на наданне палітычнага прытулку ў Польшчы. Пра гэта распавёў кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін, паведамляе «Настоящее время».

«Яна зараз знаходзіцца ў Токіа. Яна ўжо камунікуе з Міжнародным алімпійскім камітэтам і з прэсай. Ужо падала заяву на наданне палітычнага прытулку ў Польшчы, таму яна ўжо ў дарозе знаходзіцца. З ёй усё ў парадку, – кажа Апейкін. – Трымаецца добра, зразумела, што гэта стрэсавая сітуацыя не толькі для спартсмена, але і чалавека – апынуцца пад такім ціскам. Гэта маладая дзяўчына, на якую аказалі ціск дарослыя дасведчаныя функцыянеры».

Паводле Апейкіна, дзяўчына баялася вяртацца ў Менск, бо яе паказалі ў «разносных сюжэтах» «прапагандысцкіх каналаў».

«Еўрарадыё» паведамляе, што з Крысцінай Ціманоўскай таксама звязаліся прадстаўнікі ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Муж Крысціны Ціманоўскай пакінуў Беларусь і зʼехаў у Кіеў, паведаміў спартыўны журналіст Дзмітрый Навоша ў эфіры «Эха Москвы».

Між тым у Народным антыкрызісным упраўленні паведамілі, што Крысціна Ціманоўская толькі плануе звярнуцца ў амбасаду Польшчы ў Токіа з просьбай аб выдачы ёй нацыянальнай візы ў Польшчу. Аб гэтым дамовіліся кіраўнік НАУ Павел Латушка і намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.

Плануецца, што пасля прыбыцця ў Польшчу ёй будзе аказанае садзейнічанне з боку Федэрацыі лёгкай атлетыкі Польшчы для арганізацыі яе знаходжання і трэніровак у Польшчы. Таксама будзе разгледжанае пытанне міжнароднай абароны.

Артыкулы
Урад Японіі, Аргкамітэт Алімпіяды і МАК вывучаюць, чаму хацелі вывезці Ціманоўскую
2021.08.02 10:36

Нагадаем, што Крысціна Ціманоўская, паводле Міжнароднага Алімпійскага камітэту, «правяла ноч у гатэлі пры аэрапорце ў бяспечнай і абароненай абстаноўцы. Сам МАК зараз вывучае пытанне магчымых санкцыяў у дачыненні да Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў