Менскі аэрапорт хоча адкрыць авіяспалучэнне з Кубаю


Генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорту «Менск» Вячаслаў Харанека распавёў пра перамовы з венесуэльскай авіякампаніяй пра адкрыццё рэйсаў на Кубу. «Патэнцыял нашых турыстаў у Беларусі будзе», – сказаў ён у эфіры «Беларусь 1».

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 26 траўня 2021 года. 
Фота: Белсат

Кіраўнік менскага аэрапорту Вячаслаў Харанека паведаміў пра планы адкрыць беспасярэднія рэйсы на Кубу. Перамовы на гэты конт трываюць з венесуэльскай авіякампаніяй «Conviasa». Харанека мяркуе, што палёты на Кубу будуць запатрабаваныя турыстамі з Беларусі і Расеі:

«Вялікая праца была праведзеная з кампаніяй «Conviasa»: з пасадкаю на Кубе і беспасярэдні пералёт, хутчэй за ўсё, праз Тэгеран пойдзе яна на Менск сюды. Але гэта яшчэ прапрацоўваецца пытанне. Жаданне ёсць. І я мяркую, што патэнцыял нашых турыстаў у Рэспубліцы Беларусь таксама будзе. Расея таксама недалёка. Я думаю, калі будзе цікавасць, падцягнуцца турысты і з Расейскай Федэрацыі».

Харанека пахваліўся і працаю з авіякампаніямі Тайланду і В’етнаму ды рэйсамі ў Расею:

«Мы лятаем цяпер у Ніжні Ноўгарад, у Перм, у Калугу, Чарапавец. Сёння мы працуем у асноўным з расейскімі кампаніямі, таксама кампаніі ёсць у нас на прыкмеце, з якімі мы ўжо вядзем ліставанне, з некаторымі заключылі ўжо дамовы на ўзлёт-пасадку, гэта кампанія «Mahan Air». Працуем з кампаніямі Тайланду, В’етнаму».

Расея ўзнавіла 1 ліпеня рэгулярныя авіярэйсы з Масквы на Кубу. Пералёт у адзін бок каштуе мінімальна 600 долараў, працягласць рэйсу – каля 13 гадзінаў.

Пасля прымусовай пасадкі самалёта «RyanAir» у 2021 годзе краіны Еўразвязу і Украіна забаранілі беларускім авіякампаніям карыстацца сваёй паветранай прастораю. У выніку рэзка скараціўся пералік дзяржаваў, куды можна даляцець з Беларусі. Цяпер большасць рэйсаў з менскага аэрапорту выконваецца ў расейскія гарады.

Аналітыка
Ці здымуць з Беларусі санкцыі пасля памілавання Пратасевіча і Сапегі?
2023.06.09 15:13

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў