Суд у справе Соф'і Сапегі ў Расеі прызначылі на 24 траўня


Працэс у справе аб перадачы Соф’і Сапегі для адбывання пакарання ў Расеі пройдзе 24 траўня ў Прэсненскім раённым судзе Масквы, паведамляецца на сайце суда. У мінулым месяцы яе экстрадавалі з Беларусі ў Расею.

Соф’я Сапега ў судзе. Крыніца: spring96.org

Пасяджэнне будзе праходзіць у справе аб «перадачы грамадзяніна замежнай дзяржавы, асуджанага да пазбаўлення волі, для адбывання пакарання ў дзяржаве, грамадзянінам якой ён зʼяўляецца».

У справе, як і раней, фігуруе толькі артыкул аб перавышэнні паўнамоцтваў прыватным дэтэктывам або работнікам прыватнай ахоўнай арганізацыі пры выкананні імі сваіх службовых абавязкаў (ч. 1 арт. 203 КК РФ).

Скрыншот з сайту: mos-gorsud.ru

Нагадаем, у Беларусі Соф’ю Сапегу прызналі вінаватай у «Распальванні варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ) і «Незаконным зборы інфармацыі аб прыватным жыцці» (ч. 1 арт. 179 КК РБ). У Расеі адпаведнік першаму артыкулу – арт. 282 КК РФ, у якім самае жорсткае пакаранне – 6 гадоў пазбаўлення волі. Аднак на сайце суда пра «Распальванне варожасці» нічога не пішуць.

Каб Сапега пачала адбываць пакаранне ў Расеі, суд спачатку павінен разглядзець пытанне перакваліфікацыі артыкулаў з Крымінальнага кодэксу Беларусі на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэксу РФ, а таксама вызначыць выніковае пакаранне, якое трэба будзе адбыць.

Каментар
Соф’ю Сапегу збіраюцца экстрадаваць у Расею. Там яе пасадзяць ці адпусцяць?
2023.04.15 14:34

Палітзняволеную Соф’ю Сапегу, затрыманую разам з журналістам Раманам Пратасевічам у выніку захопу самалёта «Ryanair» у траўні 2021 года, асудзілі на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму за працу на тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі». Ёй адмовілі ў памілаванні, а таксама спачатку адмаўлялі ў экстрадыцыі ў Расею, грамадзянкай якой застаецца дзяўчына. Аднак 14 красавіка Генеральная пракуратура Беларусі задаволіла хадайніцтва Сапегі аб экстрадыцыі яе ў Расею для адбыцця пакарання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў