«Калі б вербаваў КДБ, пра гэта б дазналіся ўсе мае падпісанты ў Instagram – гэта ж весела»


Ці хвалюе лёгкаатлетку той факт, што вядомасць яна атрымала праз скандал на Алімпіядзе, а не дзякуючы спартовым дасягненням? І ці сапраўды думала, што ёй пагражала небяспека, калі б пасля Алімпіяды яна вярнулася ў Беларусь? А што пагражала ў Беларусі за дэмарш на Алімпіядзе? Дэтэктар хлусні праходзіць алімпійская спартоўка Крысціна Ціманоўская.

– І ці карыстаецеся гісторыяй у Токіа з матэрыяльнаю мэтаю?

– Не.

– Вы радыя, што гэтая гісторыя з вамі адбылася?

– Так.

Паліграф: ПРАЎДА 

 

– Як так атрымліваецца? Вы ў Польшчы, вы не можаце вярнуцца на радзіму, не можаце пабачыць сваіх родных, але радая, што гэтая сітуацыя адбылася?

– Таму што тая сітуацыя дала мне такі добры выспятак пад адно месца і прымусіла мяне шмат чаго ў жыцці пераасэнсаваць. І прынамсі пасля гэтай сітуацыі я пачала больш працаваць, пачала больш развівацца. І магчыма, я б не была на тым узроўні, на якім я цяпер, калі б гэтага са мной не здарылася. Гэта значыць, у Беларусі ў прынцыпе мне было больш-менш камфортна. Я там недзе працавала, так, трэнавалася, бегала, усё было нармальна, але будучы тут, даводзіцца працаваць у дзесяць разоў больш.

– Калі б паступіла прапанова вярнуцца цяпер у Беларусь і працягнуць там спартовую кар’еру, ці пагадзіліся б пры ўмове, што прапанавалі б 15 000 долараў заробку?

– Я адказала не, бо цяпер больш зарабляю.

– Мы цяпер даведаліся, што зарабляеце больш за 15 000 долараў.

– Калі казаць толькі пра спорт: кантракты, фундатары плюс заробак на камерцыйных спаборніцтвах, то гэта больш за 15 000.

– Вы хацелі б вярнуцца ў Беларусь?

– Як спартоўка – не. Як жыхарка Беларусі, можа быць, не вярнуцца назаўжды, але прынамсі хаця б прыязджаць туды, бачыцца са сваякамі.

– Гэта значыць, спартовую кар’еру вы б не жадалі таксама будаваць?

– Не.

– Чаму?

– Ну, таму што я цяпер змяніла грамадзянства і адбываю трохгадовы каранцін. То бок, калі разгледзець варыянт, што ў наступным годзе мяняецца ў Беларусі ўлада, і мы можам вярнуцца, я вяртаюся ў Беларусь, кажу, што я хачу змяніць спартовае грамадзянства, і зноў трохгадовы каранцін, і мне будзе, на хвіліначку, 30 гадоў, а гэта захад карʼеры. То бок у гэтым плане не мае сэнсу.

– А чаму вы змянілі грамадзянства? Якая матывацыя?

– Я хацела працягваць спартовую карʼеру.

– А вось на алімпіядзе ў Токіа? Вы лічыце, ці змаглі б паспяхова выступіць?

– Так.

– Узяць медаль?

– Медаль – не.

– Вы сапраўды лічылі, што вам пагражала небяспека, калі б пасля Алімпіяды вы вярнуліся ў Беларусь?

– Так.

Паліграф: ПРАЎДА

– Што магло б адбыцца?

– Мне сказалі так, што па прылёце ў Менск на выхадзе з самалёта мяне б унізе чакалі два чалавечкі, якія б мяне забралі і адвезлі туды, куды трэба. Спачатку на допыт, і потым мяне ўжо чакаў пакой у вар’ятні.

– Ці супрацоўнічалі калісьці з КДБ?

– Не.

Паліграф: ПРАЎДА

– Калі б была такая прапанова, пра гэта б даведаліся ўсе мае падпісанты. Я б проста не стала б гэтага хаваць. Гэта ж весела.

Стужка навінаў