Узяць крэдыт стане складаней? Што азначаюць змены закона «Аб крэдытных гісторыях»


У Беларусі з 1 красавіка зменены закон «Аб крэдытных гісторыях». З новай рэдакцыі вынікае, што некаторым будзе складаней атрымаць крэдыт. Акрамя таго, улады абяцаюць, што новаўвядзенні павінны абараніць беларусаў ад махляроў. «Белсат» разбіраўся, чаго чакаць ад зменаў.

банкаўскія паслугі
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Belinvestbank Official / Telegram

Крамы змогуць паведамляць аб вашай растэрміноўцы

У законе гаворыцца, што крэдытныя гісторыі беларусаў будуць фармавацца з большай колькасці крыніц. Раней звесткі збіраліся ад банкаў, мікрафінансавых арганізацый і лізінгавых кампаній. Цяпер да іх дададуцца звесткі ад фірмаў, якія прадаюць тавары і паслугі ў растэрміноўку. Праўда, даваць іх Нацбанку такія кампаніі могуць на добраахвотнай аснове.

Што гэта значыць для людзей спыталі эксперта.

«Напрыклад, крама дае растэрміноўку на куплю смартфона або аўтадылер – на аўтамабіль. Калі раней гэта ў крэдытнай нагрузцы не фігуравала, то цяпер гэта ўжо будзе вісець на чалавеку як дадатковая запазычанасць. А ў банкаў ёсць патрабаванні па выдачы крэдытаў, якія яны павінны жорстка выконваць. Натуральна, гэта паўплывае на агульныя магчымасці крэдытавання», – патлумачыла «Белсату» старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.

Гэта значыць, што сапраўды чалавек можа не атрымаць крэдыт або банк ухваліць яму меншую суму ў выпадку, калі ў яго ўжо ёсць растэрміноўка.

«Трэба разумець, што гэта робіцца не проста так. Бываюць сітуацыі, калі людзі набяруць растэрміновак, яшчэ возьмуць спажывецкі крэдыт і ў іх з’яўляецца праблема з вяртаннем сродкаў. Таму зразумелыя дзеянні цэнтральнага банку, каб засцерагчы і крэдытныя ўстановы, і тых пазычальнікаў, якія не ацэньваюць уласныя рызыкі па выплаце», – працягвае экспертка. – «Другі момант, які можа мець месца – тое, што цэнтральны банк у апошні час заяўляў, што крэдытаванне насельніцтва ідзе вельмі актыўна. Менавіта крэдытаванне з пункту гледжання банкаўскай сістэмы.

З улікам росту рэальных заробкаў і росту крэдытавання – гэта рызыкі для перагрэву эканомікі. Таму такое змяненне можа быць сёння ўскосным абмежавальнікам, які прытармазіў бы агульны тэмп росту спажывецкага крэдытавання, які ўзмацняе рызыкі перагрэву эканомікі».

Аднак кампаніі не абавязаныя, а толькі могуць паведамляць звесткі аб растэрміноўках.

«Можа, [улады] вырашылі паглядзець, як гэта будзе працаваць. Па сутнасці ёсць карткі растэрміноўкі, якія эмітуюцца банкамі – гэтая інфармацыя заносіцца ў крэдытную гісторыю. А растэрміноўка крамаў раней не заносілася. Па факце гэта зʼяўляецца скажэннем рэальнай інфармацыі на рынку. Цяпер вырашылі такім мяккім спосабам усё ж такі ацаніць агульную сітуацыю. Таму што статыстыка, якой валодае цэнтральны банк – гэта статыстыка фінансавай сістэмы, якая не закранае той жа рэтэйл, аўтадылераў», – кажа Анастасія Лузгіна.

Каментар
Схаваны перагрэў эканомікі. Тэмпы крэдытавання ў Беларусі застаюцца высокімі
2024.04.01 17:36

А што з абаронай ад махляроў?

Дэкларуецца, што некаторыя новаўвядзенні дапамогуць абараніць крэдытныя гісторыі людзей ад махляроў.  Беларус цяпер можа забараніць даваць камусьці сваю крэдытную справаздачу, таксама павінна быць «выключна мэтавае выкарыстанне крэдытных справаздач для нівелявання рызык злоўжывання звесткамі».

Як гэта можа працаваць на практыцы?

«І да прыняцця гэтага закона быў пэўны парадак: калі хтосьці хоча атрымаць інфармацыю аб субʼекце, трэба было атрымаць дазвол гэтага чалавека. Банкі гэта заўсёды рабілі. Напрыклад, калі вы падпісваеце дамову, там сказана, што будзе зроблены запыт аб вашай крэдытнай гісторыі. Аналагічна маглі запытаць дадзеныя нейкія юрыдычныя асобы. Можна меркаваць, што тут ёсць шчыліна для ашуканскіх схем.

Зараз фізічная асоба, у якой ёсць крэдытная гісторыя, можа накласці забарону на тое, каб даваць камусьці яго крэдытную гісторыю. Уявім, што чалавек наогул не збіраецца браць крэдыт. У табліцы Нацбанку будзе пазнака, што па гэтай фізасобе нікому нельга даваць інфармацыю. Гэта дадатковы фактар, які абмяжоўвае магчымасці для патэнцыйных ашуканцаў», – адзначае Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адно новаўвядзенне – фізасобы змогуць два разы на год бясплатна запытваць у Нацбанку звесткі аб сваёй крэдытнай гісторыі. Да гэтага быў даступны толькі адзін бясплатны запыт.

«Гэта проста пашырэнне магчымасці для тых, у каго ёсць крэдытная гісторыя. Напрыклад, хтосьці разглядае магчымасць узяць крэдыт, але не ведае, займацца гэтым ці не. Альбо нейкае пытанне ўзнікла ў банка, напрыклад, вы не пагасілі нейкую запазычанасць, але вы лічылі, што нічога такога няма. А, можа, засталася пеня па нейкім крэдыце. Ці вам сказалі, што ў вас дрэнная крэдытная гісторыя, вядома, цікава, што там. У такіх выпадках можна запытаць крэдытную гісторыю», – заключае Анастасія Лузгіна.

Каментар
«Стаўка ніжэйшая за інфляцыю». «Беларусбанк» раздае грошы на айчынныя лядоўні і тэлевізары
2024.02.26 15:42

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў