Эксперт: КДБ Беларусі важна паказаць сваю значнасць перад ФСБ Расеі і асабіста Лукашэнкам


На тэлеканале ОНТ паказалі чарговы фільм пра тое, як КДБ змагаецца з украінскімі дыверсантамі. Гэтым разам сілавікі адрапартавалі пра «зачыстку» ад агентаў украінскіх спецслужбаў поўдня Беларусі. Як паведамляюць прапагандысты, у студзені 2024 года там затрымалі 12 мясцовых жыхароў з Драгічынскага раёну. Як сцвярджае КДБ, яны займаліся нелегальнымі аперацыямі праз беларуска-ўкраінскую мяжу: па даручэнню ЗCУ перавозілі выбуховыя рэчывы і стваралі тайнікі на тэрыторыі Беларусі.

Дзмітрый Капуза паказвае месца ў лесе, дзе нібыта была схавана выбухоўка. Кадр з фільму тэлеканалу ОНТ.
Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Людзей затрымлівалі паказальна жорстка: на відэа сілавікі жорстка збіваюць затрыманых, якія не аказваюць супраціўлення, валяць іх з ног і працягваюць біць па тулаву і галаве. Паводле прапагандыстаў, такія метады абумоўлены «бягучым баявым становішчам» і прымяняюцца спецслужбамі «строга ў адпаведнасці з законам». Пэўна, яны нічога не чулі пра 16-ты артыкул КК Беларусі «Прэзумпцыя невінаватасці».

Аднаго з мужчын пры затрыманні падстрэлілі – яго паказалі з акрываўленай нагой. Прапагандысты паведамілі, што ён «аказаў актыўны супраціў, спрабаваў схавацца і ствараў пагрозу для жыцця супрацоўнікаў КДБ».

Кадр з фільму тэлеканалу ОНТ.
Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Параненым мужчынай аказаўся 35-гадовы жыхар Драгічынскага раёну Дзмітрый Капуза, які нібыта меў сувязнога на ўкраінскім баку мяжы. Сцвярджаецца, што ён за грошы «па заданні ЗСУ» разам з земляком-аднафамільцам Уладзімірам Капузам перапраўляў з украінскага боку мяшкі з выбухоўкай і хаваў у тайніках на тэрыторыі Беларусі.

Сілавікі затрымалі таксама і жонку Дзмітрыя Капузы Вольгу, яе таксама абвінавацілі ў тэрарызме. Жанчына нібыта фатаграфавала закладкі, зробленыя мужам, і разам з геалакацыяй адпраўляла ва Украіну.

Затрымалі таксама брата Капузы Аляксандра, які нібыта дапамагаў Дзмітрыю падключаць сімку для сувязі з украінцамі.

Затрыманне Уладзіміра Капузы. Кадр з фільму тэлеканалу ОНТ.
Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Выбухоўку з некаторых тайнікоў паспеў забраць былы супрацоўнік «Нафтану» з Наваполацку 52-гадовы Сяргей Ерамееў. Яго абвінавачваюць у падрыве цягнікоў на расейскім БАМе ў лістападзе 2023 года. Ён нібыта забраў частку выбухоўкі са схованак, якія зрабіў Капуза, схаваў у сябе ў гаражы ў Наваполацку, а потым пераправіў у Расею, дзе арганізаваў падрыў. Пасля гэтага ў Наваполацку пракацілася хваля затрыманняў людзей, якія маглі быць звязаныя з Сяргеем Ерамеевым.

У сюжэеце паказалі таксама затрыманых Яўгена Грука і яго жонку Лідзію. Мужчына нібыта перадаваў украінцам інфармацыю пра абстаноўку ў краіне. Па загадзе ЗСУ ён нібыта ездзіў у Расею, дзе сачыў за тэхнікай і вайскоўцамі, а таксама забраў пакет у адным з тайнікоў.

На ўсіх затрыманых завялі справу па артыкуле 289 частцы 3 «Акт тэрарызму ў складзе групы». Для мужчын па гэтым артыкуле максімальная мера – смяротнае пакаранне.

Hавiны
«Рабіў гэта па заданні СБУ». БТ паказала сюжэт пра затрыманых у Лельчыцкім раёне «дыверсантаў»
2024.02.17 08:24

«Мэта – не беларусы ці рэжым, а расейскія вайскоўцы і вайсковая тэхніка»

Гэты фільм выглядае так, нібыта яго рабілі «на каленцы» і хутчэй нагадвае страшылку. Але для каго? І навошта прапагандысты разам з КДБ чарговы раз здымаюць паказальнае «кіно»? За каментаром мы звярнуліся да вайсковага аналітыка, былога працаўніка ЗСУ Івана Ступака.

«Нават калі ўявіць, што гэтыя людзі з сюжэту сапраўды супрацоўнічалі з ЗСУ, трэба дакладна разумець: мэтамі такой дзейнасці не з’яўляюцца грамадзяне Беларусі ці нават рэжым у Беларусі. Гіпатэтычнай мэтай могуць быць выключна расейскія вайскоўцы, расейская вайсковая тэхніка, якая размешчаная на тэрыторыі Беларусі і выкарыстоўваецца супраць Украіны. Напрыклад, самалёты выведкі, расейскія вайсковыя фармаванні, рамонтныя базы. І гэта стала магчымым, таму што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для дапамогі Расеі. Закрыцца «у доміку» і засцерагчыся ад мераў у адказ на гэта з боку Украіны не атрымаецца», – адзначае Іван Ступак.

Эксперт звяртае ўвагу на яшчэ адзін важны момант: па яго словах, беларускаму КДБ вельмі важна паказваць сваю працу, значнасць перад ФСБ Расеі і Аляксандрам Лукашэнкам.

«Частка матэрыялаў у гэтым сюжэце прыцягнутая за вушы. Нейкіх момантаў магчыма не было і яны выдуманыя спецслужбамі, каб паказаць мы тут, мы працуем і атрымліваем свае заробкі не дарма», – разважае аналітык.

Кадр з фільму тэлеканалу ОНТ.
Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Чаму такіх дыверсантаў не ловяць на заходніх межах Беларусі? Эксперт перакананы: менавіта таму, што перад намі адбываецца паказальная гульня для Расеі.

«Хоць сотні шпіёнаў будуць лавіць з боку Польшчы ці Літвы, Расейскай Федэрацыі гэта абсалютна не цікава. Для Расеі важная Украіна, і ўсё, што адтуль ідзе, важна паказваць негатыўна. Таму КДБ Беларусі па палітычным загадзе «зверху» намагаецца падыгрываць Расеі: маўляў, вы ваюеце з Украінай, і мы таксама ваюем, вось, кагосьці затрымліваем. Гэта вельмі пазітыўна ацэньваецца ў Крамлі, магчыма, спрыяльна адбіваецца на нейкіх эканамічных узаемаадносінах: вы там змагаецеся, а мы вам за гэта дапаможам, напрыклад, дадзім газ па меншым кошце», – кажа Іван Ступак.

Аднак кошт такой гульні даволі высокі.

Напрыканцы аўтары прапагандысцкага сюжэту заявілі, што ў Беларусі «вельмі жорсткія падыходы па барацьбе з тэрарызмам», і нагадалі, што за яго пагражае смяротнае пакаранне.

«Усіх датычных да тэрарызму будзе чакаць ліквідацыя», – гаворыцца ў сюжэце.

Hавiны
КДБ апавёў пра «дыверсантаў СБУ» ў Беларусі: шасці асобам пагражае смяротная кара
2023.09.12 10:34

belsat.eu

Стужка навінаў