Лукашэнка агучыў новы хітры план захавання ўлады. Што ён азначае?


Незаконны кіраўнік Беларусі заяўляе пра пераразмеркаванне ўлады. Пра гэта і пра змены ў Канстытуцыю ён казаў на адмысловай нарадзе з вышэйшаю наменклатурай. З кім ён падзеліцца? Пра што прагаварыўся дыктатар і якія сапраўдныя намеры? Каментуюць Андрэй Ягораў і Анатоль Лябедзька.

Лукашэнка сабраў найбліжэйшае кола падначаленых, каб аб’явіць пра змяншэнне сваіх паўнамоцтваў. Маўляў, уплыў розных органаў улады будзе пераразмеркаваны, ато народ патрабуе змяншэння ролі прэзідэнта. Толькі штось пайшло не так. Дакладней, усё пайшло якраз так, як і бачыцца дыктатару.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Мы пераразмяркуем паўнамоцтвы, каб усе не думалі, што ўсё засяроджана ў руках прэзідэнта і ён прымае ўсе рашэнні. У прэзідэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія дазволяць уплываць на любое рашэнне ад нізу да верху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў прэзідэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з вялікімі паўнамоцтвамі».

То бок вы разумееце: у адну фразу нелегітымны кіраўнік Беларусі ўхітрыўся ўсунуць дзве абсалютна супрацьлеглыя тэзы. У гэтым, у прынцыпе, і ёсць уся сутнасць ягонага намеру.

Андрэй Ягораў, палітолаг, эксперт Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«У рэальнасці ніхто не збіраецца нічога размяркоўваць. Хутчэй, гэта такая спроба пра гэта пагаварыць, а ў рэальнасці нічога не мяняць. Асабліва калі гаворка не пра Канстытуцыю, а змены на ўзроўні законаў. Але гэта па факце нічога не вырашае, бо прэзідэнт можа выдаваць указы і дэкрэты, якія маюць прыярытэтнае значэнне перад законамі».

І нават у выпадку, калі фармальна нейкія паўнамоцтвы паміж органамі ўлады будуць кардынальна перадзеленыя, што ўсё роўна малаверагодна, грамадству нічога добрага ад гэтага чакаць не даводзіцца.

Анатоль Лябедзька, прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Лукашэнка выразна назваў субʼекты, паміж якімі гэтыя паўнамоцтвы будуць пераразмяркоўвацца: гэта прэзідэнт, урад, парламент, губернатары. Пераходзім да асобаў: Лукашэнка, Качанава, Андрэйчанка, Галоўчанка і ягоныя сямёра губернатараў. Гэта азначае, што пераразмеркаванне паміж сваймі, у межах адной закрытай сям’і, аднаго клану. Вось і адказ, ці прывядзе гэта да нейкіх кардынальных зменаў. Бо тут няма народу, няма грамадзяніна, няма падаткаплатніка і няма выбарніка. Паміж сваймі».

І яшчэ адна агаворачка па Фройдзе ад нелегітымнага кіраўніка Беларусі. Гэтым разам – пра сапраўдныя прычыны гэткай імітацыі бурнай дзейнасці.

Аляксандр Лукашэнка:

«Не Расея і не яе кіраўніцтва, як цяпер у Расеі прынята падкідваць гэтыя ідэі, прымушаюць Лукашэнку Канстытуцыю перарабляць. Ды не! Гэтым мы займаемся даўным-даўно».

Даўным-даўно вядома, што разумець падобныя выказванні варта дакладна наадварот. Вы ж памятаеце, як Лукашэнка ўсіх пераконваў, што падчас апошняй сустрэчы не прасіў у Пуціна крэдыту, а перамовы прайшлі ў сяброўскай атмасферы даверу. Толькі выніку – ніякага. Адпаведна, цяпер прыходзіцца прыдумляць, якім чынам паказаць Пуціну рэальную актыўнасць, пры гэтым захаваць рычагі кантролю над усімі працэсамі ў краіне. Вось і пачынае ўзнікаць на парадку дня нешта кшталту казахскага варыянту – лукашызму без Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта.

ВІДЭА
Новыя канстытуцыі Лукашэнкі і Ціханоўскай: якія адрозненні?
2021.03.20 15:46

Андрэй Ягораў, палітолаг, эксперт Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Калі паўнамоцтвы парламенту будуць падвышаныя, прыйдзецца забяспечваць кантроль над ім нейкім іншым чынам, чым гэта робіцца цяпер проста за кошт таго, што ён не мае ніякіх паўнамоцтваў і дырэктыўна падпарадкоўваецца таму, што ўносіцца на абмеркаванне парламенту Саветам Міністраў ці Адміністрацыяй прэзідэнта, і проста галасуе за. Калі гэта будуць нейкія рэальныя палітычныя паўнамоцтвы, то тады трэба нейкім чынам забяспечваць большасць у гэтым парламенце, якая была б прапрэзідэнцкай».

Анатоль Лябедзька, прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Тут улада выкарыстоўвае расейскі досвед. Яны ствараюць сваю апазіцыю, якую запускаюць у палітычную сістэму, якая імітуе наяўнасць плюралізму ў краіне. А насамрэч будзе попыт на «Единую Беларусь» ці «За Беларусь», гэта партыя ябацькаўская, якая будзе асноўнаю палітычнаю сілай. І будуць нейкія камуністы, магчыма, беларускі аналаг Жырыноўскага і, магчыма, прапуцінская структура».

Айчынны аналаг Жырыноўскага, дарэчы, ува ўсю практыкуецца ў перайманні рыторыкі Уладзіміра Вольфавіча. Гаворка тут пра Алега Гайдукевіча, які ніколі разважлівасцю не вылучаўся, а цяпер дык увогуле як з аўтамата строчыць абразы на адрас беларускага грамадства, дэмакратычных палітыкаў і калектыўнага Захаду, не забываючыся спяваць оды Пуціну. Анансаванае стварэнне і карыкатурна-прарасейскай партыі «Саюз» з Лушчом і Дзерманам. Дый Камуністычную партыю Беларусі, здаецца, пакрысе дастаюць з нафталіну: выпісалі асабістую падзяку ад Лукашэнкі яе старшыні Аляксею Камаю. Аднак не факт, што гэткая тактыка рэжыму будзе мець поспех.

Анатоль Лябедзька, прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Сёння, калі мы гаворым пра грамадства, Лукашэнка якраз не мае гэтай унутранай легітымнасці. Гэта азначае, што няма даверу. Рабіць хоць якія-небудзь рэформы, ці канстытуцыйныя, ці якія-небудзь іншыя, у сітуацыі адсутнасці даверу – гэта тупік. І я не бачу абсалютна ніякіх інструментаў, якія прапаноўваў бы Лукашэнка, каб змяніць гэтую сітуацыю. Лукашэнка – гэта чалавек з мінулага. Ён прапануе нейкія праекты 20–30-гадовай даўніны. Яны абапіраюцца на савецкае мінулае. Гэта ўжо не прадасі».

ВІДЭА
Экс-амбасадар у Нямеччыне: Мы выходзім на фініш, чвэрць дарогі да перамогі
2021.03.29 16:02

Здаецца, што гэта вядома і ў атачэнні Лукашэнкі, аднак пакуль улады ўпарта працягваюць хаваць галаву ў пясок і праз усе каналы камунікацыі паўтараць як мантру: «Мы ўсё кантралюем, пратэстаў няма, абсалютная большасць людзей нас падтрымлівае».

Андрэй Ягораў, эксперт Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Асноўная стратэгія ўладаў Беларусі заключаецца ў тым, каб усіх кінуць: беларускае грамадства, Захад, Расею. То бок гэта зацягванне часу, абмеркаванне магчымых зменаў, анансаванне новых тэрмінаў, стварэнне камісіяў і гэтак далей. Але фактычна гэта зацягванне любых рашэнняў, непрыняцце іх. І спадзяванне на тое, што ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі нейкім чынам уціхамірыцца, людзі здадуцца».

Толькі не відаць ні жадання беларусаў здавацца, ні хмараў, з якіх бы на Лукашэнку чарговы раз раптоўна праліўся грашовы дождж. А тут яшчэ і ЗША анансавалі санкцыі супраць дзевяці дзяржаўных кампаніяў, што зусім не дадае пазітыўных прагнозаў рэжыму нават у кароткатэрміновай перспектыве.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» 01.04.2021

 

 

Стужка навінаў