Дапамога ўкраінскім уцекачам: многія краіны скарачаюць узровень падтрымкі


Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне шмат якія краіны свету актыўна ўключыліся ў дапамогу ўцекачам. З бюджэтаў выдзяляліся значныя сродкі. Украінцам прадстаўлялі жытло, вопратку, харчаванне, медычныя паслугі, удзел у інтэграцыйных праграмах, адзінаразовыя і штомесячныя грашовыя выплаты. Аднак апошнім часам усё больш краінаў заяўляюць пра змяншэнне памеру дапамогі, бо магчымасці ўтрымліваць такую колькасць людзей на працягу нявызначанага часу сканчаюцца. Паглядзелі, як змяняецца падтрымка ўкраінскіх уцекачоў у краінах Еўразвязу і Грузіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі спяшаюцца дадому з працы на фоне прасторы Stamba, дзе вісіць транспарант з надпісам «Слава Украіне!». Тбілісі, Грузія. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Польшча

Доступ да рынку працы і дапамога на дзяцей нароўні з грамадзянамі

Паводле інфармацыі Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, па стане на сярэдзіну лютага 2024 года ў Еўропе зарэгістраваныя каля 6 мільёнаў уцекачоў з Украіны. Большасць – у Нямеччыне: каля 1,2 мільёнаў чалавек. Польшча – на другім месцы з 956 тысячамі ўцекачоў. Далей ідуць Чэхія, дзе пражывае 381 тысяча ўкраінцаў, Вялікая Брытанія з 253 тысячамі ўцекачоў, Іспанія – там знаходзяцца 192 тысячы ўкраінцаў, Італія – 168 тысяч, Нідэрланды – 149 тысяч.

Першай краінай, якая сутыкнулася з вялізнай хваляй уцекачоў з Украіны ў 2022 годзе, стала Польшча – праз яе тэрыторыю і пункты прыёму ўцекачоў прайшла большасць украінцаў, якія пазней аселі ў іншых еўрапейскіх краінах.

Засталіся ў Польшчы 956 тысяч украінцаў, якія атрымалі часовую абарону. З іх 63% – жанчыны і дзеці. Большасць з іх – 59% – не плануюць ехаць далей у Еўропу, а калі і з’язджаць з Польшчы, то толькі назад ва Украіну.

У Польшчы ўкраінскія ўцекачы могуць пасля пацверджання асобы атрымаць нумар PESEL і доступ да рынку працы без дадатковых дазволаў. Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны польскі ўрад на падставе арт.31 Закону «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы» зацвердзіў адзінаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 300 злотых (прыкладна 75 долараў) на пакрыццё самых неабходных патрэбаў – ежу, вопратку, абутак, сродкі асабістай гігіены, аплату жытла. Атрымаць гэтую дапамогу могуць украінцы, якія ўехалі ў Польшчу пасля 24 лютага 2022 года, маюць нумар PESEL, заявілі пра намер застацца ў Польшчы.

Таксама ўрад Польшчы гарантаваў грамадзянам Украіны сацыяльную дапамогу на дзяцей нароўні з палякамі – доступ да праграмы 500+ (з 2024 года – 800+), а таксама выплату ў памеры 12 тысячаў злотых пры нараджэнні дзіцяці на тэрыторыі Польшчы.

Часовая абарона будзе працягнутая да канца чэрвеня 2024 года

Бясплатную дапамогу ўцекачам у Польшчы аказвае Фонд справядлівасці, якім кіруе Міністэрства юстыцыі. У фондзе можна атрымаць юрыдычную, псіхалагічную і матэрыяльную падтрымку, якая пакрые выдаткі на лячэнне, рэабілітацыю, лекі, талоны на харчаванне, набыццё вопраткі, абутку, прадметаў асабістай гігіены.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг ля расейскай амбасады з нагоды поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Варшава, Польшча. 24 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Украінцы, які ўцяклі ад вайны ў Польшчу, могуць скарыстацца бясплатнай дзяржаўнай медычнай дапамогай, а таксама набываць пэўны шэраг лекаў нароўні з палякамі. Таксама можна звярнуцца па бясплатную псіхалагічную дапамогу, якую прызначае адміністрацыя рэгіёну ці мэр гораду, дзе пражывае заяўнік. Падтрымку можна папрасіць у цэнтры сацыяльнай дапамогі ў горадзе знаходжання – там можна атрымаць харчовую дапамогу, гатовыя абеды, парады спецыялістаў, памяшканне для пражывання.

Дадатковую дапамогу з Дзяржаўнага фонду рэабілітацыі асобаў з інваліднасцю (PFRON) могуць атрымаць украінскія ўцекачы з інваліднасцю. Каб атрымаць гэтую падтрымку, трэба звярнуцца ў Павятовы цэнтр дапамогі сям’і.

Польскі ўрад стварыў адмысловы сайт, праз які ўкраінскія ўцекачы могуць папрасіць дапамогу, а ахвочыя дапамагчы – прапанаваць яе.

Ад пачатку вайны дзейнічала праграма дапамогі Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, але ў снежні 2023 года яна была закрытая. Па ёй можна было атрымаць грашовую дапамогу тым, хто знаходзіўся ў асабліва цяжкай сітуацыі. Гэтую падтрымку атрымалі больш за 320 тысяч чалавек.

Механізм часовай абароны ўкраінцаў быў уведзены ў дзеянне рашэннем Рады ЕЗ у сакавіку 2022 года на год. Потым ён быў працягнуты да сакавіка 2023 года, а ў кастрычніку 2023 года  падоўжаны да сакавіка 2025 года. У Польшчы, аднак, дзеянне спецыяльнай пастановы, якая датычыць уцекачоў, будзе працягнутае да 30 чэрвеня 2024 года, а для сем’яў, якія выхоўваць дзяцей, што ходзяць у школу, – да канца жніўня 2024 года. Урад можа працягнуць тэрмін дзеяння часовай абароны да 4 сакавіка 2025 года адпаведна з рашэннем ЕЗ, але пазней.

«Працяг тэрміну ад сакавіка да чэрвеня каштаваў больш за 1 мільярд 800 мільёнаў злотых. Так ці інакш гэта вялікія выдаткі для нашага бюджэту. Урад ужо працуе над чарговым працягам. Мы кажам пра працяг да тэрміну, вызначанага Еўрапейскай камісіяй. Калі ўрад гэта ўхваліць, то да наступнага году, але ён павінен прыняць канчатковае рашэнне», – сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв’ю «Украінскаму радыё» 20 лютага.

Да 30 чэрвеня Польшча плануе распрацаваць новыя правілы падтрымкі ўцекачоў. Сярод анансаваных змяненняў – скасаванне статусу ўцекача пасля выезду грамадзяніна Украіны з Польшчы нават на кароткі тэрмін – на свята ці ў адпачынак. Таксама ўцекачы будуць атрымліваць меншую дапамогу на дзяцей.

Нямеччына

Адна з краінаў з найбольшай дапамогай уцекачам

У Нямеччыне па стане на восень 2023 года пражывала найбольш украінскіх уцекачоў – амаль 1,2 мільёны чалавек. Краіна працягвае прымаць украінцаў, аднак не ва ўсіх землях. Самы вялікі пункт прыёму ўцекачоў знаходзіцца ў былым аэрапорце Tegel у Берліне, адтуль украінцаў рассылаюць па краіне. Іншыя пункты знаходзяцца ў землях Бадэн-Вюртэмберг, Баварыя, Гесэн, Паўночны Рэйн .– Вэстфалія, Саарладн, Цюрынгія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі фатаграфуюцца ля Брандэнбургскай брамы ў Берліне, Нямеччына. 25 лютага 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

На сённяшні дзень Нямеччына – адна з краінаў, якія прадстаўляюць найбольшую дапамогу ўкраінскім уцекачам. Сацыяльную падтрымку ў Нямеччыне ўкраінцы могуць атрымаць нароўні з грамадзянамі. Так, цэнтры занятасці плоцяць дапамогу па беспрацоўі, аплочваюць жытло, навучанне на інтэграцыйных курсах. Памер выплаты на аднаго чалавека складае 563 еўры на месяц, калі гэта сям’я – 506 еўраў на аднаго чалавека, ад 357 да 471 еўраў – дапамога на дзіця да 17 гадоў у залежнасці ад узросту.

Акрамя таго, дзяржава пакрывае выдаткі на медычную страхоўку, аплату жытла і часткова камунальных паслугаў, выдзяляе грошы на набыццё мэблі для дому і школьных прыладаў, аплочвае моўныя курсы. У бюджэце на 2024 год на дапамогу для ўкраінцаў будзе выдзелена ад 5,5 да 6 мільярдаў еўраў. На дапамогу ўцекачам Нямеччына выдае нашмат больш, чым украінцам, якія засталіся на радзіме – на іх выдалі 2,4 мільярды еўраў за два гады.

Больш жорсткія патрабаванні для беспрацоўных уцекачоў

Нямеччына плануе ў два разы скараціць федэральную дапамогу землям на пакрыццё выдаткаў на прыём і інтэграцыю ўцекачоў. Некаторыя нямецкія палітыкі заклікаюць скараціць выплаты да ўзроўню дапамогі ўцекачам з іншых краінаў.

Плануецца зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да беспрацоўных – яны будуць павінны рэгулярна справаздачыцца аб пошуку працы. На сённяшні дзень працуюць толькі 20% украінскіх уцекачоў. Агулам да катэгорыі працаздольных адносяцца каля 700 тысячаў з іх. Астатнія амаль 500 тысячаў – дзеці і людзі пенсійнага ўзросту.

Па словах сацыял-дэмакрата Маціяса Ендрыке, для ўкраінцаў у Нямеччыне стварылі «занадта камфортныя ўмовы».

«Ляжаць на канапе ўтульней, чым наведваць курсы нямецкай мовы», – заяўляў палітык.

Каб стымуляваць немцаў працаваць, нямецкі ўрад плануе запусціць праграму Job Turbo, у рамках якой можна будзе вучыць мову падчас працы. Першыя рэгулярныя курсы плануецца распачаць напрыканцы сакавіка 2024 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з Украінай ля Брандэнбургскай брамы ў Берліне з нагоды другой гадавіны расейскага ўварвання. Берлін, Нямеччына. 24 лютага 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Таксама сярод апошніх змяненняў – увядзенне сістэмы плацёжных картаў для ўцекачоў. На карту будзе пералічвацца большая частка дапамогі, абналічыць яе будзе немагчыма. Наяўнымі можна будзе атрымаць толькі каля 100 еўраў.

Дэпутат бундэстагу Родэрых Кізевэтэр заяўляў, што ўцекачы, якія надаюцца да ваеннай службы, павінны вярнуцца ва Украіну.

Немцы стаміліся ад дапамогі?

У Нямеччыне ад самага пачатку вайны вялікая колькасць людзей уключылася ў дапамогу ўкраінцам. На падтрымку ўцекачоў гуманітарным арганізацыям  была ахвяраваная вялізная сума. Аднак цяпер сярод украінцаў назіраецца пэўная стомленасць.

«Былі людзі, якія дапамагалі падчас свайго адпачынку ці на выходных. Але цяпер шмат хто больш не можа, адрываючыся ад сваёй працы і звыклых справаў, дапамагаць украінцам», – казала Ульрыке Лесіг з берлінскай арганізацыі «Be an Angel», якая за 11 месяцаў 2023 года эвакуявала з Украіны больш за 18 тысяч чалавек.

Паводле Лесіг, у Нямеччыне ўсё яшчэ шмат тых, хто гатовы дапамагаць і ахвяраваць грошы, але адчуваецца, што сілы на сыходзе.

Згодна з апытаннем ARD DeutschlandTrend, якое было апублікавана ў пачатку студзеня 2024 года, 41% немцаў лічаць, што іхная краіна выдзяляе Украіне занадта шмат фінансавай дапамогі.

Нарвегія

Адмена дапамогі на дзяцей у першы год пражывання

Нарвегія прыняла больш за палову ўкраінцаў сярод усіх скандынаўскіх краінаў.

Надоечы нарвежскі ўрад зацвердзіў рашэнне аб узмацненні кантролю за прыбыццём і знаходжаннем украінцаў на сваёй тэрыторыі, а таксама аб змяншэнні фінансавай дапамогі. У прыватнасці, украінцы, якія пражываюць у прыватных дамах, больш не будуць атрымліваць грашовую дапамогу. Таксама будзе зменшаны памер штомесячнай грашовай дапамогі.

Таксама плануецца адмяніць дапамогу на дзяцей за першы год пражывання ў краіне – пакуль што гэтыя грошы можна было атрымаць за ўвесь першы год падчас працягу дазволу на жыхарства, а далей ужо штомесяц. Урад прапаноўвае адмяніць выплаты за першыя 12 месяцаў.

Размяшчэнне ў гатэлях больш не будзе прадстаўляцца ўцекачам, якія вырашылі ехаць у іншае месца, акрамя Нацыянальнага цэнтру прыбыцця ў Радэ. Агулам прасіцеляў прытулку будуць цяпер размяшчаць пераважна ў звычайных цэнтрах прыёму ўцекачоў.

Выплаты на вяртанне дамоў

Для атрымання адзінаразовай фінансавай дапамогі ў памеры 93 тысяч крон (8 200 еўраў) трэба будзе пражыць у Нарвегіі як найменш год. Таксама ў Нарвегіі будуць стымуляваць уцекачоў да інтэграцыі праз актыўны ўдзел у інтэграцыйных праграмах і пошук працы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калядны трамвай у цэнтры Осла, Нарвегія. 21 снежня 2023 года.
Фота: Fredrik Varfjell / Ritzau Scanpix Norway / Forum

Нарвежскі ўрад плануе кантраляваць паездкі ўкраінцаў на радзіму, якія могуць стаць падставай для анулявання дазволу на жыхарства. Нарвегія не выключае іншых змяненняў, калі колькасць украінцаў, якія прыязджаюць у краіну, будзе расці.

Цяпер грамадзяне Украіны з часовай абаронай у Нарвегіі атрымліваюць выплаты ў памеры прыкладна 650 еўраў на дарослага і 250-350 еўраў на дзіця. Падчас інтэграцыйнай праграмы выплачваюць каля 1400 еўраў у месяц на жытло і камунальныя паслугі. Таксама Нарвегія выплочвае 1500 еўраў на вяртанне дамоў.

Ірландыя: дапамога змяншаецца, ААН заклікае да асцярожнасці

У Ірландыі напрыканцы студзеня 2024 года абвесцілі, што дапамога можа быць зменшаная з 220 еўраў на тыдзень да 38,80 еўраў, калі яны знаходзяцца ў дзяржаўным жытле, напрыклад, у гатэлях, якія аплочвае дзяржава. Уцекачы з дзецьмі будуць атрымліваць 29,80 еўраў на дзіця на тыдзень. Чакаецца, што новаўвядзенні закрануць новапрыбыўшых украінцаў.

Пасля выезду з дзяржаўнага жытла ўцекачы будуць мець права на больш высокія выплаты.

Таксама новапрыбыўшыя ўцекачы атрымаюць доступ да бясплатнага жытла ад дзяржавы толькі цягам 90 дзён пасля прыезду ў краіну. Пасля гэтага людзям трэба будзе шукаць дах над галавой самастойна.

Колькасць людзей, якія едуць у Ірландыю з Украіны, значна скарацілася праз анансаваныя змяненні. Агулам у Ірландыю прыбылі больш за 100 тысяч украінцаў з лютага 2022 года.

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў прызнала праблемы Ірландыі з размяшчэннем украінскіх уцекачоў, аднак адначасова заклікала да пошуку варыянтаў развязання праблемы, бо ў людзей можа не хапіць магчымасцяў на самастойны пошук і аплату жытла.

Грузія: 17 долараў дапамогі на месяц

Па стане на кастрычнік 2023 года ў Грузіі знаходзіліся каля 27 тысячаў грамадзянаў Украіны, згодна з дадзенымі Упраўлення вярхоўнага камісару па справах уцекачоў. Гэтая лічба зменшылася на 11,6% у параўнанні з летам 2022 года.

Гуманітарны статус прадстаўлены 487 асобам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Тбілісі адбылася акцыя-шэсце Believe in Ukraine у падтрымку Украіны да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання РФ. Тбілісі, Грузія. 24 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Грузія выплочвае ўкраінскім сем’ям фінансавую дапамогу цягам трох месяцаў пасля прыбыцця ў краіну ў памеры 300 лары на сям’ю і дадаткова 45 лары (17 долараў) штомесяц на кожнага чальца сям’і. Атрымаць гэтую дапамогу могуць толькі ўкраінцы, якія прыехалі пасля 24 лютага 2022 года.

Прадпрымальнікам з Украіны Грузія выдала 21 грант для падтрымкі малога бізнесу ў памеры ад 5 да 9 тысяч долараў паводле праграмы CARE ўраду Нямеччыны і ПРААН. Акрамя таго, украінцы ў Грузіі могуць працаваць без адмысловых дазволаў.

Міністэрства аховы здароўя Грузіі выдзеліла каля 1,360 мільёнаў лары на фінансаванне медычнай дапамогі для грамадзянаў Украіны – большая частка сродкаў пайшла на аперацыі, лячэнне ў стацыянарах і рэанімацыю, а таксама дапамогу анкахворым.

Сярод прыярытэтаў Упраўлення ААН па справах уцекачоў у Грузіі – навучанне ўкраінцаў грузінскай мове, стварэнне Цэнтру сацыяльнай адаптацыі, які будзе працаваць са 150 найбольш уразлівымі сем’ямі з Украіны ў Тбілісі і Батумі, курс развіцця навыкаў прадпрымальніцтва для ўкраінскай моладзі (Save the Children).

Дзе яшчэ змяншаюць дапамогу і колькі грошай патрэбна ўцекачам

У Нідэрландах таксама хочуць урэзаць выплаты для ўкраінцаў – кіраўнік Рады бяспекі Ваўтэр Кольф прапаноўваў скараціць пражыткавы мінімум для ўкраінцаў.

Швейцарыя, якая ад пачатку вайны прадстаўляла сур’ёзную дапамогу  – сацыяльнае жытло, харчаванне, медычнае страхаванне, цяпер грашовымі выплатамі стымулюе вяртанне ўкраінцаў дамоў – аплочвае квіткі і выдае дапамогу да 4000 еўраў на ўладкаванне на радзіме.

Вяртанне дамоў украінцам вырашыла аплочваць таксама Чэхія. Уцекачам будуць купляць квіткі дамоў і ў асобных выпадках аплочваць жытло перад ад’ездам.

У Чэхіі зменшыўся тэрмін, які ўкраінцы могуць пражываць у бясплатным дзяржаўным жытле – цяпер ён складае 90 дзён. Пасля яго сканчэння давядзецца плаціць арэнду ці шукаць іншую кватэру. Раней уцекачы маглі жыць у сацыяльным жытле 150 дзён, а асобы з катэгорыі ўразлівых грамадзянаў – неабмежаваны тэрмін.

Упраўленне ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў заклікала сабраць больш за 4 мільярды долараў для аказання дапамогі ўкраінцам, якія засталіся ў краіне, і ўцекачам. У заяве Ўпраўлення гаворыцца, што 3,1 мільярды з гэтай сумы неабходныя сёлета для падтрымкі ўкраінцаў ва Украіне і 1,1 мільярд – для ўцекачоў. Паводле ААН, больш за 14,6 мільёнам чалавек – каля 40% насельніцтва Украіны – сёлета спатрэбіцца гуманітарная дапамога.

Акрамя таго, ААН заяўляе, што толькі палова дзяцей уцекачоў школьнага ўзросту пайшлі ў школы ў новых краінах жыхарства, а працу знайшлі 40-60% уцекачоў, большасць з іх уладкаваныя на працах, якія патрабуюць нізкай кваліфікацыі.

«Прымаючыя краіны працягваюць аказваць абарону і ўключаць іх у мясцовыя супольнасці, але шмат уразлівых уцекачоў па-ранейшаму патрабуюць дапамогі, – зазначыў вярхоўны камісар ААН па справах уцекачоў Філіпа Грандзі. – Яны не павінны адчуваць ціск адносна неабходнасці вярнуцца дамоў толькі праз тое, што не могуць звесці канцы з канцамі за мяжой».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў