У Менску затрымалі блогераў і адмінаў раённых чатаў


У Менску з раніцы 2 сакавіка сілавікі зладзілі масавыя затрыманні адміністратараў мікрараённых і профільных тэлеграм-чатаў. Вядома, што за кратамі – дзясяткі чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Масавыя затрыманні ў Менску. Сілавікі зладзілі затрыманні адміністратараў Telegram-чатаў мікрараёнаў і вуліцаў: Каменнай Горкі, Матусевіча, Першамайскага раёну, а таксама вольнага прафзвязу студэнтаў. Вядома, што ў раёне Каменнай Горкі затрыманыя не меней за дваццаць чалавек.

У Менску таксама вядома пра затрыманне Вольгі Такарчук, блогеркі, якая вядзе свой YouTube-канал.

Вольга Такарчук.
Фота: асабісты архіў

Акрамя таго, затрымалі Марыну Савянок. Відавочцы паведамляюць, што ейную кватэру ўзламалі, Марыну забралі ў кайданках, а ў кватэры без гаспадароў зладзілі ператрус.

 

Раніцай міліцыянты наведаліся дамоў да актывіста Руслана Літвіна. Паводле ягонай жонкі, Руслана затрымалі і забралі «за абразу супрацоўніка міліцыі». Нібыта мужчына пакінуў пад пастом у сацыяльных сетках непрыстойны каментар. Фігуруе ён у адміністратыўнай або крымінальнай справе, пакуль невядома.

Затрыманні ў рэгіёнах

Сёння раніцай у Берасці ва ўласнай кватэры затрымалі анархіста Аляксандра Казлянку. А 10-й раніцы кіраўніку юрыдычнай службы арганізацыі «За свой горад» патэлефанаваў брат Аляксандра, Зміцер, і паведаміў, што ў іхным доме адбыўся ператрус.

«Гэта быў сапраўдны напад, Змітра Казлянку паклалі тварам у падлогу, а самога Аляксандра затрымалі. Дзе ён цяпер – невядома. Таксама забралі тэхніку і тэлефоны. Яго абвінавацілі ва ўжыванні і распаўсюдзе наркотыкаў, але гэта смешна, Аляксандра ведаю 15 гадоў, і ён вядзе здаровы лад жыцця. Гэта не першае ўварванне сілавікоў у кватэру Казлянак, але гэтае было настолькі жорсткае, што бацькам Аляксандра прыйшлося выклікаць хуткую», – распавёў «Белсату» Валянцін Лазарэнкаў.

Hавiны
«Былі ўдары па ўсім целе». Архітэктара судзяць адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу
2021.03.02 12:34

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў