Доктара медцэнтру «Ладэ» затрымаў узброены спецназ – нібыта за сувязь з каналам «Nexta»


Падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы распаўсюдзілі інфармацыю пра затрыманне анестэзіёлага-рэаніматолага медычнага цэнтру «Ладэ», якога вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» і данатах.

Затрыманне доктара.
Фота: viasna96 / Telegram

Паведамляецца, што затрыманне жыхара Берасця праводзілі байцы атраду спецыяльнага прызначэння «Шторм» унутраных войскаў МУС. На відэа відаць, што спецназаўцы ўломваюцца ў кватэру ў поўнай амуніцыі і з аўтаматамі.

На відэа, знятым сілавікамі пасля затрымання, доктар кажа, што на яго склалі адміністратыўны пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У ягоным тэлефоне знайшлі падпіскі на незалежныя тэлеграм-каналы – «Хартыя», «Nexta», «Беларусь головного мозга», «Мая краіна Беларусь».

Акрамя таго, доктар нібыта пералічваў грошы на тэлеграм-канал «Nexta» і дасылаў інфармацыю ў бот зваротнай сувязі. Паколькі ўлады прызналі «Nexta» «тэрарыстычнай арганізацыяй», то гэты данат сілавікі абяцаюць кваліфікаваць як «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» – мужчыну можа пагражаць ад 8 да 12 гадоў зняволення. Сабраныя матэрыялы перададзеныя ў КДБ, паведамляе падкантрольны спецслужбам тэлеграм-канал.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў