Дырэктару газеты «Белорусы и рынок» выставілі канчатковае абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў


Дырэктару газеты «Белорусы и рынок» і медыяменеджару Канстанціну Залатых выставілі абвінавачанне, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Ён застаецца за кратамі больш як 8 месяцаў.

Канстанцін Залатых.
Фота: Беларусы і рынак

Канстанціна Залатых азнаёмілі з абвінавачаннем 31 студзеня. Неўзабаве справу перададуць у пракуратуру для скіравання ў суд.

Дакладны пералік артыкулаў, паводле якіх вінавацяць Залатых, пакуль невядомы. Паводле БАЖ, яго будуць судзіць паводле некалькіх артыкулаў КК, у тым ліку арт. 130 («Распальванне варожасці»), паводле якога Канстанціна і затрымалі мінулаю вясною. Максімальная санкцыя прадугледжвае да 10 гадоў зняволення.

Да заканчэння працэсу фігурант будзе заставацца ў менскім СІЗА № 1.

Нагадаем: супрацоўнікі КДБ 18 траўня 2022 года затрымалі дырэктара найстарэйшай эканамічнай газеты краіны «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно. Пасля допыту Александровіча і Кахно адпусцілі, а Канстанцін Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў Жодзінскім следчым ізалятары.

У пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў