У мяне сімптомы COVID-19, а ў паліклініцы - калапс. Што рабіць? Парады «еЗдароўя»


Канец студзеня і пачатак лютага адзначыўся вялізнымі чэргамі ў беларускія паліклінікі, дзіўнымі рашэннямі ўладаў, дзе-нідзе – знікненнем з продажу тэстаў на каронавірус. Рэч, падобна, у асаблівасцях новага штаму віруса SARS-CoV-2 – о-мікрон. Што рабіць, калі з’яўляюцца падазроныя сімптомы, а да доктара не трапіць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падзел на чыстую і брудную зоны ў адной з берасцейскіх паліклінік падчас пандэміі.
Фота: Белсат

Перадусім варта кансультавацца з прафесійнымі дактарамі. А калі ў паліклініку не трапіць без трохгадзіннай чаргі ў цесным памяшканні і калі да яе не датэлефанавацца?

Беларускія дактары мінулым летам запусцілі сэрвіс бясплатных онлайн-кансультацыяў «еЗдароўе». Але ўлады Беларусі амаль адразу заблакавалі сайт праекту Okdoc.me – трэба ўлучаць VPN.

Што яшчэ рабіць? Медыкі праекту «еЗдароўе» далі «Белсату» парады на выпадак, калі сімптомы COVID-19 ці вострай рэспіраторнай інфекцыі ёсць, а да доктара не трапіць і не дазваніцца.

«У сітуацыі, калі грамадскія інстытуты развальваюцца і чакаць дапамогі ад дзяржавы не выпадае, адказнасць за жыццё і здароўе яшчэ больш кладзецца на саміх грамадзянаў, – кажа адзін з лекараў. – Таму, калі ў вас ёсць сімптомы прастуды ці ВРВІ, але няма магчымасці здаць тэст, трэба меркаваць, што гэта найгоршы варыянт: ковід».

Hавiны
«Сітуацыя палыхае». Медыкі ды пацыенты распавялі, як у Беларусі выйшаў з-пад кантролю каронавірус
2022.02.01 22:41

З сімптомамі можна легальна не хадзіць на працу 3 дні. Такі пункт дадалі ва Указ аб падтрыманні эканомікі: без бальнічнага можна заставацца ўдома 3 дні. Але працадаўцу трэба ўсё роўна папярэдзіць, а бюджэтнікам не варта разлічваць, што за гэтыя дні выплацяць заробак. Гэты час можна скарыстаць, каб наведаць лекара ў інфекцыйнай зоне найбліжэйшай установы аховы здароўя (дыягназ COVID-19 там цяпер могуць паставіць без тэстаў на каронавірус).

І ў прынцыпе не варта хадзіць на працу з сімптомамі, падобнымі да вострай рэспіраторнай інфекцыі. Пры цяперашнім распаўсюдзе каронавіруса гэтыя сімптомы, хутчэй за ўсё, значаць COVID-19. Калі за 3 дні не зніклі, ісці з імі на працу не трэба. Калі не даюць бальнічнага, можна патрабаваць пісьмовую адмову выдаць бальнічны, прасіць у працадаўцы адпачынак за свой кошт. Нават калі тэмпературы няма, а сімптомы толькі «звычайнай прастуды» – закладзены нос, рэдкі кашаль і боль у горле, на працы трэба быць у масцы і/або трымаць дыстанцыю 1,5–2 метры ад іншых.

Як правільна насіць маску. Вясёлая інструкцыя. Выява: Белсат

Ёсць сімптомы, з якімі дакладна трэба звяртацца да лекараў. Калі тэмпература цела падымаецца да 38 градусаў і трымаецца больш за 3 дні, калі цяжка дыхаць і адчуваецца нястача паветра, калі начамі моцна патнееце, калі кашаль з макротаю гнойнага колеру і калі ёсць іншыя сімптомы, не ўласцівыя «звычайнай» рэспіраторнай інфекцыі, трэба звяртацца да адмыслоўца.

Хуткую дапамогу варта выклікаць не пры першым жа кашлі, а пры сур’ёзных сімптомах: калі ліхаманка (тэмпература больш за 38 градусаў) не збіваецца парацэтамолам або ібупрафенам, калі не пазбавіцца галаўнога болю, калі пачаліся вострыя болі ў сэрцы ці жываце, калі з’яўляецца задышка, сутаргі, слабасць і зняменне паловы цела, здараюцца страты прытомнасці або парушэнні маўлення і свядомасці, калі цягам содняў няма мачы пры дастатковым спажыванні вадкасці, калі насычэнне крыві кіслародам ніжэйшае за 92 % ці калі артэрыяльны ціск ніжэй за 90/60. Але выклікаць хуткую не варта, калі сімптом ужо знаёмы і з ім можна справіцца самастойна.

Дзеці таксама хварэюць на COVID-19. У большасці выпадкаў каронавірусная інфекцыя ў дзяцей спачатку выглядае так жа, як звычайная вострая рэспіраторная інфекцыя: магчымыя ліхаманка, болі ў жываце і ў цягліцах, дыярэя, сухі кашаль, сіпата, высыпка… Бацькам, калі доступу да лекара няма, варта даваць хвораму дзіцяці шмат піць, прамываць нос солевым растворам, даваць ад ліхаманкі ібупрафен ці парацэтамол (у дзіцячых дозах і паасобку, не чаргаваць іх), трымаць дзіця ў ізаляцыі ад іншых, ветрыць памяшканне. Не варта выкарыстоўваць супрацьвірусных прэпаратаў (яны супраць каронавіруса не працуюць), антыбіётыкі без парады лекара, мукалітычныя сродкі (амбраксол ці сіропы ад кашлю могуць зрабіць толькі горш), вітаміны (яны не паўплываюць на хваробу, а высокія дозы могуць пагоршыць сітуацыю).

Трывожныя сімптомы, пасля якіх дакладна трэба дамагацца ўвагі доктара да дзіцяці, – гэта незвычайная млявасць, задышка, паўторнае павышэнне тэмпературы пасля нармалізацыі. Варта памятаць, што і пасля выздараўлення могуць здарыцца постковідныя сімптомы, пры якіх спатрэбіцца шпіталізацыя.

Hавiны
Трапляюць у шпіталі з цяжкімі сімптомамі. З якога ўзросту можна вакцыянаваць дзяцей ад каронавіруса?
2021.11.29 07:40

Што рабіць сужыхарам чалавека з сімптомамі, падобнымі да ковідных? З пачатку 2022 года панятку «кантакт 1-га ўзроўню» ў Беларусі няма. Але тым, хто жыве разам з меркавана інфікаваным, варта звяртацца да лекараў пры з’яўленні сімптомаў. А калі сімптомаў няма і калі можна ізаляваць хворага ад здаровых, здаровым можна хадзіць на працу. Меркавана хвораму дакладна трэба пазбягаць кантактаў з людзьмі з групы рызыкі і невакцынаванымі.

Чароўнай таблеткі няма. Лекаў, якія б змагаліся наўпрост з вірусам SARS-CoV-2, пакуль не прыдумалі: толькі вакцыны (якія не дапамогуць, калі чалавек ужо захварэў) ды асобныя дарагія лекі, якія зніжаюць рызыку шпіталізацыі і смерці з COVID-19 (і тыя наўрад ці ўжываюцца ў Беларусі).

Застаецца сімптаматычнае лекаванне. Трэба спрабаваць самаізалявацца, трымаць дыстанцыю ад іншых, насіць рэспіратар без клапана ці аднаразовыя маскі пры выхадзе з месца заляцыі. Піць шмат цёплай вадкасці (30–35 мл на 1 кг вагі за дзень). Пры тэмпературы больш за 38 градусаў і моцным галаўным болю – парацэтамол-500 ці ібупрафен-400 (можна збіваць лекамі і ніжэйшую тэмпературу, калі дыскамфорт моцны). Калі закладзены нос і калі баліць горла – прамываць солевым растворам і арашаць гіпертанічным растворам марской вады, ужываць для носа кроплі кшталту «Пінасолу», для горла – спрэі кшталту «Інгаліпту», «Ларыналу» ці «Арасэпту». Пры з’яўленні кашлю – амбраксол. Пры з’яўленні задышкі і цяжкім дыханні – ляжаць на жываце з валікам пад ніжняй трацінай грудной клеткі. Піць вітаміны C і D, цынк і селен, рэгулярна ветрыць памяшканне.

Перад ужываннем любых лекаў лепей шукаць магчымасць пракансультавацца з лекарам або прынамсі ўважліва вывучыць інструкцыю (асабліва дозы і супрацьпаказанні). А ўжываць антыбіётыкі без прызначэння лекара дакладна не трэба, таксама не варта ўжываць розныя супрацьвірусныя сродкі без даказанай эфектыўнасці ці дакладна неэфектыўныя сродкі кшталту «Арбідолу».

Hавiны
Тры лекі, якія могуць стаць ратункам ад каронавіруса
2021.11.28 13:00

Трэба рыхтавацца да самаізаляцыі. Мець запас ежы і вады, гарачкапаніжальных сродкаў, а калі ёсць хранічныя хваробы – як мінімум тыднёвы запас лекаў ад іх. Набываць пульсаксіметр не абавязкова, але ён не пашкодзіць і каштуе не так шмат (100–300 рублёў, а аднаго хопіць на сям’ю). Калі ўжо давядзецца сядзець у самаізаляцыі, варта пакласці на бачнае месца спіс нумароў для экстраных выпадкаў (бацькоў ці дзяцей, хуткай дапамогі), трымаць пастаянную дыстанцыйную сувязь з блізкімі.

Вакцынавацца варта нават цяпер. Супраць штаму о-мікрон дзве дозы вакцыны ўжо недастаткова эфектыўныя – варта рабіць трэцюю, бустарную праз паўгода пасля першых дзвюх (у Беларусі яе робяць без пытанняў). Тым больш варта вакцынавацца тым, хто не мае ніводнай дозы (заходніх вакцынаў у Беларусь так і не завезлі, але расейскі «Sputnik» паказаў сябе дастаткова эфектыўным, ды кітайскія вакцыны слаба бароняць ад о-мікрона). Трэба памятаць, што вакцына абараняе ад заражэння не на 100 % (без вакцыны шанцы трапіць у шпіталь у дзясяткі разоў вышэйшыя), што пачынае дзеяць напоўніцу толькі праз 2 тыдні пасля ўвядзення другога кампаненту, што ў чарговую хвалю пандэміі высокія шанцы заразіцца ў чарзе па вакцыну, калі ў памяшканні няма належных санітарных умоваў.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

АА belsat.eu

Стужка навінаў