Генеральны сакратар АДКБ пра палітычны крызіс у Беларусі: Нашая арганізацыя гатовая надаць усялякую дапамогу


Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы не ўмешваецца ў сітуацыю ў Беларусі, але гатовая дапамагчы ў выпадку неабходнасці. Пра гэта піша «Интерфакс-Запад».

Паводле генеральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася, палітычны крызіс у Беларусі пакуль не пераадолены.

«Казаць пра вырашэнне палітычнага крызісу ў гэтай краіне заўчасна. Наперадзе вырашэнне вельмі важнага пытання – дасягненне грамадскай згоды і народнага адзінства», – сказаў ён.

Паводле Зася, Беларусь павінна сама пераадолець цяперашнія ўнутраныя цяжкасці. «АДКБ не ўмешвалася і не збіраецца ўмешвацца ў гэты працэс», – паведаміў генеральны сакратар.

«Вядома, нашая арганізацыя гатовая, у выпадку неабходнасці, надаць усялякую дапамогу беларускаму боку», – дадаў пры гэтым Зась.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка тлумачыць масавыя пратэсты ў краіне замежным умяшаннем і неаднойчы заяўляў, што АДКБ мусіць звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі. «Калі гаворка ідзе пра ваенны складнік, у нас ёсць дамова з Расейскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Якраз гэтыя моманты падыходзяць пад гэтую дамову», – заявіў ён яшчэ 15 жніўня 2020 года. У снежні на сесіі Савету калектыўнай бяспекі АДКБ Лукашэнка заклікаў чальцоў арганізацыі абʼяднаць намаганні для супрацьстаяння ціску і ўмяшання звонку.

Аб’ектыў
Лукашэнка разлічвае на дапамогу АДКБ
2020.10.15 23:31

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў