«Белдзяржстрах» адмовіўся распавядаць, на колькі застрахавалі хакейны ЧС-2021 у Менску

Летась Аляксандр Лукашэнка даручыў «Белдзяржстраху» застрахаваць правядзенне ў Менску чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Турнір адмянілі, але падрабязнасці страхавання застаюцца таямніцай.

Ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 10 ад 10 студзеня 2020 года «Аб рыхтаванні і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай» у пункце 2.12 гаворыцца, што дырэкцыя турніру «заключае з «Белдзяржстрахам» дамовы: добраахвотнага страхавання вымушанай адмены чэмпіянату свету як на сваю карысць, так і на карысць МФХ».

«Беларусь заўсёды эканоміць на страхоўцы, закладваючы мінімальна магчымы набор рызык. Таму пытанне, ці будзе такі перанос страхавым выпадкам. Страхоўка пакрывае выдаткі дырэкцыі ў справе правядзення ЧС. Наўрад ці яны перавысяць $ 300–400 тыс.», – паведамляў belsat.eu прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Анатоль Котаў, які раней займаў пасады генеральнага сакратара Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ды намесніка дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года».

Адзначым, што ў 2014 годзе ЧС па хакеі, як заяўлялася, Беларусь страхавала на $ 60 млн.

«Яскравы цвік у імідж мача». Колькі каштавала Беларусі адмена чэмпіянату свету?

У «Белдзяржстраху», які належыць дзяржаве, нам пацвердзілі, што кампанія мусіла застрахаваць чэмпіянат, але па дакладную інфармацыю параілі звяртацца афіцыйным зваротам. Мы даслалі запыт у «Белдзяржстрах» з просьбай пракаментаваць, ці была падпісаная дамова страхавання і на якую суму, а таксама ці будзе выплочвацца страхавая сума ў выніку адмены турніру.

У адказе з «Белдзяржстраху» belsat.eu паведамілі, што не могуць падаць запытаную інфармацыю.

«У адпаведнасці з артыкулам 836 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь страхаўшчык не мае права выдаваць атрыманыя ім у выніку сваёй прафесійнай дзейнасці звесткі пра страхавальніка, застрахаваную асобу і выгаданабытчыка, стан іх здароўя, а таксама аб маёмасным становішчы гэтых асоб, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. За парушэнне таямніцы звестак аб страхаванні страхоўшчык нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам», – гаворыцца ў адказе.

Адказ з «Белдзяржстраху. Фота: belsat.eu

Нагадаем, што правядзенне ЧС-2021 у Беларусі адмянілі 18 студзеня 2021 года.

Беларусь пазбавілі права правядзення чэмпіянату свету па хакеі

МГ belsat.eu

Hавiны