У Рэчыцы пасля затрымання і збіцця памёр 27-гадовы мужчына


Паводле інфармацыі, якой валодаюць праваабаронцы, у навагоднюю ноч 27-гадовы жыхар Рэчыцы памёр у прыёмным пакоі раённай лякарні пасля таго, як яго туды моцна збітым прывезлі міліцыянты.

Як распавялі «Палескай Вясне» сваякі памерлага, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня Дзмітрый Усхопаў ехаў да маці на святочную вячэру. На аўтобусным прыпынку яго затрымаў міліцэйскі патруль.

Дзмітрый Усхопаў.
Фота: palesse.press

Блізкія памерлага распавялі выданню «Флагшток», што Дзмітрый з сябрамі былі нападпітку.

«Да іх падышлі супрацоўнікі ППС, па словах відавочцаў, Дзімка аказаў непадпарадкаванне. Выклікалі аўтапатруль з падмогай. Яшчэ каля пяці чалавек было ў машыне. Дзміку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнеўматыкі, я дакладна не ведаю», – кажа суразмоўца выдання.

Праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыймальны пакой раённай лякарні ў стане клінічнай смерці. Калі яго пабачылі родзічы, адзенне на ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні круглая рана памерам каля 1,5 сантыметры. Запясці на руках, куды звычайна міліцыянты надзяваюць кайданкі, мелі сіні колер.

Сваякі Дзмітрыя Усхопава перакананыя, што яго моцна збівалі ў аддзеле міліцыі, а, калі ён перастаў падаваць прыкметы жыцця, замест таго, каб выклікаць хуткую дапамогу, аблівалі вадой і неяк спрабавалі самі рэанімаваць. Калі гэта ў іх не атрымалася, даставілі яго ў лякарню, дзе ён і сканаў.

«Яны яго забілі – міліцыя забіла», – заявіла «Нашай Ніве» маці загінулага Алена Міхайлаўна.

Смерць была зафіксавана ў 01:20 1 студзеня 2022 года.

«Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па ілжывай пастанове следчага тэрміновае ўскрыццё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзялення судмедэкспертызы і выклікалі следчага, нам паказалі цела», – распавялі «Флагштоку» сваякі.

Палітычнага складніку ў затрыманні і збіцці Дзмітрыя Усхопава ягоныя сваякі не бачаць, адзначаюць праваабаронцы.

Між тым, як піша выданне «Флагшток» са спасылкай на блізкіх памерлага, у цяперашні час на маці загінулага аказваецца ціск – у яе кватэры міліцыя збіраецца праводзіць ператрус. У міліцыі пакуль сітуацыю не каментуюць.

У Дзмітрыя Усхопава засталася 5-гадовая дачка.

Hавiны
«Ужылі фізічную сілу». У СК пракаментавалі смерць жыхара Рэчыцы пасля затрымання
2022.01.02 15:03

РР belsat.eu

Стужка навінаў