«BELPOL» выкрыў прапагандыстку і агента МУС, якія жывуць у Еўропе


Новае расследаванне арганізацыі былых сілавікоў «BELPOL» расказвае пра прапагандыстку беларускага ТБ, якая ўцякла ў Еўропу, і агента МУС, які зараз жыве ў Нідэрландах. Сцісла пераказаваем сутнасць расследавання.

Кацярына Жыляніна і Артур Палінскі.
Фота: скрыншот з відэа / BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS

«BELPOL» правёў расследаванне ў цесным узаемадзеяннем з дыяспарамі беларусаў і выявіў дзве цікавыя асобы, якія зараз пражываюць на тэрыторыі Еўразвязу.

Першая асоба – гэта мянчук Артур Палінскі, які мае шмат судзімасцяў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за крадзяжы, махлярствы і рабаўніцтвы. У 2020 годзе Палінскі быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі за крадзеж маёмасці. У выніку яму быў залічаны года знаходжання пад вартай з моманту затрымання, і яшчэ адзін год быў зняты ў выніку амністыі, абвешчанай 18 траўня 2020 года.

На думку расследавальнікаў «BELPOL» Артур Палінскі з’яўляецца агентам МУС, бо ў 2015 і 2016 гадах ён з’яўляўся супрацоўнікам ГПУ «Ларыскор» – арганізацыі, створанай для забеспячэння задач аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС РБ, усе супрацоўнікі гэтай кампаніі з’яўляюцца агентамі Міністэрства ўнутраных справаў. У сваіх расследаваннях сілавікі, якія перайшлі на бок народу, не аднойчы згадвалі дзейнасць гэтай кампаніі.

Зараз Артур Палінскі жыве ў Нідэрландах.

Другая асоба – гэта былая прапагандыстка беларускага тэлеканала «СТБ» Кацярына Жыляніна. Зараз яна пражывае на тэрыторыі Польшчы. У Варшаве жанчына адкрыла дзве фірмы і салон для пахудзення.

Былыя супрацоўнікі «СТБ» называюць Жыляніну рэжымнай прапагандысткай, якая ўваходзіла ў так званы «Пул першага» Аляксандра Лукашэнкі. Маецца інфармацыя аб тым, што ў 2020 годзе Кацярына Жыляніна мела непасрэднае дачыненне да адыёзнага прапагандысцкага тэлеграм-канала «Желтые сливы».

Рэпартаж Кацярыны Жылянінай на “СТБ”.
Фота: скрыншот з відэа / BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS

Акрамя таго, «BELPOL» у дадзены момант вядзе праверку ў дачыненні яшчэ сямі грамадзянаў, якія жывуць на тэрыторыі Еўразвязу і маюць легендаваныя дакументы ў Рэспубліцы Беларусь, так званыя «пашпарты прыкрыцця». Пра вынікі праверак «BELPOL» абяцае паведаміць дадаткова.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў