Святлана Ціханоўская выказала падтрыманне Марыі Калеснікавай


Медыі паведамляюць пра цяжкі стан Марыі Калеснікавай. Вядома, што яна надалей у рэанімацыі ў цяжкім стане, але цяпер у прытомнасці. Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская выказала словы падтрымання палітзняволенай і яе сям’і.

Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на адным з агітацыйных мітынгаў.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Марыю Калеснікаву шпіталізавалі 28 лістапада. Яе прывезлі ў гомельскую больніцу ў цяжкім стане. Паведамляецца, што ў Марыі прабадная язва. Вядома, што аперацыя прайшла паспяхова. Марыя ў прытомнасці, але ў цяжкім стане.

Святлана Ціханоўская адрэагавала на паведамленні пра аперацыю Марыі Калеснікавай.

«Больш за два гады ў Беларусі людзей катуюць у турмах. Я лічу сваім абавязкам распавядаць пра гэта, крычаць пра гэта як мага гучней – і не толькі пра тых, каго я ведаю асабіста, а абсалютна пра кожнага. Учора, калі я даведалася, што Марыя Калеснікава ў рэанімацыі, сэрца сціснулася яшчэ мацней.

Маша – сапраўдная лідарка і сімвал пераменаў для ўсёй Беларусі. Але яшчэ яна мая баявая сяброўка. Яна паказала мне, якімі моцнымі могуць быць жанчыны, заахвоціла паверыць у сябе, яна зараджала мяне і ўсіх навакольных верай у тое, што нам па плячы нават самыя складаныя выклікі. Нават з турмы Маша старалася падтрымліваць нас, перадавала цёплыя словы, падбадзёрвала, паказваючы, што яна не здаецца, значыць, мы тым больш не павінны апускаць рукі.

Няхай на адлегласці, але я моцна абдымаю цябе, мая родная. Здароўя табе і сілаў выбрацца з гэтага жаху. Зараз для ўсіх нас галоўнае – тваё здароўе.

Ад усёй душы – мая падтрымка сямʼі Машы, яе тату Аляксандру і сястры Тані Хоміч, а таксама Віктару Бабарыку і ўсёй ягонай моцнай камандзе».

Hавiны
Марыя Калеснікава апрытомнела. Ейнаму бацьку адмаўляюцца раскрыць дыягназ
2022.11.30 16:19

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў