Прэсінг і іншыя катаванні. Навошта рэжым працягвае ціснуць на палітвязняў


Нават пакараўшы сваіх апанентаў вялізнымі турэмнымі тэрмінамі і адміністратыўнымі арыштамі, рэжым Лукашэнкі працягвае аказваць на іх ціск, які інакш як катаваннямі не назавеш. Разбіраем з эксперткай, чым можа быць выклікана такая жорсткасць, што можа спыніць катаванні і якім чынам дапамагчы вязням.

Катаванні адбываюцца проста ў гэтыя хвіліны: Марыя Калеснікава ў рэанімацыі

Фота: Белсат

Адну з лідарак пратэстаў-2020 Марыю Калеснікаву сілавікі давялі да такога стану, што цяпер яна застаецца ў рэанімацыі шпіталю ў Гомлі, куды яе даставілі на хуткай дапамозе з хірургічнай паталогіяй. Яе прааперавалі, яна ў прытомнасці, але стан цяжкі. Калеснікаву ахоўваюць трое аўтаматчыкаў.

У больніцы чакае бацька, з дачкой ён яшчэ не размаўляў, а ягоныя размовы з дактарамі праходзяць пад наглядам міліцыі. Але нават бацьку не паведамляюць дыягназ Марыі. Паводле непацверджанай інфармацыі, у палітзняволенай прабадная язва.

У шпіталь Марыя трапіла са штрафнога ізалятару, якім яе пакарала адміністрацыя калоніі. Калі Калеснікаву змясцілі ў карцар і колькі дзён яна там заставалася, не ведае нават адвакат, бо яму не давалі сустрэцца з Марыяй, спасылаючыся на тое, што ад «асуджанай заяваў не паступала».

Абноўлена
Калеснікаву ў рэанімацыі ахоўваюць трое сілавікоў з аўтаматам – радыё «Свабода»
2022.11.30 14:54

За станам Марыі Калеснікавай з трывогай назірае ўвесь свет, ужо ёсць адпаведная заява ўладаў ЗША: «Рэжым у Беларусі нясе поўную адказнасць за здароўе і самаадчуванне Марыі Калеснікавай і 1440 іншых палітвязняў. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці».

Калеснікава пазбаўлена волі на 11 гадоў, яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў: «Змова з мэтаю захопу ўлады», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання» і «Публічныя заклікі да дзеянняў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы».

Невядомы лёс палітыка Міколы Статкевіча

Няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра стан здароўя і месцазнаходжанне палітыка і палітвязня Міколы Статкевіча, асуджанага да 14 гадоў зняволення. Ягоная жонка Марына Адамовіч б’е трывогу на сваёй старонцы ў Facebook. Адваката да яго таксама не пускаюць. З лістоў, якія дайшлі ад Статкевіча да жонкі, можна зрабіць выснову, што ён у медсанчастцы з пнеўманіяй.

«Мікалай – у медсанчастцы. У яго пнеўманія. Пасля трох ранейшых ковідаў. Я не хвалююся – я крычу», – напісала жонка палітвязня.



Мікола Статкевіч пісаў жонцы ў лісце яшчэ ад 10 лістапада пра тое, што «падчапіў нейкі вірус». Пры гэтым ён паведаміў, што на наступны дзень мусіць зноў накіравацца ў штрафны ізалятар, куды яго ўвесь час саджаюць за «парушэнне рэжыму». Хутчэй за ўсё, да медсанчасткі палітык таксама правёў «мінімум 10 дзён» у штрафным ізалятары. Марына Адамовіч моцна хвалюецца за роднага чалавека, відавочна, што стан ягонага здароўя адміністрацыя калоніі ігнаруе і ўтрымлівае вязня ў жорсткіх умовах.

«Што трэба было рабіць гэтыя два тыдні, наколькі трэба было ігнараваць стан чалавека, каб ён у выніку апынуўся ў медсанчастцы? І якім «кранальным» мусіць быць клопат пра ягонае здароўе зараз, каб не пусціць да яго адваката?».

Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам

Наста Лойка.
Фота: Белсат

28 лістапада трэці раз запар адміністратыўны арышт суд прызначыў праваабаронцы Насце Лойцы, якая застаецца на Акрэсціна больш за месяц. На мінулым судзе Наста распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзінаў, пасля чаго дзяўчына захварэла.

Hавiны
Трэці раз запар на 15 сутак. Чарговы прысуд для Насты Лойкі
2022.11.29 18:00

Насту затрымалі 28 кастрычніка. У той жа дзень на праўладных тэлеграм-каналах зʼявілася відэа, на якім яна «прызнавалася» ў тым, што нібыта «атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацыяў». Пазней Лойку двойчы  пакаралі 15-дзённым арыштам за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). За апошнія тры месяцы Насту затрымлівалі і знявольвалі паводле адміністратыўных пратаколаў некалькі разоў, але яна не збіралася з’язджаць з Беларусі.

На Акрэсціна фізічна знішчаюць святара Уладзіслава Багамольнікава

Жудасныя падрабязнасці даходзяць да грамадскасці з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна ў Менску аб тым, у якіх умовах і стане здароўя адбывае шосты запар адміністратыўны арышт святар Уладзіслаў Багамольнікаў. Пра стан Багамольнікава распавёў на сваёй старонцы ў Facebook былы навуковец Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Гаранін пасля вызвалення з «содняў». Гаранін быў у адной камеры з Багамольнікавым.



Паводле Гараніна, Уладзіславу Багамольнiкаву далі сёмы тэрмін адміністратыўнага арышту на Акрэсціна, што само па сабе ёсць катаваннем.

«Акрэсціна – гэта не турма, а ЦІП. Таму ўмовы там надзвычай жорсткія, нашмат горшыя за ўсе іншыя беларускія вязніцы і зоны. Гэта кшталту гаўптвахты былой савецкай арміі. Але ж на Акрэсціна доўга і не сядзяць! Чалавек такіх умоў фізічна не вытрымлівае», – паведаміў Гаранін у сацсетках.

Навуковец вельмі хвалюецца за стан здароўя святара і за ягонае жыццё: «Ён памрэ. Так, я ведаю пра «каруселі». І пра тое, што на Акрэсціна сядзяць шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але тры месяцы! Да таго, ж стан здароўя а. Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся, і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць».

Са словаў сукамерніка, айцец Уладзіслаў – чалавек мужны і трымаецца з годнасцю, падтрымлівае іншых.

«Зрабіць яму яны нічога не могуць. Таксама прадʼявіць яму па факце нічога не можна. Ну, адслужыў ён ліцію па Раману Бандарэнку – дык што? Гэта пастарскі абавязак. Таму яны яго забіваць фізічна», – выказаўся навуковец.

Пасля гэтай публікацыі невядомыя пачалі дасылаць Гараніну прыватныя паведамленні з пагрозамі.

Hавiны
Святара, які служыў паніхіду па Раману Бандарэнку, «перазатрымалі» шосты раз
2022.11.14 15:43

Айцец Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык прыходу менскага сабору Богаяўлення, сябра Епархіяльнага суда Менскай епархіі, выкладчык філасофіі ў Менскай духоўнай акадэміі. У 2020 годзе служыў літыю па забітым Раману Бандарэнку на плошчы Пераменаў і абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Гісторыі Марыі Калеснікавай, Міколы Статкевіча, Насты Лойкі і Уладзіслава Багамольнікава толькі некаторыя з шэрагу падобных гісторыяў, якія атрымалі публічнасць. З рэпрэсіямі і катаваннямі сутыкаецца вельмі шмат людзей, проста яны баяцца пра гэта паведамляць.

Наталля Васілевіч: У гэтага гвалту няма практычнай мэты

Даведка
Мадэратарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч.
Фота: boorbalka / Facebook

Пра жорсткае абыходжанне са зняволенымі і фактычныя катаванні «Белсат» паразмаўляў з мадэратаркай працоўнай групы «Хрысціянская візія» Наталляй Васілевіч. Група складаецца з хрысціянскіх актывістаў, адсочвае і надае галоснасці фактам пераследу перш за ўсё вернікаў розных канфесіяў у Беларусі з рэлігійных і палітычных матываў, парушэнню іх правоў у месцах зняволення.

«Няма прагматычнай мэты ў такога гвалту. Пытанні «навошта» – гэта пытанні рацыянальныя, а тут проста інстынкт, гэта як чалавек у злосці можа лупіць кулаком у бетонную сценку. Як раз’юшаны шалёны сабака, у якога вочы наліліся крывёй, які кідаецца на ўсё, што рухаецца, не бачачы ўжо ніякіх межаў. Гэта логіка нянавісці, логіка гвалту, у рэлігійным разуменні – апантанасць, залежнасць ад крыві, ад улады. Якая можа быць логіка ў маньяка?» – разважае Наталля Васілевіч.

Экспертка лічыць, што спыніць гвалт у турмах над палітвязнямі можна па дыпламатычных каналах і праз розгалас фактаў катаванняў.

«Як дапамагчы? Адзінае – напужаць ці падмануць, як падманваюць тэрарыстаў, ведучы з імі перамовы з адной мэтай – адцягнуць увагу, перайграць. Тут можа быць і тактыка добрага і дрэннага следчага, напрыклад. Гіпноз. Пагрозы. Гумар. Людзі гадамі вучацца ў дыпламатычных акадэміях, як весці перамовы, пэўна, цяпер час гэтыя веды выкарыстаць на практыцы», – лічыць прадстаўніца «Хрысціянскай візіі».

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь.
Фота: Белсат

Яшчэ адзін «рычаг уздзеяння» – дэманстрацыя рэжыму, што ўсе яго дзеянні і злачынствы бачныя, фіксуюцца і ім даецца адпаведная ацэнка. Аднак такіх дзеянняў цяпер якраз бракуе.

«На жаль, гэтага не адбываецца. У першую чаргу таму, што сітуацыя ў Беларусі цяпер у ценю вайны ва Украіне. У параўнанні з ваеннымі злачынствамі, ракетна-артылерысцкімі абстрэламі гарадоў, адсутнасцю вады, цяпла і электрычнасці сітуацыя ў Беларусі выглядае не так страшна, а Лукашэнка не выглядае такой пагрозай, якой выглядае Пуцін», – патлумачыла Васілевіч.

Пэўныя захады ў гэтым кірунку робіць і група «Хрысціянская візія», якая «ўсімі сіламі стараецца ўздымаць гэтыя пытанні праз рэлігійныя СМІ па ўсім свеце, праз экуменічныя арганізацыі, праз Святы Пасад, праз свае кантакты. Рэзананс ёсць, але ён нашмат меншы, чым мы разлічвалі».

Hавiны
Сілавікі заявілі пра першыя затрыманні за каментары пра смерць Уладзіміра Макея
2022.11.30 18:32

Васілевіч мяркуе, што пэўныя магчымасці і больш інструментаў дабіцца рэзананснага розгаласу ёсць у каманды Віктара Бабарыкі, што бачна ў сітуацыю з Марыяй Калеснікавай. Ёсць магчымасці дагрукацца да грамадскасці і ў праваабаронцаў, што бачна ў сітуацыі з Настай Лойкай.

«Аднак міжнародная супольнасць стамляецца. Калі пастаянна, ужо два гады запар, усё адное і тое – таго пасадзілі, тую катуюць, гэтага забілі – ужо прывыкаеш да такога; і калі няма паспяховых гісторый – проста адчуваеш бяссілле нешта змяніць, псіхалагічна стамляешся сачыць за лёсамі людзей і развіццём падзей».

Паводле Наталлі Васілевіч, прычынай катавання вязняў ёсць палітычны і псіхалагічны стан, у якім перабывае Аляксандр Лукашэнка. «Ён разумее, што ў яго больш няма магчымасці вярнуцца да хоць нейкай нармальнасці, ён фізічна адчувае нянавісць людзей да сябе, таму хоць нейкім чынам спрабуе вярнуць сабе кантроль над сітуацыяй». Васілевіч лічыць, што «паліталогія ўжо бяссільная, гэта кейс псіхіятрыі ці нават экзарцыстаў».

«І безумоўна, ён страшна баіцца. Баіцца Калеснікавай, баіцца Багамольнікава, баіцца таго, што ёсць людзі з моцным маральным і духоўным стрыжнем. Проста самім сваім існаваннем яны абнуляюць таталітарызм, не прагінаюцца, застаюцца пры сваім. Гэта пужае. Гэта значыць, што і гвалт усё-ткі бяссільны супраць такіх людзей. Іх не падпарадкуеш», – заявіла Васілевіч.

Актывістка звяртае ўвагу, што рэжым пераследуе людзей, якія прынцыпова не з’яжджалі, а Марыя Калеснікава нават фізічна супраціўлялася, калі яе спрабавалі вывезці за мяжу.

Нават за кратамі гэтыя людзі застаюцца палітычнымі і духоўнымі лідарамі. Святароў і праваабаронцаў не пускаюць на Акрэсціна, дык святар Уладзіслаў Багамольнікаў знайшоў магчымасць адкрыць цэлую капліцу ўнутры, ажыццяўляць пастырскую дапамогу многім людзям, якія там. А Наста Лойка свой арышт разглядала як праваабарончую місію – уключаны маніторынг умоваў утрымання адміністратыўна арыштаваных.

«То бок гэтыя людзі, нават трапіўшы ў турму, абыгралі ўлады», – падсумавала Наталля Васілевіч.

 

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў