Вынікі пошуку для:

Родныя Паўла Севярынца заклікаюць дапамагчы, каб палітвязня адпусцілі на пахаванне бацькі

Вольга Севярынец звярнулася да грамадзянскай супольнасці з заклікам дапамагчы, каб Паўла Севярынца адпусцілі на пахаванне бацькі. Кастусь Севярынец памёр у рэанімацыі 1 кастрычніка.

Вольга, жонка палітычнага вязня Паўла Севярынца, звярнулася да грамадзянскай супольнасці, арганізацыяў, дыпламатаў і проста добрых людзей з заклікам любымі спосабамі дапамагчы, каб на пахаванне бацькі Кастуся Севярынца адпусцілі з турмы Паўла.

25 траўня суддзя Магілёўскага абласнога суда Ірына Ланчава прызначыла сузаснавальніку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме – нават сваякам не дазволілі прысутнічаць на працэсе. Фактычна палітвязня пакаралі 7 гадамі зняволення толькі за тое, што ён публічна заклікаў да пратэстаў і крытыкаваў рэжым Лукашэнкі. У верасня Паўла этапавалі ў калонію ў Шклове.

Паўла Севярынца этапавалі ў Шклоў

Пахаванне Кастуся Севярынца адбудзецца ў ягонай роднай вёсцы – Унорыцы. Але ці адпусцяць Паўла, не вядома.

Каго з палітычных вязняў адпускалі з турмы на пахаванне

Адміністрацыі турмаў рабілі адзінкавы выключэнні для палітзняволеных, каб тыя маглі развітацца са сваймі роднымі. Гэтак, у 2008 годзе з турмы на тры дні вызвалілі Аляксандра Казуліна на пахаванне жонкі Ірыны.

Аляксандр Казулін, 2006 год. Фота: svoboda.org

У 2011 годзе чыноўнікі дазволілі палітычнаму вязню Дзмітрыю Дашкевічу развітацца з маці ў моргу ў Слуцку. Яго адпусцілі ўсяго на 30 хвілінаў, а канваіры прапусцілі ў залу развітання толькі 6 асобаў – сваякоў і блізкіх сяброў Дашкевічаў, а калі хлопца ўжо вывелі з залы, міліцыянты пусцілі да труны ўсіх астатніх.

Зміцер Дашкевіч. Фота: Белсат

Адваротных прыкладаў нашмат болей. У снежні 2005 года лідара прадпрымальніцкага руху Валерыя Леванеўскага не адпусцілі з калоніі на пахаванне бацькі.

У 2011 годзе Алесю Бяляцкаму таксама не дазволілі развітацца з бацькам. Першапачаткова суд Першамайскага раёну Менску дазволіў спатканне. Аднак у следчым ізалятары Жодзіна, дзе быў Бяляцкі, заявілі, што паперы аформленыя неналежным чынам. Акрамя таго, адміністрацыя заявіла, што не мае магчымасці канваяваць Бяляцкага ў Менск і арганізаваць бяспеку. Спробы перааформіць дазвол былі беспаспяховымі.

Алесь Бяляцкі. Фота: Белсат

У чэрвені 2012-га ў Барысаве памерла маці палітвязня Алеся Малчанава – Галіна Малчанава. Тады адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе ўтрымлівалі палітзняволенага, адмовілася адпусціць сына на пахаванне маці.

Пасля жнівеньскіх падзеяў летась стаўленне да палітычных зняволеных не змянілася: амаль усім, хто звяртаўся да чыноўнікаў з просьбаю адпусціць вязняў на развітанне з памерлымі роднымі, адмаўлялі.

Актывісту «Народнай грамады» Аляксандру Грачышнікаву не далі магчымасці развітацца з бацькам летам 2020 года.

Не адпусцілі на развітанне з бацькам палітычнага вязня Яўгена Афнагеля. На ягоны зварот следчыя нават не адрэагавалі.

Яўген Афнагель. Скрыншот з відэа. Белсат/ YoTube

Памёр бацька Паўла Севярынца

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны