Смерць бацькі Паўла Севярынца, масавае «мінаванне» школаў: галоўныя падзеі 1 кастрычніка


«Белсат» традыцыйна падводзіць вынікі дня. Пра самыя важныя падзеі пятніцы, 1 кастрычніка, чытайце ў нашым аглядзе.

У рэанімацыі памёр Кастусь Севярынец, бацька палітычнага вязня Паўла Севярынца. Бацькі палітвязня Паўла Севярынца хварэлі на COVID-19. Кастуся Севярынца паклалі ў больніцу. Яму было 69 гадоў.

Вольга Севярынец, жонка Паўла, звяртаецца да грамадзянаў з просьбаю любымі спосабамі дапамагчы, каб на пахаванне адпусцілі Паўла. Пахаваюць спадара Кастуся ў ягонай роднай вёсцы – Унорыцы.

Артыкулы
Родныя Паўла Севярынца заклікаюць дапамагчы, каб палітвязня адпусцілі на пахаванне бацькі
2021.10.01 12:45

Польскі Сейм прагаласаваў за працяг надзвычайнага становішча на беларуска-польскай мяжы. Адмысловы рэжым падоўжылі на два месяцы.

Надзвычайнае становішча Польшча ўвяла 3 верасня ў прымежнай зоне шырынёю 3 км, што закранула 115 паселішчаў у Падляскім ваяводстве і 68 – у Люблінскім. Сярод іншага, яно азначае забарону на правядзенне масавых і забаўляльных імпрэзаў, дзяжурства паліцыі ва ўзмоцненым рэжыме, правяранне дакументаў. На названай тэрыторыі не могуць быць асобы, якія там не жывуць, не працуюць ці не вучацца.

Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў дзве чарговыя НДА – Беларускі Хельсінкскі камітэт і Саюз беларускіх пісьменнікаў. У Беларусі засталася адна зарэгістраваная арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека – «Прававая ініцыятыва». 5-га кастрычніка Вярхоўны Суд разгледзіць пазоў і аб яе ліквідацыі.

Аб’ектыў
На 2 грамадскія арганізацыі менш
2021.10.01 22:48

У менскім Клубе імя Дзяржынскага развіталіся з забітым афіцэрам КДБ, які быў у групе асобаў, што ўварваліся ў кватэру забітага імі Андрэя Зельцара. З’явілася афіцыйнае паведамленне, што загінулы ў страляніне 28 верасня – супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Яму быў 31 год, у яго засталося 4-гадовае дзіця.

Генерал-маёр Алег Белаконеў падчас цырымоніі развітання з афіцэрам КДБ Дзмітрыем Федасюком заявіў, што ў адказ трэба забіць 20 ці нават 100 чалавек.

«У якіх сем’ях выхоўваліся гэтыя людзі? Я лічу, мы занадта мякка абыходзімся з імі і да іх падобнымі. Чамусьці яны дзеюць па-за межамі закону, а мы стараемся ўсё рабіць паводле закону. Паводле закону з імі размаўляць, паводле закону іх пераконваць, паводле закону іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго – 20, 100… Каб не было панадна нікому. Можа быць, груба, але шчыра», – сказаў былы кіраўнік Белаконеў.

Аб’ектыў
Улады заклікаюць помсціць
2021.10.01 22:40

У той жа час Вольга Зельцар, маці Андрэя Зельцара, загінулага ў перастрэлцы з сілавікамі ва ўласнай кватэры 28 верасня, распавяла, што дагэтуль не бачыла цела сына. Пра ход следства жанчыне нічога не распавядаюць.

ВІДЭА
Ігар Макар не выключае, што Андрэй Зельцар мог уцячы праз вакно
2021.10.01 14:14

1 кастрычніка 240 школ, а таксама дзясяткі вышэйшых навучальных і іншых установаў, у тым ліку Нацыянальная бібліятэка, Лепельскі райвыканкам і іншыя атрымалі паведамленні пра закладзеныя бомбы. У адной толькі Віцебскай вобласці праз гэтыя паведамленні былі эвакуяваныя больш за 5000 чалавек. Выбуховых прыладаў не было знойдзена.

Міністэрства аховы здароўя агучыла рэкордную колькасць памерлых ад ковіду за содні – 16 чалавек. Хворых стала больш на 1993 чалавекі.

У Грузіі затрымалі былога прэзідэнта краіны Міхаіла Саакашвілі. 1 кастрычніка ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ён ужо ў Грузіі, а напярэдадні заклікаў грузінаў ісці ў суботу 2 кастрычніка ісці на выбары, а ў нядзелю 3 кастрычніка сабрацца ў калоны і рушыць на Тбілісі. Да адной з такіх калонаў Саакашвілі абяцаў таксама далучыцца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў