Кіраўнік ГУР Украіны Буданаў: Вайна павінна быць перанесеная на тэрыторыю Расеі


Кірыл Буданаў лічыць, што вайна павінна быць перанесеная на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв’ю на канале «1+1» журналістцы Наталлі Масяйчук.

Кірыл Буданаў.
Фота: pravda.com.ua

Ідэю перанясення вайны на тэрыторыю Расеі Кірыл Буданаў назваў «цудоўнай». Тым самым кіраўнік украінскай выведкі фактычна запярэчыў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму, які адзначаў, што калі гэта здарыцца, то Украіна можа застацца адна, без дапамогі саюзнікаў.

Буданаў пры гэтым падкрэсліў, што Украіна не працуе такімі метадамі, якімі працуе Расейская Федэрацыя, таму «параўноўваць гэта будзе няправільна».

«Вайна павінна быць перанесеная на іншую тэрыторыю, якой, зразумела, для нас з’яўляецца Расея і іншыя тэрыторыі, дзе знаходзіцца іхны ўплыў, для таго каб іх расцягнуць і скаваць», – сказаў кіраўнік выведкі. І чым шырэйшыя маштабы будуць у гэтых аперацыяў, тым лепш, дадаў Буданаў.

Адначасова з гэтым Кірыл Буданаў звярнуў увагу на тое, што міжнароднай супольнасці варта было б звярнуцца да мовы «лічбаў і фактаў» і нарэшце прызнаць, што «шмат страхаў, звязаных з Расеяй і яе месцам і роллю, з’яўляецца нават не міфам, а «бурбалкай». І звяртацца з Расеяй трэба так, кім яна на самой справе з’яўляецца: «танным рэсурсна-сыравінным прыдаткам свету, з ядравымі боегалоўкамі».

Нагадаем, што раней у інтэрв’ю той жа Наталлі Масяйчук Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Украіна можа страціць падтрымку заходніх партнёраў, калі раптам вайна перакінецца на тэрыторыю Расеі. «Гэта вялікая рызыка, што мы дакладна застанемся адны», – сказаў украінскі прэзідэнт.

Тым не менш 31 жніўня Зяленскі зрабіў заяву аб тым, што ЗСУ паспяхова прымянілі зброю ўласнай вытворчасці і патрапілі ў цэль, якая знаходзілася на адлегласці 700 кіламетраў. Што гэта была за цэль, украінскі прэзідэнт не ўдакладніў. Вядома, што ад украінскай мяжы да расейскага Пскова акурат атрымліваецца 700 кіламетраў.

Нагадаем, што ноччу 30 жніўня дронамі быў атакаваны аэрадром у Пскове, у выніку чаго былі пашкоджаныя чатыры самалёты Іл-76 і склад з гаруча-змазачнымі матэрыяламі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў