«Вяселле на костках і крыві». Лукашэнка выдаў замуж сваю старэйшую ўнучку


Шлюб Вікторыі Лукашэнка.
Фота: Пул Первого / Telegramэнк

31 ліпеня ў шлюб уступіла Вікторыя, старэйшая ўнучка Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Telegram-канал «Пул Первого».

Паведамленне «Пула» стала адказам на публікацыю Антона Матолькі, у якой той паведаміў, што ў «Лебядзіным» Лукашэнка адзначае вяселле сваёй унучкі. Паводле яго, «п’янка на 400 гасцёў». Матолько таксама папрасіў дасылаць фота ўдзельнікаў святкавання.

Першым на гэта адгукнуўся паўафіцыйны «Пул Первого». Пры гэтым ён адзначыў, што запрошана не 400, а каля 70-і гасцёў.

Хто такая Вікторыя Лукашэнка?

23-гадовая Вікторыя – старэйшая дачка Віктара, сына Аляксандра Лукашэнкі. Яна самая старэйшая з сямі ўнукаў Лукашэнка.

Дзяўчына ў 2008 годзе знялася ў фільме «На спіне ў чорнага ката» разам з Філіпам Кіркоравым і Верай Паляковай, жонкай Уладзіміра Макея. У 2010 годзе яна згуляла ў расейскім серыяле «Варажба пры свечках». Вікторыя Лукашэнка скончыла менскую гімназію № 16 і платнае аддзяленне факультэту міжнародных адносін БДУ паводле спецыяльнасці «Сусветная эканоміка».

«Вяселле на костках і крыві»

Шлюб унучкі Лукашэнкі пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале палітолаг Павел Усаў, назваўшы гэта «вяселлем на костках і крыві».

«Беларусаў улада палохае NATO і санкцыямі, сістэма развязала поўнамаштабны тэрор супраць «ворагаў», насельніцтва заклікаюць да мабілізацыі, а тут проста пір і ажно на 70 персон (афіцыйна). Па ідэі на вяселлі павінна быць уся яго «дружына», – заявіў ён.

Паводле палітолага, «Лукашэнка вырашыў як султан гульнуць у самыя змрочныя для краіны часы», хоць «насельніцтва да крайнасці стомленае і раздражнёнае ўсімі яго выкрунтасамі, абсурднымі заявамі».

«Тым больш па яго ж словах супраць Беларусі развязана вайна, усюды фашысты, а тут «вяселле». Тут нават самаму апошняму ідыёту зразумела, што ва ўмовах «вайны» неабходна быць сціплым, берагчы кожную капейку і тым больш пазбягаць асабістых публічных святкаванняў. Але Лукашэнка працягвае жыць адарваным ад рэальнасці, ні Covid, ні выбары 20-га ні на ёту не змянілі яго свядомасці. Асабісты камфорт вышэй за ўсё, хоць крызіс не дазволены і сістэма далёкая ад стабільнасці», – мяркуе Павел Усаў.

На яго думку, сваімі дзеяннямі Лукашэнка «працягвае падкідваць дровы ў полымя, якое зжарэ гэтую сістэму і яго самога».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў