Галоўнае за дзень: высылка Ціманоўскай з Токіа, акцыі ў памяць аб забітых пратэстоўцах, рэкорд па мігрантах


«Белсат» падводзіць вынікі нядзелі, 1 жніўня. У нашым аглядзе – галоўнае за дзень.

Артыкулы
«Загадалі выдаліць відэа, калі хачу застацца ў спорце». Бягуння Ціманоўская баіцца трапіць у турму
2021.08.01 19:57

Тэмай №1 апошняга дня тыдня стала спроба гвалтоўнай высылкі беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай з Алімпіяды ў Токіа. 2 жніўня спартоўка мусіла бегчы дыстанцыю 200 метраў, але напярэдадні даведалася, што яе хочуць паставіць на эстафету 4х400 метраў. Ціманоўская раскрытыкавала дзеянні кіраўніцтва беларускай зборнай. У выніку ёй загадалі хутка сабраць рэчы і павезлі ў аэрапорт. Там лёгкаатлетка звярнулася па дапамогу да паліцыі. У выніку да вечара ішло разбіральніцтва, у 22.30 па беларускім часе дзяўчына яшчэ заставалася ў паліцэйскім участку. Навіна пра гвалтоўную высылку з Алімпіяды беларускай спартоўкі абляцела сусветныя медыі, Беларусь зноў апынулася ў цэнтры міжнароднага скандалу. Краны Еўразвязу прапанавалі Ціманоўскай сваю дапамогу. Сама ж спартоўка хацела прасіць аб прытулку Аўстрыю.

Hавiны
Гэта чарговы санкцыйны кейс. Выканаўчы дырэктар BSSF – пра сітуацыю з Ціманоўскай
2021.08.01 22:58

Літоўскія памежнікі затрымалі рэкордную лічбу мігрантаў, якія спрабавалі перайсці беларуска-літоўскую мяжу без адпаведных дакументаў – за паўдня 1 жніўня – 216 чалавек. Дагэтуль рэкорд быў 171 чалавек за содні. 31 ліпеня былі затрыманыя 144 мігранты, якія незаконна перасякалі мяжу з Беларуссю. Агулам з пачатку году літоўскія памежнікі затрымалі 3761 чалавека. З іх большасць называліся грамадзянамі Іраку.

31 ліпеня ў Кіеве каля будынку амбасады Беларусі ва Украіне прайшла акцыя памяці беларускага футбольнага фаната і пратэстоўцы Мікіты Крыўцова, які загінуў падчас беларускіх пратэстаў 2020 года. Пра гэта паведамляе Беларускі дом ва Украіне.

А 1 жніўня беларуская дыяспара ў Кіеве ў нядзелю правяла акцыю ў памяць пра забітага летась на плошчы Пераменаў менчука Рамана Бандарэнку, піша Радыё «Свабода». Менавіта ў гэты дзень, 1 жніўня – дзень народзінаў Рамана. Сёлета яму б споўнілася 32 гады.

Стала вядома, што Вярхоўны Суд Беларусі 3 жніўня пачынае разгляд справы Сакалоўскага Аляксандра Іванавіча, які абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»).

Як адзначае Reform.by, аб такім чалавеку і акалічнасцях справы праваабаронцы нічога не ведаюць. Справа № 1У213 разглядаецца ў закрытым рэжыме.

Заснавальніцу дзіцячага госпісу ў Горадні Вольгу Вялічку ўнеслі ў спіс Інтэрполу па патрабаванні беларускіх сілавікоў.

31 ліпеня ў шлюб уступіла Вікторыя, старэйшая ўнучка Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Telegram-канал «Пул Первого».

Hавiны
«Вяселле на костках і крыві». Лукашэнка выдаў замуж сваю старэйшую ўнучку
2021.08.01 11:25

Паведамленне «Пула» стала адказам на публікацыю Антона Матолькі, у якой той паведаміў, што ў «Лебядзіным» Лукашэнка адзначае вяселле сваёй унучкі. Паводле яго, «п’янка на 400 гасцёў». Матолько таксама папрасіў дасылаць фота ўдзельнікаў святкавання.

Першым на гэта адгукнуўся паўафіцыйны «Пул Первого». Пры гэтым ён адзначыў, што запрошана не 400, а каля 70-і гасцёў.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў