У Беларусі рэзка вырасла адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі


Белстат паведаміў, што ў студзені – траўні сёлета адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі год да года склала 1 млрд 354 млн долараў. У студзені – красавіку імпарт тавараў таксама перавысіў экспарт, аднак сума была меншая: 1 млрд 60 млн долараў.

Таварны цягнік едзе праз станцыю Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

У Беларусі паскорыўся рост адмоўнага сальда вонкавага гандлю таварамі. У студзені – красавіку сёлета год да года было, паводле ўдакладненых звестак Белстату, мінус 1 млрд 60 млн долараў. А за студзень – травень ужо мінус 1 млрд 354 млн долараў.

У параўнанні з пяццю месяцамі 2022 года адмоўнае сальда гандлю таварамі вырасла ў пяць разоў (тады было мінус 249 млн долараў).

Найбольш беларускіх тавараў пастаўляецца ў краіны СНД (імаверна, у асноўным у Расею): 11 млрд 173 млн долараў з агульнага экспарту ў 16 млрд 88 млн долараў. Гэта амаль 70%. Нагадаем, што да падзей 2020 года ўлады ставілі задачу паменшыць залежнасць ад Расеі і размеркаваць экспартныя патокі ў прапорцыі 30:30:30, маючы на ўвазе Расею, краіны ЕЗ і астатні свет. Што характэрна, задача гэта выконвалася. Так на пачатку 2019 года прапорцыя выглядала наступным чынам: 40:30:30. Зараз усе гэтыя вынікі знішчаныя.

Імпарт жа размеркаваўся прыкладна пароўну: 9 млрд 222 млн – з краінаў СНД, 8 млрд 221 млн долараў – з іншых дзяржаваў.

У параўнанні з леташнім студзенем – траўнем істотна вырас імпарт з краінаў па-за СНД, сальда ў гандлі з імі са станоўчага стала адмоўным. Сальда з краінамі СНД, наадварот, з мінуса выйшла ў плюс.

Як раней паведамляў Нацбанк, у студзені – красавіку сёлета сальда вонкавага гандлю з улікам тавараў і паслугаў год да года было яшчэ станоўчым: 203 млн долараў. Ці захаваўся прыток валюты ў Беларусь, пакуль не вядома: усё залежыць ад гандлю паслугамі, а інфармацыя пра гэта з’явіцца крыху пазней.

Аналітыка
Выратаваў калій. Аднаўленне экспарту ўгнаенняў дапамагло вонкаваму гандлю Беларусі не сысці ў мінус
2023.06.20 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў