Паліна Шарэнда-Панасюк – у Навінках, Ігар Аліневіч – месяц у ШІЗА. Хроніка рэпрэсіяў 1 ліпеня


Працягваем сачыць за палітычна-матываваным пераследам у Беларусі. Распавядаем пра рэпрэсіі ў першы дзень ліпеня.

Берасцейскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу супраць берасцейца, спартоўца Дзмітрыя Белямука. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў: ч.1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, іншай варожасці»).

Працэс вяла суддзя Руслана Сянько, дзяржабвінаваўца – Аляксандр Бацюшка. Пра прысуд выйшаў ролік на дзяржаўным тэлебачанні. Там пракурор Бацюшка паведаміў, што па ўсіх трох артыкулах суд прысудзіў Дзмітрыю тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў).

Паліна Шарэнда-Панасюк. Крыніца: spring96.org

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена ў «Навінкі». Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй. Паводле яго, 27 чэрвеня ім стала вядома, што Паліна ўжо ў аддзеле экспертыз у псіхіятрычным цэнтры «Навінкі».

Як кажа Андрэй, маці Паліны ўдалося перадаць прадуктовую перадачу, бо жанчына ўжо год наогул не ела садавіны і гародніны. Аднак лекі, якія жыццёва неабходныя для арганізма зняволенай, не ўзялі, спасылаючыся на тое, што «тут усё ёсць». Як удалося даведацца ўскосным чынам, перадачу з лекамі не ўзялі, бо «Паліна сябе дрэнна паводзіла».

Ігар Аліневіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Стала вядома, што палітвязня Ігара Аліневіча амаль месяц утрымлівалі ў ШІЗА. Актывіста анархічнага руху, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму 11 жніўня 2022 года. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Пазней Ігару ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў жодзінскую турму, дзе на палітвязня працягвае аказвацца ціск. Вядома, што ўжо некалькі разоў яго закідвалі ў штрафны ізалятар.

Андрэй Сачэўка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Палітвязня Андрэя Сачэўку ў калоніі змясцілі ў ШІЗА. У верасні 2022 года Андрэя асудзілі да 6 гадоў калоніі за каментары ў адным з гарадзенскіх тэлеграм-каналаў паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 КК РБ.

19 чэрвеня адміністрацыя бабруйскай калоніі змясціла Сачэўку ў ШІЗА на 10 содняў, а пазней працягнула тэрмін яшчэ на столькі ж. Паведамляецца, што ў атрад, у якім знаходзіцца палітвязень, прыйшоў супрацоўнік калоніі Навічыхін і наўпрост заявіў, што трое чалавек, у тым ліку і Андрэй, змяшчаюцца ў ШІЗА.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў