Дырэктар Сі-Ай-Эй пабываў з сакрэтным візітам ва Украіне і абмеркаваў планы завяршэння вайны


Дырэктар Сі-Ай-Эй Ўільям Бэрнз наведаў з сакрэтным візітам Кіеў, дзе яму расказалі пра планы завяршэння вайны – якія тэрыторыі і калі Украіна хоча вярнуць, каб падштурхнуць Маскву да перамоваў да канца года. Пра гэта паведамляе «The Washington Post».

Дырэктар Сі-Ай-Эй Уільям Бэрнз (William Burns).
Фота: cia.gov

Падчас паездкі, пра якую раней не паведамлялася, дырэктар Сі-Ай-Эй Ўільям Бэрнз сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і найвышэйшым кіраўніцтвам выведкі Украіны. Візіт прыйшоўся на крытычны момант канфлікту, калі ўкраінскія сілы з усіх сілаў спрабуюць атрымаць хуткую перавагу ў сваім контрнаступе, але яшчэ не разгарнулі большай часткі сваіх штурмавых брыгадаў, навучаных і абсталяваных Захадам.

«Дырэктар Бэрнз нядаўна ездзіў ва Украіну, як ён рабіў гэта рэгулярна з пачатку нядаўняй расейскай агрэсіі больш за год таму», – прыводзіць «The Washington Post» словы афіцыйнага прадстаўніка ЗША на ўмовах ананімнасці.

Адной з мэтаў візіту быў намер пацвердзіць прыхільнасць адміністрацыі Джо Байдэна абмену выведніцкімі дадзенымі, прызначанымі дапамагчы Украіне абараніць сябе.

Выданне паведамляе, што публічна ўкраінскія афіцыйныя асобы выказалі расчараванне ў сувязі з крытыкай тэмпаў контрнаступу. Але ў прыватным парадку Кіеў прадэманстраваў Бэрнзу і «аптымістычную ўпэўненасць» у намеры вярнуць сабе значную тэрыторыю да восені. Украінскія вайскоўцы збіраюцца перамясціць артылерыйскія і ракетныя комплексы да мяжы кантраляванага Расеяй Крыму і плануюць прасунуцца далей на ўсход Украіны, каб затым прыступіць да перамоваў з Масквой.

«Расея пойдзе на перамовы толькі ў тым выпадку, калі адчуе пагрозу», – прыводзіць «The Washington Post» словы высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка.

Паводле звестак выдання, Зяленскі і ягоныя военачальнікі сутыкнуліся з глыбока ўмацаванымі расейскімі войскамі ў акупаваных частках усходу і поўдня Украіны і трываюць надзвычайны ціск з боку заходніх краінаў, якія перад контрнаступам далі Кіеву сучаснае ўзбраенне і рыхтаванне на мільярды долараў.

Зяленскі прызнаў, што контрнаступ ідзе «павальней, чым хацелася б», а афіцыйныя асобы пацвердзілі знішчэнне некалькіх дадзеных Захадам танкаў «Leopard 2» і баявых машынаў «Bradley». Аднак міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што «галоўная падзея» яшчэ наперадзе, а галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі краіны генерал Валерый Залужны заклікаў да цярпення і заявіў, што наступленне вядзецца настолькі старанна, наколькі гэта магчыма.

Ідэальны сцэнар, ухвалены Кіевам, выглядае так: Збройныя сілы Украіны атрымаюць рычагі ўздзеяння на Расею, калі перамесцяць войскі і магутнае ўзбраенне на мяжу Украіны з Крымам ды возьмуць у закладнікі паўвостраў, дзе базуецца расейскі Чарнаморскі флот.

Аналітыкі адзначаюць, што калі Украіна атрымае магчымасць нацэліцца на дадатковыя важныя аэрадромы, масты, чыгуначныя каляіны і лагістычныя вузлы, гэта можа ўскладніць для Расеі вядзенне вайны.

Паводле звестак выдання, Кіеў мае намер скарыстаць у перамовах «фактар Крыму» – згоду не захопліваць паўвостраў сілай наўзамен на прыняцце Расеяй любых гарантыяў бяспекі, якія Украіна можа атрымаць ад Захаду.

Аналітыка
Поспехаў украінскага наступу амаль не відаць на мапах. Як гэта перажываюць украінцы?
2023.06.30 20:27

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў