Чаму не вызвалілі Арцёма Анішчука? Падобна, палітвязня «пераарыштавалі» незаконна


Асуджаны на два гады зняволення за «зацятае хуліганства» (пашкоджанне машыны міліцыянта) Арцём Анішчук меў выйсці на волю 29 чэрвеня. З прычынаў, не вядомых дакладна, яго пакінулі за кратамі. Спрабуем разабрацца, як так выйшла.

Арцём Анішчук да зняволення.
Фота: сямейны архіў Анішчукоў

«Справа пяцёркі» за машыну міліцыянта

Арцёма Анішчука, фігуранта «справы пяцёркі» нібыта за пашкоджанне аўта супрацоўніка дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Аляксандра Гейца ў Новай Баравой каля Менску, асудзілі да 2 гадоў калоніі. Пяцёх менчукоў затрымалі 29 верасня 2020 года. На відэа сілавікоў відаць, што пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю, пазней стала вядома, што затрыманых білі, катавалі электрашокерам.

Пры пашкоджанні аўтамабіля і пры затрыманні прысутнічалі каля дзевяці чалавек, на лаву падсудных трапілі пяцёра. Астатнія чацвёра – «нявызначаныя асобы» ці наагул адсутнічаюць у матэрыялах справы. Абвінавачаныя падазравалі, што гэтыя «нявызначаныя» былі сілавікамі.

Анішчук расказваў адвакату, што супраць яго чыніла фізічны і псіхалагічны гвалт адміністрацыя Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, што гэта адбывалася пастаянна з часу ягонага прыбыцця туды 17 красавіка 2021 года. У выніку ён «праглынуў металічныя прадметы з мэтаю пазбегнуць далейшых катаванняў» (Генеральная пракуратура заяўляла, што ён «проста хацеў трапіць у медычную частку»).

Таксама Анішчук казаў, што яго прымушалі пад дыктоўку пісаць сваякам лісты, нібыта ўсё добра, і пісаць адмовы ад сустрэчы з адвакатам. Допыты праводзіліся без следчага, у прысутнасці чатырох невядомых асобаў. У штрафным ізалятары ён правёў агулам 40 дзён.

Паводзіны адміністрацыі зняволены тлумачыў тым, што начальнік калоніі сябруе з пацярпелым у крымінальнай справе аб пашкоджанні машыны. Ён расказваў, што начальнік калоніі казаў «выбраць» сабе новы крымінальны артыкул: або «зацятае непадпарадкаванне», або «напад на супрацоўніка калоніі», пагражаў гвалтам яму і сям’і.

Артыкулы
Чаму за кратамі рэжуць вены і глытаюць лыжкі? Тлумачыць былы вязень, які рабіў так шматкроць
2021.06.05 18:23

Чаму не вызвалілі?

Праваабаронцы паведамлялі, што супраць Анішчука пачалі крымінальную справу за «зацятае непадпарадкаванне» ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15 – прыблізна праз месяц пасля таго, як яго туды змясцілі. Але пракуратура пастанавіла спыніць гэтую справу, прызнаўшы незаконным пакаранне Анішчука змяшчэннем у «памяшканне камернага тыпу», ды справу чамусьці не закрылі. Затым яго перавялі ў Бабруйскую калонію № 2.

Новую справу, пішуць праваабаронцы «Вясны», пачалі 27 снежня 2021 года – паводле арт. 369 КК РБ за «абразу міліцыянта» ў закрытым чаце яшчэ ў верасні 2020 года. У канцы 2021-га ягоную жонку затрымлівалі, у яе правялі ператрус, прасілі даць паказанні супраць мужа. 20 траўня мужчыну зрабілі «падазраваным». Пасля чаго павезлі ў Гомель, дзе ён чакаў этапу, і 14 чэрвеня яго этапавалі ў следчую турму № 4. Пра той жа крымінальны артыкул піша супольнасць «Dissidentby»: сцвярджаюць, Анішчука арыштавалі паводле гэтага артыкулу ў вечар перад планаваным вызваленнем.

Праваабаронцы адзначаюць, што на момант гэтага «злачынства» з «абразаю міліцыянта» дзеяла старая рэдакцыя Крымінальнага кодэксу, якая не прадугледжвае ўтрымання пад вартай як меру стрымання. Паводле нашых звестак, варыянт з артыкулам за «абразу міліцыянта» найбольш імаверны, хоць і незаконны.

Аналітыка
Слова як злачынства. Чаму рэжым так жорстка карае каментатараў у інтэрнэце
2021.12.13 09:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў