Эманюэль Макрон: Трэба працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі


Выступаючы на міжнароднай канферэнцыі «Globsec» у Браціславе 31 траўня, Эманюэль Макрон заявіў, што трэба працягваць ціснуць на рэжым Лукашэнкі, каб не дапусціць уступлення Беларусі ў вайну ва Украіне.

Эманюэль Макрон.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Пры гэтым прэзідэнт Францыі падкрэсліў: ён не думае, што трэба быць больш агрэсіўнымі ў дачыненні Беларусі, было б памылкаю «браць на сябе ініцыятыву, распаўсюджваючы канфлікт на Беларусь».

Паводле Макрона, санкцыі, уведзеныя супраць беларускага дыктатара пасля 2020 года, падштурхнулі Беларусь бліжэй да Расеі.

«Мы паставілі яго [Аляксандра Лукашэнку] у пастку ў руках расейцаў», – цытуе прэзідэнта Францыі тэлеканал TVP.

Макрон адзначыў, што сёння адбываецца размяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусі, але Беларусь не бярэ ўдзелу ў вайне і не размяшчае войскаў, салдатаў і тэхнікі ва Украіне.

Які падыход трэба было б прымяняць? Эманюэль Макрон мяркуе, што ён мае быць шматбаковым.

«Па-першае, [трэба] дапамагаць грамадзянскай супольнасці… Па-другое, прапанаваць ім перспектывы ў выпадку, калі яны будуць праводзіць перавыбары прэзідэнта. Па-трэцяе, аказваць ціск на існую адміністрацыю Лукашэнкі, пры гэтым прапаноўваючы [яму] магчымасці выхаду з сітуацыі, якая склалася. Калі вы абмяжоўваецеся санкцыямі і не даяце магчымасцяў выхаду, вы падштурхоўваеце людзей да таго, каб яны пакідалі ўсё так, як ёсць», – прыводзіць словы французскага лідара ТАСС.

Свае заявы, адзначае тэлеканал TVP, Эманюэль Макрон зрабіў на фоне прызнання, што не павінна быць рознагалоссяў паміж старой Еўропай і новай, то бок паміж заходнімі чальцамі Еўразвязу і краінамі былога камуністычнага блоку, якія далучыліся да Еўразвязу ў 2004 годзе. Адным з пунктаў гэтых рознагалоссяў была пагроза, што зыходзіла з Расеі, якую заходнееўрапейскія краіны адрынулі як русафобію.

Тым не менш, адзначае тэлеканал, нягледзячы на тое, што Макрон прадэманстраваў прагрэс у сваім разуменні Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, ён усё яшчэ не змірыўся з ідэяй таго, што постсавецкіх дыктатараў нельга ўлагодзіць, каб яны сталіся цывілізаванымі лідарамі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў