Праваабарончыя арганізацыі прызналі 5 новых палітычных зняволеных


Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці апублікавалі сумесную заяву аб прызнанні 5 новых палітычных зняволеных.

СІЗА №7 у Берасці.
Фота: МХ / Белсат

Усе пяць новых палітзняволеных – мужчыны. Яны пазбаўлены волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады і суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў.

Руслан Валюк быў асуджаны судом Смаргонскага раёну Гарадзенскай вобласці па арт. 188 КК («Паклёп») на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.

Па таму ж артыкулу быў асуджаны Арцем Кандрацьеў. Суд Аршанскага раёну Віцебскай вобласці пакараў яго 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ужо накіраваны для адбыцця пакарання.

Дзмітры Лукашэвіч – затрыманы, абвінавачваецца па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта і ч.2 арт. 339 («Хуліганства»), знаходзіцца пад вартай у СІЗА.

Андрэй Шарэнда таксама затрыманы, абвінавачваецца па тым жа артыкуле 368 КК («Абраза прэзідэнта») і артыкуле 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»), знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Сяргей Рудзінскі – асуджаны судом Аршанскага раёну Віцебскай вобласці па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Накіраваны для адбыцця пакарання.

Такім чынам на дадзены момант у Беларусі 454 чалавекі прызнаны праваабаронцамі палітзняволенымі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў