«Як снежны ком». Эканаміст распавёў, чаму праблемаў з дарогамі ў Беларусі будзе толькі больш


Калі раней буйныя інфраструктурныя праекты ў Беларусі ствараліся за кошт еўрапейскіх фінансавых інстытутаў, то цяпер грошай на гэта Менску ніхто не дасць. А самі дарогі з часам будуць толькі псавацца. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў эканаміст Аляксей Харкевіч.

Яма на дарозе ў Магілёве.
Фота: Mogilev Online / Telegram

Аляксей Харкевіч адзначыў, што раней інфраструктурныя праекты ў Беларусі ствараліся за кошт еўрапейскіх банкаў. Але пасля таго як сусветныя фінансавыя рынкі закрыліся для рэжыму ў Менску, «фактычна такой магчымасці няма». Дый надзея беларускіх чыноўнікаў на тое, што з будаўніцтвам дарог дапаможа Кітай, – «гэта пакуль толькі надзея».

«Любыя вонкавыя грошы прадугледжваюць цікавасць інвестараў. Кітайскі інтарэс – гэта магчымасць пастаўкі сваіх тавараў у Еўропу. Калі на тэрыторыі Беларусі будзе развітая інфраструктура, то Кітай у цэлым выйграе. Тое самае еўрапейскія грошы: яны зацікаўленыя ў тым, каб была развітая інфраструктура для гандлю паміж Еўропай і Расеяй, Кітаем. І гэтыя грошы абсалютна лагічна ішлі ў Беларусь, бо гэтая інфраструктура патрэбная была ўсім зацікаўленым бакам. А цяпер мы ўпершыню сутыкнуліся з такою сітуацыяй, калі з улікам дзейных санкцыяў гэтыя дарогі еўрапейцам тут і цяпер не патрэбныя. І ў Кітаю далей словаў пакуль справа не заходзіць. Калі не будуць адкрытыя межы з Еўропаю, то Кітаю гэта таксама будзе нецікава. І Расеі гэта будзе нецікава. Гэта значыць, развітая інфраструктура тут нікому не патрэбная», – мяркуе эканаміст.

Паводле суразмоўцы, якасць беларускіх дарог наўпрост залежыць ад вонкавапалітычнай сітуацыі. Але цяпер яны патрэбныя толькі беларусам.

«Але гэта вельмі дорага. І за кошт беларускіх падаткаплатнікаў гэта зрабіць нерэальна. Дарогі можна зрабіць у гарадах, але такія буйныя праекты выходзяць за межы бюджэтных магчымасцяў», – падкрэсліў Харкевіч.

«Проста няма сродкаў»

Тым часам дарогі і масты паступова занепадаюць.

Яма на дарозе ў Магілёве.
Фота: Mogilev Online / Telegram

«Гэта ўсё звязана з тым, што грошай на падтрыманне інфраструктуры ў бюджэце няма. А старыя апоры, стары асфальт так ці інакш зношваюцца. І таму проста няма сродкаў гэта ўсё своечасова абнаўляць. Гэта паступова назапашваецца, як снежны ком», – сказаў эканаміст.

Паводле суразмоўцы, з часам выдаткі на інфраструктуру быць усё большыя, месцамі рамонту даводзіцца чакаць дзесяцігоддзямі:

«І тымі тэмпамі, як мы ўсё абнаўляем, трэба разумець, што, хутчэй, будзе яшчэ большае пагаршэнне агульнай інфраструктуры. Бо абнаўленне ідзе больш павольна, чымся знос».

Без карупцыі нікуды

Закрануў эканаміст і пытанне карупцыі ў рамонце дарогаў, у прыватнасці падчас ямачнага рамонту. На ягоную думку, у Беларусі «склалася згубная традыцыя» першапачаткова не ўкладвацца ў якасць дарог, а рабіць іх такімі, каб потым быў патрэбны ямачны рамонт.

«Спецыфіка ямачнага рамонту заключаецца ў тым, што фактычна вылучаюцца сродкі на пэўную плошчу работаў. А колькі там будзе зароблена ямак і як яны будуць латацца, вырашаюць аператары. Таму ямачны рамонт для будаўнічых арганізацыяў – гэта вельмі выгаднае справа. На ім можна вельмі шмат заашчадзіць і зарабіць. Гэта асноўная прычына, на мой погляд, чаму ў нас так любяць ямачны рамонт», – адзначыў Харкевіч.

Паводле эксперта, такая сістэма ў Беларусі працуе дзесяцігоддзямі, «і ніхто мяняць гэта не збіраецца».

Аналітыка
Эксперт Уладзімір Кавалкін: Казкі пра дарогі Лукашэнкі скончыліся з еўрапейскімі грашыма
2023.04.05 21:12

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў