У судзе Партызанскага раёну Менску судзяць Ніну Багінскую


Падставай для складання пратаколу сталі нацыянальныя сцягі, якія забралі ў вядомай грамадскай актывісткі. Паколькі Ніна Багінская на суды прынцыпова не ходзіць, то пакуль не вядома, ці не даставілі яе туды прымусова. Інфармацыю пра гэта «Белсату» паведаміла крыніца ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты бяруць каментар у Ніны Багінскай пасля таго, як у яе адабралі сцяг. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

З крыніцаў «Белсату» вядома, што 20 сакавіка Ніна Багінская была ў кватэры сына, калі туды прыйшлі сілавікі з ператрусам. Яны забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама тры сцягі і плакат з Пагоняй, што належалі Ніне Багінскай.

У той жа дзень Багінская наведала Следчы камітэт, каб высветліць лёс забраных рэчаў. Яна падала заяву з патрабаваннем, каб усё аформілі паводле закону — маёмасць могуць забраць толькі пасля таго, як будзе на гэта адпаведная пастанова суда. Крыніцы «Белсату» паведамілі, што дзяжурны выклікаў у будынак Следчага камітэту міліцыянтаў і тыя затрымалі жанчыну. У аддзеле міліцыі Партызанскага раёну міліцыянты знялі маленькі значок з выявай нацыянальнага сцяга з каўняра паліто, у якое была апранутая Багінская. На яе склалі пратакол за «нашэнне экстрэмісцкай атрыбутыкі» і адпусцілі дадому. У выпадку, калі 1 красавіка Ніна Багінская не з’явіцца ў судзе, адміністратыўную справу будуць разглядаць завочна.

Ніна Багінская за сваю грамадскую дзейнасць была пакараная шмат разоў. Штрафы склалі такую суму, што ўлады апісалі ейную маёмасць, у тым ліку нерухомасць. Ейнае лецішча выстаўлялі на аўкцыён. Палова ўчастку і палова дому цяпер закрытыя для жанчыны, бо яна ўжо не можа імі распараджацца. Ніна Багінская неаднойчы выказвалася, што лічыць дзеі ўладаў у дачыненні яе беспадстаўнымі і незаконнымі.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў