Туры ў Чарнабаеўку, рэйкавая вайна і мастацтва за кратамі. Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках


Мастак Дэ Лёс разам з belsat.eu працягвае сачыць за расейскаю вайною ва Украіне і чарговай хваляю рэпрэсіяў у Беларусі. Як той казаў, і смех і грэх.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Своеасаблівым мэмам ваеннага часу сталася ўкраінскае паселішча Чарнабаеўка каля Херсону, дзе размешчаны аэрапорт. Як заяўляюць украінскія ўлады, Збройныя сілы Украіны ўжо 12 разоў разбілі там расейскія войскі, што спрабавалі заняць аэрапорт. Пры гэтым была знішчаная вялікая колькасць тэхнікі РФ і нават некалькі генералаў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

У Дзяржаўную думу РФ паступілі новыя законапраекты, якія закранаюць пытанні атрымання грамадзянства краіны і панятку «суайчыннік». Гэтак, прадугледзілі наданне статусу «суайчыннік» замежнікам, якія валодаюць расейскаю мовай. У адказ у сацсетках шмат хто пачаў ужо забываць яе.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

У Беларусі ж трывае абмежаванне свабоды слова. Вось выйшаў указ пра навінавыя агрэгатары. Цяпер ім, сярод іншага, забараняецца размяшчаць інфармацыю рэсурсаў, якія або заблакаваныя, або забароненыя ў Беларусі. Павінны яны выконваць і іншыя абмежаванні, якія раней датычылі толькі медыяў. Інакш, відаць, афіцыйную прапаганду ніхто зусім не чытае.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Мастакі за кратамі: цяпер гэта не толькі пра майстраў крымінальных тату. 30 сакавіка вядомаму мастаку Алесю Пушкіну, які і так год адседзеў у вязніцы перад судом, вынеслі прысуд – пяць гадоў калоніі. Працэс закрылі, а вырак датычыў партрэтаў беларускіх антысавецкіх дзеячаў. Судовыя крытыкі ўбачылі ў іх прапаганду нацызму.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Але, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, беларусы, як і 80 гадоў таму, працягваюць змагацца супраць акупантаў. За рэйкавую вайну супраць расейскіх войскаў толькі за апошні час затрымалі каля 30 чыгуначнікаў. А ў некаторых партызанаў сілавікі нават стралялі.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў