Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў


З самага пачатку расейскага ўварвання ва Украіну беларусы сталі псаваць чыгуначную інфраструктуру, каб перашкодзіць руху вайсковай тэхнікі агрэсара праз тэрыторыю Беларусі. Гэтыя дзеянні называюць рэйкаваю вайною, аналагічна з партызанскімі акцыямі масавага разбурэння чыгуначных камунікацыяў у гады нацысцкай акупацыі Беларусі. Belsat.eu распавядае, што вядома пра цяперашнюю рэйкавую партызанку.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Schäferle / Pixabay

«ByPol» і кіберпартызаны атакуюць

Першыя партызанскія акцыі адбыліся неўзабаве пасля пачатку вайны: 26–27 лютага на перагоне Вярхі – Вярэйцы, а таксама каля станцыі «Барысаў» былі знядзеяныя прыстасаванні сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання. 28 лютага на прыпыначным пункце «Сінява» каля Стоўбцаў знішчылі рэлейную шафу, а на перагоне Магілёў-2 – Буйнічы закарацілі рэйкавы цэп дрота.

У рэйкавую вайну адразу актыўна ўлучылася арганізацыя былых беларускіх сілавікоў «ByPol». Прадстаўнік ініцыятывы Аляксандр Азараў заявіў аб правядзенні «прамежкавых акцыяў простага дзеяння», накіраваных супраць тылавога забеспячэння расейскіх войскаў:

«Асобныя ячэйкі з удзельнікаў плану «Перамога» атрымалі інструкцыі для знішчэння транспартавай інфраструктуры на Беларускай чыгунцы». Азараў падкрэсліў пры гэтым: акцыі не нясуць пагрозы жыццю і здароўю беларусаў.

Атакавалі чыгунку і кіберпартызаны. Першая атака была яшчэ ў студзені, да вайны. Яшчэ дзве зладзілі пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну – 27 лютага і 2 сакавіка. На пэўны перыяд рух войскаў зусім спынілі, а аўтаматычнае кіраванне, паводле некаторых звестак, дасюль аднавілі толькі часткова.

Hавiны
«Кіберпартызаны» зрываюць расейскі наступ на Украіну. Як кожны можа дапамагчы хакерам – і ўкраінцам
2022.03.27 09:10

Паводле тэлеграм-каналу «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», праз рэйкавую вайну ў Беларусі ў пачатку сакавіка перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі для расейскіх войскаў. Праўда, замест гэтага тэхніку і боепрыпасы сталі перавазіць звычайнымі грузавымі цягнікамі, у тым ліку з парушэннямі захадаў бяспекі.

Ад знішчэння шафаў да падпалу бярвення

Найбольш распаўсюджаны фармат дыверсіяў у межах рэйкавай вайны – знішчэнне (падпал) рэлейных шафаў сігналізацыі, цэнтралізацыі ды блакавання (СЦБ). У «ByPol» адзначаюць, што кожная такая шафа каштуе каля $ 50 тысячаў, а рамантуюць дэталі – адзінкавыя ўстановы.

Паводле афіцыйнай заявы МУС, толькі ў ноч на 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Менскай вобласцяў зафіксаваныя тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання і блакавання чыгуначнага руху.

Ілюстрацыйны здымак. Рабочыя правяраюць рэйкі на Цэнтральным чыгуначным вакзале ў Менску.
Фота: АВ / Белсат

У прыватнасці, увечары 28 лютага на перагоне Астанкавічы – Жэрдзь спалілі рэлейную шафу СЦБ, у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку аказаліся ў непрацоўным стане. Па падазрэнні ў правядзенні гэтай акцыі 4 сакавіка ў Светлагорску затрымалі трох чалавек: Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава.

Сустракаюцца і прасцейшыя дыверсіі, якія не прадугледжваюць знішчэння абсталявання. У Стоўбцах у пачатку сакавіка затрымалі мужа і жонку, якія на чыгуначных шляхах падпалілі бярвенне, каб перашкодзіць руху цягнікоў. Паводле праваабаронцаў, затрыманыя – Сяргей і Кацярына Глебкі.

МУС пагражае знішчаць партызанаў

2 сакавіка намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч заявіў, што «любыя дзеянні» ў дачыненні чыгункі цяпер будуць кваліфікавацца як акты тэрарызму. Фактычна ён прыгразіў забіваць рэйкавых партызанаў:

«Рэакцыя будзе імгненнай і максімальна жорсткай. Як вядома, з тэрарыстамі нельга дамаўляюцца, іх можна толькі знішчаць».

3 сакавіка пазіцыю аб прызнанні тэрарыстамі ўсіх рэйкавых партызанаў пацвердзіла Генеральная пракуратура.

Улады наўмысна хлусяць, каб ачарніць і дэгуманізаваць партызанаў: яны сцвярджаюць, што мэта акцыяў на чыгунцы – гібель мірных людзей, тэхнагенныя ды экалагічныя катастрофы, распальванне вайны ў Беларусі. Хаця насамрэч акцыі партызанаў накіраваныя якраз на тое, каб спыніць вайну. Яны не ствараюць пагрозы сыходу цягнікоў з рэек, ад іхных дзеянняў не пацярпеў ні адзін чалавек.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ТК / Белсат

На шчасце, да фізічнага знішчэння, якім гразіў Казакевіч, справа пакуль не дайшла. Але сілавікі пераследуюць партызанаў з дэманстратыўнаю жорсткасцю. Напрыклад, на пакаянным відэа Дзяніса Дзікуна, якога падазраюць у акцыі на перагоне Астанкавічы – Жэрдзь, бачна, што хлопца моцна збілі пры затрыманні. Выглядаў збітым на міліцэйскім відэа і Сяргей Глебка са Стоўбцаў.

Партызанка працягваецца, украінцы ўдзячныя

Нягледзячы на запалохванне з боку сілавікоў, акцыі партызанаў не спыняюцца. 15 сакавіка сапсавалі рэлейную шафу СЦБ на перагоне Даманава – Лясная, 16 сакавіка – на перагоне Фарынава – Загацце, а 17 сакавіка – на станцыі «Ворша-Цэнтральная».

У ноч на 25 сакавіка дзве рэлейныя шафы спалілі на перагоне Барысаў – Навасады. Яшчэ дзве шафы былі спаленыя 28 сакавіка паміж прыпынкам «Савецкі» і станцыяй «Вярэйцы» («ByPol» абвесціў, што гэтую акцыю правялі ўдзельнікі плану «Перамога»).

На фоне новай хвалі дыверсіяў у сеціве з’явілася інфармацыя, што начамі на некаторых перагонах і станцыях пачалі дзяжурыць патрулі з вайскоўцаў унутраных войскаў. На Гомельшчыне і Берасцейшчыне ў патруляванні быў задзеяны спецназ в/ч 3214.

Як паведамляў тэлеграм-канал @bel_zhd, у ноч на 30 сакавіка на перагоне Савічы – Беразіно (участак Асіповічы – Гомель) рэйкавыя партызаны сутыкнуліся якраз з патрулём унутраных войскаў. Сілавікі пачалі страляць з баявой зброі, але партызаны ўцяклі. Адну рэлейную шафу яны ўсё ж паспелі падпаліць.

Важнасць партызанскіх акцыяў для спынення расейскай агрэсіі прызнаюць і ў Кіеве. 19 сакавіка кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандр Камышын намякнуў у інтэрвʼю тэлеканалу «Настоящее время», што дзейнасць рэйкавых партызанаў у Беларусі на пэўны час баявых дзеянняў прывяла да спынення чыгуначнага руху:

«Я не буду ўдакладняць дэталяў, але я ўдзячны беларускім чыгуначнікам за тое, што яны робяць».

Раней дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заклікаў весці рэйкавую вайну на часова акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці ў кірунку Гомель – Кіеў, каб сарваць пастаўкі расейскай тэхнікі. Генеральная пракуратура Беларусі імгненна распачала крымінальную справу супраць Арэстовіча, расцаніўшы ягоныя словы як «заклікі да актаў тэрарызму» на беларускай тэрыторыі. Прадстаўнік Офісу прэзідэнта Украіны, у сваю чаргу, нагадаў, што лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца расейскай агрэсіі, а таму ягоныя заклікі «абсалютна законныя з гледзішча міжнароднага права».

«Тэрарызм», «здрада радзіме», «шпіянаж»

Увесь сакавік у Беларусі працягваліся арышты і ператрусы ў межах «рэйкавай справы».

У пачатку сакавіка міліцыя паведаміла пра затрыманне 43-гадовага жыхара Асіповічаў (паводле праваабаронцаў, гэта Аляксей Шышкавец), прадпрымальніка, які нібыта планаваў зладзіць дыверсію на чыгуначных каляінах. Паралельна яшчэ аднаго рэйкавага партызана затрымалі ў Жодзіне.

6 сакавіка затрымалі 49-гадовага жыхара Віцебску, які нібыта з аднадумцамі планаваў прывесці ў непрыдатнасць праграмна-апаратнае абсталяванне. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @bel_zhd, затрыманы – працаўнік Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Сяргей Канавалаў. Паводле звестак рэсурсу, на мужчыну данёс намеснік начальніка прадпрыемства ў пытаннях ідэалогіі.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: Pixabay

17 сакавіка Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвесціў пра затрыманне двух жыхароў Мазыра: тыя нібыта падрыхтавалі кактэйлі Молатава і планавалі дыверсіі на чыгунцы падчас перавозу частак расейскай арміі. Іх таксама абвінавацілі ў тэрарызме. Пазней высветліліся імёны затрыманых: 34-гадовы Сяргей Пляшкун і 44-гадовы Юрый Сельвіч.

21 сакавіка стала вядома, што ў Воршы за пашкоджанне каляінаў затрымалі мясцовага чыгуначніка.

На гэтым тыдні ў Гомлі КДБ затрымаў трох памочнікаў і аднаго машыніста лакаматыўнага дэпо. У пастановах на ператрус былі пазначаныя артыкулы «Тэрарызм», «Здрада радзіме», «Шпіянаж». Прынамсі адзін з памочнікаў машыніста змешчаны ў СІЗА КДБ, піша Zerkalo.io.

Агулам праваабарончаму цэнтру «Вясна» на дзень 31 сакавіка было вядома пра затрыманне мінімум 11 чалавек, якіх лічаць датычнымі да рэйкавай вайны. У асноўным іх вінавацяць у тэрарызме.

Карныя акцыі супраць іншадумцаў

Але рэпрэсіі не абмяжоўваюцца крымінальным пераследам падазраваных у рэйкавай партызанцы. Спецслужбы запалохваюць усіх «нядобранадзейных».

Праваабаронцы канстатуюць: сілавікі ў пошуках рэйкавых партызанаў чыняць рэйды ў гарадах, дзе адбыліся дыверсіі. Вядома пра масавыя налёты сілавікоў на мясцовых у сувязі з дыверсіямі ў Стоўбцах, Дзяржынску, Баранавічах, а таксама чысткі работнікаў чыгункі па ўсёй Беларусі.

Паводле ПЦ «Вясна», рэйды ў пошуках рэйкавых партызанаў адбываюцца ўва ўсіх гарадах паводле класічнай схемы: прыходзяць да асобаў, якіх раней пераследавалі паводле «палітычных» артыкулаў. Чыняць ператрусы, вымаюць тэхніку, «пратэставую» сімволіку, правяраюць тэлефоны. Калі ў тэлефоне знаходзяць падпіскі ці перасыланні з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, то складаюць пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП і затрымліваюць да суда.

Толькі ў Стоўбцах зафіксавалі 35 фактаў пераследу, некаторых пры затрыманні збівалі. Такім чынам сілавікі адпомсцілі мясцовым за пашкоджанне аўтаматыкі каля станцыі «Сінява» за Стоўбцамі. Аналагічны рэйд адбыўся ў Дзяржынску: мясцовых жыхароў затрымлівалі і змяшчалі ў ІЧУ, чыніліся ператрусы, некаторых збівалі. У ізалятары ўтрымлівалі ў жорсткіх умовах: у камерах халодна, не выдавалі матрацаў, перадачаў не прымалі. Таксама вядома пра масавую зачыстку ў Баранавічах.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ТК / Белсат

Рэпрэсіі робяцца ўсё больш інтэнсіўнымі. На гэтым тыдні ў Беларусі былі затрыманыя не менш за 38 працаўнікоў чыгункі рознага веку і спецыяльнасцяў – пакаянныя відэа з імі зʼявіліся ў праўладных рэсурсах. Уся віна заключалася ў тым, што чыгуначнікі былі падпісаныя на тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», які нядаўна ўлады абвесцілі экстрэмісцкім.

Тэлеграм-канал @bel_zhd адзначае: цяпер ільвіная доля супрацоўнікаў КДБ, уключаючы УКДБ па вобласцях і Галоўнае ўпраўленне КДБ, кінутыя на барацьбу з выцекам інфармацыі ды рэйкаваю вайною. «Для выканання пастаўленай мэты хапаюць абсалютна выпадковых людзей, каб ізноў пасеяць страх сярод беларусаў», – адзначаюць аўтары каналу.

Hавiны
Пераважная большасць украінцаў лічыць Беларусь варожаю дзяржаваю
2022.03.20 20:27
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі бярэ ўдзел у пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваецца наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражае Кіеву. Падобная роля Беларусі ў канфлікце трактуецца адназначна: згодна з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года, дзеянні дзяржавы, якая дае сваю тэрыторыю для здзяйснення акту агрэсіі ў дачыненні трэцяй краіны, таксама расцэньваецца як агрэсія. Але пакуль што беларуская армія беспасярэдне ў ваенным канфлікце не бярэ ўдзелу.

РР belsat.eu

Стужка навінаў