Ад «Містара Кука» да прэзідэнта. Цікавыя факты з жыцця Уладзіміра Зяленскага


Калісьці прэзідэнт Украіны меў тытул «Самы прыгожы мужчына Украіны» і пісаў сцэнары да святаў украінскіх алігархаў. А цяпер Уладзімір Зяленскі – галоўнакамандуючы краіны, якая 8 гадоў вядзе вайну з Расеяй. Вашай увазе – дайджэст кар’еры Зяленскага.

Даведка
Фота з прыватнага архіву

Гэты чарнявы хлопчык на фота – будучы прэзідэнт. Уладзімір Зяленскі сядзіць на руках сваёй маці, спадарыні Рымы. Нарадзіўся ён у Крывым Розе ў Днепрапятроўскай вобласці. У дзяцінстве жыў 4 гады ў Манголіі: там працаваў ягоны бацька. Скончыў там першы клас, пасля чаго сям’я вярнулася ў Крывы Рог. Цяпер тата – спадар Аляксандр – загадчык кафедры інфарматыкі ва ўніверсітэце. Бацькі не пераехалі ў Кіеў.

Цікавы факт: у 16 гадоў Уладзімір выйграў грант на бескаштоўнае навучанне ў Ізраілі, але за мяжу не паехаў, бо ягоны бацька быў супраць.

КВЗ

Даведка
Фота: sobesednik.ru

У 11-м класе Уладзімір зарганізаваў школьную каманду КВЗ, а пазней быў запрошаны ў каманду «Транзіт».

Мы знайшлі ягонае інтэрв’ю 1998 года. Зяленскаму тут 20, ён грае ў КВЗ на фестывалі ў Сочы.

Маладзён распавядае, што Маслякоў урэзаў музычныя нумары ягонай камандзе. А судзейства на гумарыстычным конкурсе, на меркаванне Зяленскага, было несправядлівым.

Мы знайшлі запіс той гульні. У тагачасным КВЗ яшчэ было шмат палітычных жартаў:

«Квартал 95»

Даведка
Скрыншот: Старое доброе телевидение / Youtube

Адначасова з Зяленскім у каманду «Транзіт» прыйшлі некалькі будучых актораў студыі «Квартал 95». Зяленскі і яшчэ адзін стваральнік каманды, Дзяніс Манджосаў, скончылі гімназію № 95, якая месцілася ў раёне 95-ы квартал. Назва калектыву нарадзілася сама сабою. Уладзімір стаўся не толькі акторам ды капітанам, але і адным з асноўных аўтараў. Каманда паспяхова выступала ў найвышэйшай лізе КВЗ. А потым зрабілася самастойным прадуктам. «95-ы квартал» займеў поспех праз палітычную сатыру.

«Самы прыгожы мужчына Украіны»

У 2004 годзе Зяленскі вядзе кулінарнае шоу «Містар Кук».

На пытанне, чаму менавіта яго выбралі вядоўцам, у адным з інтэрв’ю Зяленскі адказаў так: «Напэўна, ёсць нейкі збег акалічнасцяў, што прыводзіць да станоўчых вынікаў. Заўсёды заўважаў за сабою цікавую асаблівасць: не стараюся быць добрым адразу, а потым выклікаю прыхільнасць да сябе. Таму, калі прыйшоў спрабавацца на ролю вядоўцы, адмыслова, каб спадабацца, нічога не рабіў».

Даведка
Вокладка часопіса «Viva!»

У пачатку 2005 года студыя «Квартал 95» і тэлеканал «Інтер» прыступілі да вытворчасці праекту «Вечаровы квартал».

У 2008 годзе шоўмен атрымаў тытул «Самы прыгожы мужчына Украіны» паводле версіі часопісу «Viva!».

Таксама ў 2008 годзе выйшаў першы сезон тэлесерыялу «Сваты». Зяленскі – галоўны прадзюсар.

Гісторыя пра дзве пары бабуль і дзядуляў з супрацьлеглымі поглядамі на жыццё мела вельмі высокія рэйтынгі ў расейскамоўных краінах.

Цікавы факт: 7-ы сезон серыялу здымаўся ў Беларусі праз палітычную сітуацыю паміж Украінай і Расеяй, у прыватнасці праз забарону расейскім акторам заязджаць на тэрыторыю Украіны.

Паспяховы праект «Рассмяшы коміка» паўстаў у 2011-м, у журы якога Зяленскі сядзеў разам з Міхаілам Галусцянам, а затым з Яўгенам Кашавым. А таксама Зяленскі быў у журы праграмы «Ліга смеху» ў 2014-м, створанай на падабенства КВЗ.

Зяленскі ў кіно

Прыблізна ў 60 кінакарцінах Зяленскі значыцца акторам, прадзюсарам, сцэнарыстам або рэжысёрам. Напрыклад, у фільме «Каханне ў вялікім горадзе» – рымейку «Службовага раману» – актор грае Анатоля Навасельцава.

Цікавы факт: у адным з інтэрв’ю Зяленскі распавядаў, што пісаў сцэнары да дзён нараджэння ўкраінскіх алігархаў.

«Слуга народу»

Серыял стаўся фактычна перадвыбарчай кампаніяй Зяленскага. Наўмысна ці не, дакладна невядома. Прэмʼера першага сезону на ўкраінскім тэлеканале «1+1» адбылася ў 2015 годзе.

Уладзімір Зяленскі. Крыніца: kinopoisk.ru

Паказ серыялу ў Расеі: 9 снежня 2019 года ў межах «нармандскага фармату» прайшла першая сустрэча Пуціна і Зяленскага. А 11 снежня 2019-га серыял пачаў транслявацца на расейскім тэлеканале ТНТ. Аб прэмʼеры стала вядома за содні да паказу. Спачатку быў выразаны жарт са згадваннем Пуціна і адсылкаю да ўкраінскай крычалкі. А пасля першых трох серыяў канал прыбраў серыял з праграмы трансляцыі.

Паказ серыялу ў Беларусі: паказалі ўсе сезоны «небяспечнага» серыялу, пры гэтым не выразалі жартаў пра Лукашэнку.

Зяленскі – прэзідэнт Украіны

Зяленскі кажа, што задумаўся пра паход у палітыку толькі ў 2018 годзе. Аднак Бі-Бі-Сі спасылаецца на знаёмых з камандаю Зяленскага, якія сцвярджаюць, што першыя сацыялагічныя замеры наконт магчымага ўдзелу коміка ў выбарах праводзіліся яшчэ ў 2017 годзе.

Разам з Зяленскім з праекту ва ўладу сышлі больш за 30 «кварталаўцаў» і іх сяброў. Напрыклад, галоўны юрыст кампаніі Іван Баканаў узначаліў СБУ. Сяргей Шэфір, які кіраваў студыяй і прасоўваў яе кантэнт, стаў першым памочнікам прэзідэнта.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: rubryka.com

Сацыялагічныя апытанні ва Украіне казалі, што людзі гатовыя галасаваць за медыйных асобаў, якія не былі раней звязаныя з палітыкаю: напрыклад, за актора Зяленскага ці лідара гурта «Океан Ельзи» Святаслава Вакарчука. Але Вакарчук ад удзелу ў выбарах адмовіўся.

Цікавы факт: у 2017 годзе ў адным з інтэрвʼю Зяленскі распавёў, што пачаў вывучаць украінскую мову з рэпетытарам.

Сёмыя выбары прэзідэнта Украіны праводзіліся ў два туры. Першы выйграў Уладзімір Зяленскі, але ён не набраў больш за 50 % галасоў, таму быў прызначаны другі тур. У другім ён набраў 73,23 %.

Цікавы факт: у ноч на 1 студзеня 2019 года на тэлеканале «1+1» замест прамовы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі спачатку ўлучылі Зяленскага, які паведаміў, што будзе браць удзел у выбарах. Віншаванне Парашэнкі транслявалі пасля выступу Зяленскага.

Вайна і м̶і̶р̶ Зяленскі

Даведка
Вокладка часопісу «Newsweek»

У звязку з вайною Зяленскі трапіў на сусветна вядомыя вокладкі. Амерыканскі комік Баравіц назваў Зяленскага фаварытам прэзідэнцкай гонкі 2024 года ў ЗША.

Прэзідэнта і народ Украіны намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру.

У самой Украіне дзеянні прэзідэнта Зяленскага ў пачатку вайны падтрымлівалі больш за 90 % украінцаў.

У перадвыбарчай кампаніі Уладзімір Зяленскі казаў, што будзе абірацца толькі на адзін прэзідэнцкі тэрмін.

Калегі з «Кварталу 95» не выключалі, што Зяленскі вернецца да акторскай дзейнасці.

АГ belsat.eu

Стужка навінаў