Беларускае выдавецтва «трапіла» ў рэйтынг найлепшых выдавецтваў Еўропы


Выдавецтва «Янушкевіч» абвесціла на сваёй старонцы ў Facebook: мы трапілі ў прэстыжны рэйтынг найлепшых выдавецтваў Еўропы «Top 100 Best European Publishers Award 2020», заняўшы там 39-е месца. Што з гэтага жарт, а што праўда?

На старонцы ў Facebook выдавецтва «Янушкевіч» напісала такі пост:

«Гэта неверагодны поспех і адзін з найлепшых вынікаў сярод выдавецтваў Усходняй Еўропы, прадстаўленых у гэтым рэйтынгу. Фармулёўка нашай узнагароды такая: «За захаванне ідэалаў кнігавыдавецкай справы, барацьбу за культурную разнастайнасць на кніжным рынку і адметную рэпрэзентацыю свабоднай беларускай літаратуры».

І прыклалі фота.

Выдавецтва «Янушкевіч» у рэйтынгу выдавецтваў «Top 100 Best European Publishers Award 2020».
Фота: januskevic.books / Facebook

Рэйтынг, паводле выдавецтва, складае аўтарытэтны ў кнігавыдавецкай сферы часопіс «New Publishing Weekly».

У каментарах сталі пытаць: а гэта не жарт?

«Гэта ж першакрасавіцкі жарт, элементарная справа, якая раскрываецца пры ўважлівым чытанні», – распавёў «Белсату» дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч.

Гледзячы па каментарах, большасць людзей паверылі ў жарт. Ну, што сказаць, паверылі спачатку і мы, белсатаўцы. Жадаем, усё ж, выдавецтву найчасцей трапляць у ганаровыя сусветныя рэйтынгі і не губляць пачуцця гумару.

У студзені выдавецтву «Янушкевіч» заблакавалі рахункі, а выдаўца Андрэя Янушкевіча забіралі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. І гэта ўжо не жарт.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў