52 % за Ціханоўскую і 17,6 % за Лукашэнку. Нямецкія даследчыкі даведаліся, як галасавалі беларусы


Маладое пакаленне на сустрэчы са Святланаю Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Нямецкі навукова-даследчы інстытут ZOiS апублікаваў даследаванне на падставе праведзенага ў снежні 2020 года інтэрнэт-апытання грамадзянаў Беларусі пра грамадства і палітыку.

У апытанні ўзялі ўдзел больш за 2 тысячы беларусаў векам ад 16 да 64 гадоў, якія жывуць у гарадах з колькасцю насельніцтва больш за 20 тысячаў чалавек. Колькасць розных групаў апытаных вызначалася ў адпаведнасці з прапорцыямі паводле ўзросту, полу і месца жыхарства.

За каго галасавалі беларусы?

Паводле вынікаў апытання, 65 % рэспандэнтаў часткова або цалкам пагадзіліся з тым, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года былі сфальсіфікаваныя на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Найбольш такіх сярод мужчынаў і людзей з вышэйшай адукацыяй.

Крыху больш за 52 % удзельнікаў апытання заявілі, што на выбарах галасавалі за Святлану Ціханоўскую. За Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 17,6 % рэспандэнтаў. Супраць усіх – 8,4 %, за астатніх трох кандыдатаў – разам менш за 3 %. Адмовіліся адказваць на пытанне 18,6 %.

Артыкулы
«Беларусы за гэты год пракачаліся ў жанры абсурду». Міхаіл Зуй – пра гумар у трагічны час
2021.04.01 15:11

Аляксандра Лукашэнку найбольш падтрымлівалі людзі старэйшага пакалення і жанчыны, жыхары невялікіх паселішчаў, людзі з больш высокімі даходамі, а таксама паслядоўнікі праваслаўнай царквы. А вось Святлана Ціханоўская была больш папулярная сярод мужчынаў, студэнтаў, жыхароў вялікіх гарадоў, занятых у прыватным сектары. Толькі чвэрць з тых, хто галасаваў за Лукашэнку, падтрымалі яго, бо ён рэпрэзентаваў іхныя палітычныя погляды.

Каля 14 % апытаных заявілі, што бралі ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў. Гэта прыблізна 700 тысяч асобаў з 5 мільёнаў жыхароў Беларусі, узроставыя ды іншыя групы якіх ахоплівае даследаванне. Каля паловы апытаных асабіста ведаюць асобу, якая брала ўдзел у пратэстах.

Каму давяраюць беларусы

Давер да беларускіх палітычных структураў у цэлым застаецца нізкім і да многіх яшчэ знізіўся. Прыкладна аднолькава ўпаў давер насельніцтва да органаў выканаўчай, заканадаўчай і судовай уладаў, а таксама праваахоўных органаў. Найбольшая колькасць апытаных давярае Каардынацыйнай радзе і Беларускай Праваслаўнай Царкве.

Гвалт сілавікоў, паводле даследавання, стаўся важным фактарам ва ўзмацненні страху і заклапочанасці сярод беларускіх грамадзянаў.

Hавiны
Праваабаронцы стварылі мапу фізічных, псіхалагічных і сексуальных катаванняў Беларусі
2021.04.01 12:02

Апытанне таксама паказала, што сацсеткі ды інтэрнэт-медыі дамінуюць у інфармацыйным полі беларускага грамадства: больш за 70 % апытаных выкарыстоўваюць іх як асноўная крыніцы звестак пра актуальныя падзеі.

Погляды на нацыянальны сцяг падзяліліся: 41 % апытаных лічаць цяперашні дзяржаўны сцяг прымальным сімвалам дзяржавы, а 36 % аддалі перавагу бел-чырвона-беламу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў