Беларускія заробкі будуць удвая меншыя, долар – да 5 рублёў. Эканаміст прагназуе вялікія страты


Яраслаў Раманчук у каментары «Белсату» расказаў, як ацэньвае страты беларускай эканомікі ад агрэсіі Расеі ва Украіне і дапамогі Крамлю Лукашэнкам. Паводле яго, такога ўдару беларуская эканоміка не атрымлівала з часу развалу СССР.

«Беларусы пакуль не адчулі ўсёй разбуральнай моцы санкцыяў, але гэта ўжо не за гарамі. Праз пару месяцаў запасы станчэюць. Калі браць ВУП Беларусі, у 2021 годзе быў 68,5 мільярдаў долараў, у 2022 годзе будзе недзе на 18–20 мільярдаў долараў меншы. Такога ўдару беларуская эканоміка не атрымлівала з часу развалу СССР».

Белорусские банки, деньги, Белинвестбанк
Пункт абмену валютаў. Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Яраслаў Раманчук адзначае: паколькі расейская і беларуская эканомікі завязаныя на вонкавыя рынкі, а вонкавыя рынкі дэманстратыўна адмаўляюцца працаваць, удар будзе вельмі балючы.

«Думаю, дойдзе да таго, што беларускія заробкі будуць напалову меншыя, пенсіі меншыя, курс можа быць 4 альбо 5 рублёў за долар. Калі ў Расеі сёння шмат хто разлічвае па 170–190 [рублёў за долар], то Расея ўжо згубіла каля трыльёна. Наступствы толькі пачынаюцца».

Вялікія страты прынясе адключэнне Беларусі ад SWIFT. Эканаміст даступна тлумачыць, што гэта такое:

«Ёсць грошы на рахунку, якія трэба заплаціць пастаўляльніку, альбо заплаціць адсоткі па крэдытах, але ты не можаш, бо труба, па якой цячэ вада, заблакаваная. Як чыгуначныя шляхі, якія адразаюць. Гэта гіганцкая праблема для людзей, якія праводзілі аперацыі з вонкавымі рынкамі, аплата любых тавараў. Можна абысці, але гэта даражэй.

Будзе іншая цана на тавары і паслугі. За выключэннем SWIFT ідзе рэзкае падаражэнне фінансавых паслуг, немагчымасць карыстацца карткамі, а таксама падаражэнне звычайных прадуктаў і тавараў. Сувязь будзе даражэйшая. Усё будзе даражэйшае. У бліжэйшыя два-тры месяцы мы вельмі на сабе гэта адчуем».

Яраслаў Раманчук рэзюмуе: беларусам трэба рыхтавацца да таго, каб жыць з зацягнутымі паясамі да часу, пакуль Пуцін не спыніць вайны.

«Пакуль людзі не зразумеюць, што імі кіруюць тыя, для каго яны пушачнае мяса, гэта будзе працягвацца. Калі прыйдзе гнеў, тады ўсё скончыцца».

Так званы «беларускі эканамічны цуд» скончыўся на пачатку 2009 году, калі Нацбанк дэвальваваў курс рубля на 20%. Падчас фінансавага крызісу ў Беларусі рубель абваліўся на 56%, а ў кастрычніку 2011-га – яшчэ на 52% і ў выніку за год абясцэніўся амаль што ў тры разы. Наступная дэвальвацыя, насуперак запэўніванням тагачаснага кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, здарылася ў 2014 годзе – рубель дэвальваваў на 24,7%. У 2015 годзе падзенне беларускага рубля працягвалася: толькі цягам студзеня яго дэвальвавалі пяць разоў – за месяц абваліўся на 29,4%. У лістападзе 2015-га было абвешчана пра чарговую дэнамінацыю рубля.

ДР/ЗК belsat.eu

Стужка навінаў