«Увесь час у чаканні падвоху і з пачуццём небяспекі». Як выглядае жыццё ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15


Публікуем другую частку аповеду былога вязня, які прайшоў праз ізалятары Бабруйску, Гомля, следчую турму Магілёва, а асноўны тэрмін пакарання адбываў у Магілёўскай папраўчай калоніі № 15. Наш суразмоўца распавядае, як выглядае побыт у беларускіх пенітэнцыярных установах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ідзе этап…

Пасля прысуду героя нашага матэрыялу этапавалі з Бабруйскага СІЗА № 5 у Гомельскае СІЗА № 3. Этап, ці шлях з аднаго месца зняволення ў іншае, часам робіцца не меншым выпрабаваннем, чым ізалятар ці калонія. Бо гэта доўга і ў нялюдскіх умовах.

«З Бабруйску ў Магілёў мяне везлі праз Гомель. З СІЗА да вакзалу ў машыне, а там перасаджваюць у так званы «сталыпінскі» вагон (вагон для перавозу вязняў. – Рэд.).

На ўваходзе цябе шманаюць. Сам вагон падобны на звычайны купэйны: з аднаго боку – калідор, з іншага – шэраг купэ. Аднак аддзеленыя яны ад калідора кратамі. У купэ – паліцы ў тры паверхі. Нас у адным купэ ехала 24 чалавекі. Пад лаўкамі ўнізе – асабістыя рэчы. На трэцім ярусе едуць «обиженные».

зона.бел
Як выглядае сёння палітычная турма XIX стагоддзя на рацэ Бярэзіне. Былы вязень – пра бабруйскі СІЗА
2022.02.02 09:00

Ехалі мы доўга. Хоць адлегласці паміж Бабруйскам і Гомлем, Гомлем і Магілёвам невялікія, аднак дарога займала 6–7 гадзін. Часам без магчымасці схадзіць у прыбіральню. Пра ежу таксама гаворкі няма, аднак можна было папрасіць прынесці кіпень, а часам бывала, што яны самі разносілі – «правадніцы» ў форме АМАПу».

Міністэрства ўнутраных справаў правяло экскурсію ў магілёўскую турму № 4 для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і работнікаў культуры. Кастрычнік 2016 г.
Фота: МУС Беларусі

Магілёўская турма № 4: сустракаюць «маскі», жорстка, з лаянкай

У Гомельскім СІЗА наш суразмоўца правёў два тыдні ў «транзітнай» камеры, а пасля чарговым этапам яго прывезлі ў Магілёўскую следчую турму № 4. СІЗА № 4 УУС Магілёўскага аблвыканкаму пачало працу 29 траўня 1979 года. Сёння афіцыйная назва следчага ізалятару – «Турма № 4» упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці. Следчы ізалятар цяпер уваходзіць у адзін комплекс з уласна турмой – ён мае форму літары «П», а ля «падножжа» гэтай літары размешчаная турма ўзмоцненага рэжыму. СІЗА разлічанае на тысячу месцаў. Стаўленне да падследных тут іншае, чым у Бабруйску, кажа наш суразмоўца:

«У адрозненне ад бабруйскага СІЗА, цябе сустракаюць «маскі» – супрацоўнікі ў балаклавах. Звяртаюцца на «ты», з лаянкай, абыходзяцца жорстка. Відаць, таму што бліжэй да Расеі, адпаведна, і менталітэт такі. Там зноў шмон, «лазня» – усё ўжо знаёмае.

Артыкулы
«Пужалі, білі палкамі, прымушалі бегаць па калідорах». Былы палітвязень пра ўмовы ў СІЗА № 2 у Віцебску
2022.01.18 11:00
Даведка

зона.бел – праект «Белсату», які прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя зняволеныя. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае быт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Падымаюць у камеру. Турма разбітая на ярусы, якія чамусьці называюць «рэжымамі» – першы, другі, трэці «рэжым». Што цікава, чым вышэйшы «рэжым», тым лягчэйшыя ўмовы. На першым «рэжыме» табе нельга прылегчы ўдзень, на другім ты часам можаш гэта зрабіць, а трэці – самы лайтовы, там ты можаш ляжаць хоць увесь дзень. На трэцім «рэжыме» камеры пасля рамонту, нават адштукаванне больш якаснае. У той час як на першым – «стайні» на 18–20 чалавек, «шканары» звараныя невядома з якіх матэрыялаў, усё крывое. Але ежа ў Магілёве падалася смачнейшай, чым у Бабруйску.

Асаблівасць магілёўскай следчай турмы – дворыкі для шпацыраў размяшчаюцца на даху (для вязняў уласна турмы, а не СІЗА, дворыкі размешчаныя ўнізе. – Рэд.).

Пасля суда трапляеш у камеру для асуджаных. Калі ты напісаў апеляцыйную скаргу, то чакаеш яе разгляду – гэта 2–3 месяцы. Якраз столькі я там і прабыў. Да апошняга моманту ты можаш не ведаць, у які лагер ты паедзеш, нават сваякі могуць даведацца раней за цябе.

У дзень этапу ў калонію цябе забіраць да адбою: шмон, праверка дакументаў. Гадзіны да 5-й раніцы трымаюць у «стакане», і потым – на этап. Паколькі мяне накіравалі ў ПК-15 у Магілёве, то гэтым разам абышлося без «сталыпінскіх вагонаў» – проста на аўтазаку завезлі».

Брэшуць сабакі, супрацоўнікі б’юць дручкамі па аўтазаку: ПК № 15

«У лагеры машына заязджае ў адмысловы шлюз. Усё максімальна жорстка. Брэшуць сабакі, па машыне супрацоўнікі б’юць дручкамі – кшталту псіхалагічнай атакі, каб ты зразумеў, куды трапіў. Як правіла, цябе там сустракаюць самыя «буйныя» афіцэры – маўляў, глядзі, зэк, якія тут вялікія дзядзькі. Яны ж потым аказваюцца самымі нармальнымі людзьмі.

Працэдура прывітання: пакуль табе распавядаюць, куды ты прыехаў, ты ўвесь час сядзіш на кукішках. Такія правілы, відаць, каб ты не пабег, не стукнуў каго, яшчэ чаго не зрабіў. Сядзім гужам, усе, каго прывезлі: 5–6 чалавек – у «прысядзе пацанскім».

Пасля шмону праводзяць у так званы каранцін. Там запаўняеш паперы, і цябе вядуць на рэчавы склад, дзе выдаюць адзенне. Усё не па памеры – што чаравікі, што верхняя вопратка, целагрэйка.

У каранціне застаешся ад двух тыдняў да месяца. Увесь дзень – на вуліцы, незалежна ад надвор’я і тэмпературы. Там можна хадзіць, сядзець, прыбіраць тэрыторыю – больш няма чым сябе заняць. Прастора метраў 50 у даўжыню, і шырынёй метраў 5, дзве лаўкі і сушылка для адзення пад навесам – ніткі нацягнутыя. Туды можна вопратку пасля «лазні» павесіць.

Цябе ўвесь час водзяць на нейкія лекцыі – то па тэлевізары, то проста прыходзіць нехта і зачытвае пастановы такім марудным голасам, што сам засынае ад гэтага».

Магілёўская папраўчая калонія № 15: 9. Дворык «каранціну»; 10. Пакой, дзе праводзілі «шмон» пры ўездзе; 11. Капліца на тэрыторыі калоніі; 12. Брама з КПП у жылую зону. Малюнак былога вязня.

Што паказвае тэлебачанне калоніі

«Пасля каранціну праходзіць размеркаванне – начальнікі калоніі і атрадаў вырашаюць, у які атрад ты пойдзеш. Можаш сам папрасіцца, калі маеш нейкія пажаданні. На «сумоўі» ў цябе пытаюць, чым ты займаўся на волі, каб выкарыстоўваць твае ўменні на карысць калоніі.

У кожнага атраду – свой кірунак: дрэваапрацоўванне, мэбля, шыццё, гаспадарчая абслуга – «баландзёры». Агулам 18 атрадаў. Кожны атрад – гэта асобныя двух- і трохпавярховыя баракі. Хто служыў у арміі, зможа сабе ўявіць, як гэта выглядае. Толькі калі ў арміі без перагародак на паверсе, то тут перагародкамі аддзеленыя спальныя памяшканні – іх чамусьці называюць «кубрыкамі».

У атрадзе ёсць «ленпакой», дзе зэкі глядзяць кіно, – там стаіць тэлевізар, лаўкі.

У калоніі ёсць сваё тэлебачанне – зэкі навіны выпускаюць раз на тыдзень: у каго колькі людзей пасадзілі ў ШІЗА, у якой колькасці забралі перадачы ці прэміявалі пазачарговым спатканнем, пасылкай і да т. п. Часам нешта смешнае бывае. Ёсць аператар, мантажор, нават 3D-графіку робяць.

Конкурсы праводзяцца, спартовыя мерапрыемствы. Потым раз на тыдзень у сваіх навінах гэта і паказваюць. Фільмы нейкія круцяць пастаянна».

«Па лагеры не можаш хадзіць адзін – толькі ў складзе калоны»

«Лагер падзелены на тры зоны: прамысловая – дзе працуюць, «промка» так званая; жылая – баракі, дзе жывуць, яшчэ там стадыён ёсць – вялікая пляцоўка, засыпаная пяском, клуб, сталоўка. Асобная зона – каранцін, штаб, там жа будынак адміністрацыі і медпункт – «бальнічка».

Перасоўвацца свабодна па гэтых зонах ты не можаш – толькі ў складзе групы. Ці на працу цябе выводзяць цэлым атрадам, ці ў «сталоўку», ці ты ідзеш па запісе ў «бальнічку» – таксама натоўпам збіраюць. Асобна не пройдзеш. Пастаянна ходзіш у калоне.

Магілёўская папраўчая калонія № 15: справа – жылыя баракі, уверсе – сталоўка, ніжэй злева – клуб. Баракі агароджаныя «лакальнымі ўчасткамі». Малюнак былога вязня.

Кожны барак аддзелены сваім лакальным участкам вакол будынку, 2–3 метры шырынёй, агароджаны металічнымі краткамі, сеткамі, па версе – «калючка», і ты не можаш выйсці з гэтага лакальнага ўчастку самавольна. Толькі калі цябе некуды выклікаюць або ідзеш па запісе ў клуб ці бібліятэку. У бібліятэцы шмат кніг, і на беларускай мове ёсць, на нямецкай, англійскай.

У клуб цябе пастаянна водзяць на лекцыі – паказваюць ролікі пра тое, як файна жыць на волі, ці пра шкоду алкаголю, наркотыкаў, карупцыі.

Дзень пачынаецца з пад’ёму а 6-й гадзіне раніцы. Прыборка – увесь атрад выходзіць на ветранне, а дзяжурныя прыбіраюцца ў пакоі. Падчас ветрання можна гарбаты папіць, загадзя запарыўшы, ці руханку зрабіць – папрысядаць, паадціскацца, пападцягвацца на турніку. Гэта ўсё ёсць на тваім лакальным участку.

Калі прыборка канчаецца, атрад вяртаецца, бярэ лыжкі і ідзе на сняданак у сталоўку. Пасля сняданку ёсць крыху вольнага часу – каля паўгадзінкі, каб сабрацца на працу».

Праца ў калоніі: холад, бруд, ніякай тэхнікі бяспекі

«Праца ў калоніі розная. Але пераважна ўсе займаліся апрацоўваннем алюмініевых ці медных кабеляў. Кабелі знаходзяцца ў «аплётках», і іх трэба разрываць, каб выцягнуць метал. Трэба было абавязкова выканаць сваю норму – 6–7 кілаграмаў. Напрыканцы змены ўсё ўзважвалася. Я так разумею, далей гэты метал недзе прадаваўся. А зэкам за працу плацілі 50 капеек на месяц. А алюміній і медзь каштуюць нармальных грошай за кілаграм. Можна падлічыць, колькі зробяць 120–150 чалавек і колькі гэта рэальна каштуе. Ёсць праца, за якую плоцяць больш, але туды так проста не трапіш.

Як правіла, усе цэхі халодныя, без ацяплення, няма ніякага панятку пра тэхніку бяспекі. Для працы табе раз на месяц выдаюць тканінныя рукавіцы, якія самі ж зэкі і шылі, малаток і нож, часта тупы – з дапамогай гэтых інструментаў ты рассякаеш кабель, дастаеш алюміній. Усё гэта ў салідоле ці нечым такім, бруднае, смярдзіць. Стаіць жудасны шум, грукат ад малаткоў. Умовы жахлівыя.

Hавiны
«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне
2019.12.04 12:08

Вядома, былі траўмы падчас працы. Ніхто ж не вучыць, як рабіць, – далі нож, малаток, кучу правадоў, глядзі, як робяць іншыя і рабі так сама. Калі былі траўмы, забіралі на «бальнічку», перамотвалі палец ці што яны там паранілі.

Працаваць даводзілася нават калі ты трапляў у ШІЗА – цябе выводзілі ў суседні пакой, куды прыносілі кучу правадоў, і ты мусіў іх чысціць. Тое самае, што на «промцы», але ў адзіноце.

У астатнім ШІЗА такое ж, як у СІЗА, толькі што на большую колькасць месцаў. Там цябе пераапранаюць у асобную робу. Нары прышпільваюцца да сцяны. Гэтак жа няма гадзінніка – час вызначаеш паводле харчавання. Трапіць у ШІЗА можна было за любую дробязь – напрыклад, ідзеш паліць у тапках і гэта заважылі – паехаў на 5 содняў».

«Адзіныя светлыя моманты – тэлефанаванні сваякам раз на тыдзень»

«Гадзіны тры вольнага часу маеш пасля вячэры. Тады можаш ці напісаць ліст, ці папраць вопратку, паесці, ці пайсці паглядзець навіны або фільм. Потым вечаровае шыхтаванне. Пасля яго і праверкі – каля гадзіны часу, за які ты можаш пайсці памыцца, пачысціць зубы, прыгатавацца да сну. Гадзіну гэта займае, бо на 150 чалавек – 6 умывальнікаў. Увесь час чэргі. Гэта было мае асабістае пекла – я ненавіджу чэргі, а там ты паўсюль стаіш у чарзе.

Каб пайсці ўзяць свае харчы, трэба стаяць у чарзе – там ёсць асобнае памяшканне з дзвюма ці трыма лядоўнямі, у якіх ты захоўваеш сваю ежу ў падпісаным мяшку. Каб узяць нож і парэзаць каўбасу – таксама чарга. Потым прыйсці здаць нож – ізноў чарга. І так штодня.

Таксофон, телефон-автомат, телефон общего пользования, уличный телефон
Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выходныя – субота, нядзеля і святочныя дні. Але ў выходны – гаспадарчая дзейнасць, прыборка. Усіх выганялі на вуліцу, няважна, дождж ці мароз, гэта нікога не хвалявала. Дзяжурныя заставаліся ўнутры, мылі ўсё. Таму ў жылых бараках чыста, бо прыбіраюцца мінімум два разы на дзень – і гэта і сухая, і вільготная прыборка з мыццём падлогі, выціраннем пылу, падмятаннем.

Калі казаць пра самаадчуванне, то ў калоніі ты пастаянна ў стрэсе, напружанні, дэпрэсіі нават. Адзіныя светлыя моманты за ўвесь час – тэлефанаванні родным 4–5 разоў на месяц. І ўсё. У лагеры звычайна мала з кім камунікуеш – максімум 2–3 чалавекі. Амаль увесь час ты перабываеш у асяродку, у якім мусіш быць пастаянна сабраным, у чаканні нейкага падвоху, са сталым пачуццём небяспекі».

«Бальнічка»: нават з тэмпературай можна не дачакацца дапамогі

Асобна наш суразмоўца распавядае пра медычную частку ў калоніі – «бальнічку», як яе называюць вязні.

«У «бальнічку» так проста не трапіш. Спачатку трэба запісацца ў адмысловы сшытак. Прызначаны «зэк» збірае запісы з усіх атрадаў, і на наступны дзень усіх разам – 80–100 чалавек – вядуць.

У фае «бальнічкі» ўвесь гэты натоўп запускаюць у клетку памерам 2,5 на 4 метры.

З абодвух бакоў ад фае – калідоры з кабінетамі. Прымалі два тэрапеўты – адзін з іх са сваіх, у форме, і жанчына-лекарка «з волі». Яна ставілася да вязняў нармальна, калі ты да яе трапляў (а сваёй чаргі можна было не дачакацца і вярнуцца ў атрад з тэмпературай), можна было разлічваць на больш-менш кваліфікаваную дапамогу.

На другім паверсе размяшчаецца стацыянар. Там 8 «кубрыкаў» – палатаў і два ізалятары – для тых, хто толькі што «заехаў» ці каго з ШІЗА даставілі. Там было вельмі халодна. Але кармілі лепш – давалі масла, смажаную рыбу, сырнікі, запяканкі нейкія.

Персанал у «бальнічцы» – тыя ж самыя «зэкі». Паколькі гэта «цёплае» месца, трапляюць туды па блаце – напрыклад, сваякі могуць грошы на рахунак калоніі перавесці. Загадчык гаспадаркі медчасткі – таксама «зэк», выключна мярзотны чалавек. Гэтак жа, як і мясцовы стаматолаг, якога называлі «доктар Зло».

«Калонія – мадэль беларускага грамадства ў мініяцюры»

«Сур’ёзных хваробаў там не лячылі. Калі б было нешта не тое са здароўем, і ты туды трапіў, гэта мог бы быць твой смяротны прысуд. Каб трапіць у звычайную «вальнячую» лякарню, трэба было прайсці праз некалькі колаў пекла.

Калі прыязджала «хуткая» з волі, на ўездзе яе шманалі – і машыну, і фельчараў. І яны маглі проста не паспець надаць дапамогу.

Морг, ілюстрацыйны здымак.
Фота: Larry Towell / Magnum Photos / Forum

Людзі паміралі. Неяк сам бачыў памерлага – ён ляжаў у калідоры на насілках, накрыты прасцінай. Вакол спакойна хадзіў персанал.

Пастаяннага доступу да патрэбных табе лекаў ты там не маеш. Калі табе сваякі дасылаюць медычную бандэроль, каб атрымаць свае ж лекі, трэба было запісацца ў «бальнічку», адстаяць чаргу, атрымаць пад роспіс 3–4 таблеткі ці вітаміны. Ніхто не дазваляў табе трымаць у тумбачцы ўвесь пачак.

У калоніі я пабачыў мадэль беларускага грамадства ў мініяцюры. Такі ж аўтарытарны рэжым і зэкі, якім бы аб’яднацца і адстойваць свае правы, і так складаней было б уплываць, ламаць. А замест гэтага – стукачы, махляры, крывадушнасць, агрэсія і вельмі мала добрых і сумленных людзей».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў