«Мы вяртаемся да сталінскіх часоў». Улады рыхтуюць змены ў заканадаўства для вялікага тэрору?


Паводле праваабаронцаў, пасля прыняцця паправак сотні тысяч беларусаў апынуцца пад пагрозай крымінальнага пераследу з боку дзяржавы.

31 студзеня генеральны пракурор Андрэй Швед у эфіры СТВ распавёў, што Генпракуратура прапаноўвае ўзмацніць адказнасць за экстрэмісцкую дзейнасць: плануецца ўнесці змены ў Крымінальны кодэкс, закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і ў іншыя акты заканадаўства. У прыватнасці, цяпер крымінальнай адказнасці будуць падлягаць не толькі арганізатар або кіраўнік экстрэмісцкіх фармаванняў, «але і любыя ўдзельнікі, а таксама асобы, якія аказваюць садзейнічанне экстрэмісцкім фармаванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці».

Новы генпракурор Андрэй Швед.
Фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum

Андрэй Швед патлумачыў, што «садзейнічаннем экстрэмізму» будзе лічыцца распаўсюджванне экстрэмісцкіх поглядаў і экстрэмісцкай сімволікі, распальванне варожасці і г. д.

«То бок любыя формы дзеяння, якія накіраваныя на тое, каб надаць дзеянням экстрэмісцкіх фармаванняў пэўны вынік, накіраваныя на дэстабілізацыю грамадскай абстаноўкі, парушэнне грамадскага парадку і іншыя супрацьпраўныя і негатыўныя наступствы».

Вядома, што змены ў заканадаўства рыхтуюцца на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, што на мінулым тыдні Генпракуратура таксама анансавала прызнанне бел-чырвона-белага сцяга і іншай нацыянальнай сімволікі экстрэмісцкай.

Аб’ектыў
Забараніць нацыянальны сімвал ужо немагчыма: беларусы абараняюць бел-чырвона-белы сцяг
2021.01.30 23:03

Іншадумства = экстрэмізм?

Апошнім часам сілавыя структуры Беларусі называюць «экстрэмізмам» фактычна любыя формы мірнага пратэсту і апазіцыйнай дзейнасці. Паказальна, што ў снежні Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу «па факце стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім» (ч. 1 арт. 361-1 КК) супраць Святланы Ціханоўскай і чальцоў прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага.

Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак.
Фота: Belsat.eu

Адначасова была распачатая крымінальная справа супраць Аляксея Лявончыка і іншых каардынатараў фонду салідарнасці «ByHelp», што займаецца дапамогай рэпрэсаваным. Каардынатараў «ByHelp» Генпракуратура вінаваціць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў» (арт. 361-2 КК).

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць, што запланаваныя заканадаўчыя змены супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе грамадзянам плюралізм думак.

Алесь Бяляцкі. Скрыншот з відэа «Белсату»

«Гэта чарговы крок па здушэнні правоў, якія гарантаваныя нам Канстытуцыяй, – кажа праваабаронца. – Мы няўхільна рухаемся далей да моцнай аўтарытарнай сістэмы, дзе забаронены ўсе іншыя погляды, акрамя дзяржаўнага».

Алесь Бяляцкі лічыць, што асноўная мэта паправак у заканадаўства аб экстрэмізме палягае на тым, каб падвесці пад крымінальную адказнасць сябраў Каардынацыйнай рады і ўсіх, хто звязаны з дзейнасцю гэтай структуры.

«Але што тычыцца нацыянальнай сімволікі і садзейнічання «экстрэмісцкім фармаванням», то гэтую частку можна трактаваць вельмі шырока і распачынаць крымінальныя справы проста супраць людзей, якія не згодныя з уладамі. У дзясяткаў, а можа і ў сотняў тысяч беларусаў ёсць дома нацыянальная сімволіка, яна шырока выкарыстоўваецца падчас пратэставых акцыяў. Цяпер гэта будзе лічыцца крымінальным злачынствам».

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

58-ы артыкул: версія Лукашэнкі

Паколькі спецслужбы Лукашэнкі кваліфікуюць апазіцыйную дзейнасць Каардынацыйнай рады як «экстрэмісцкую», то існуе рэальная пагроза, што «распаўсюдам экстрэмісцкіх поглядаў» будзе лічыцца, напрыклад, любое публічнае выказванне ў падтрымку КР і пратэстаў. Фактычна гэтая норма можа стаць аналагам пункту 10 артыкулу 58 сталінскага Крымінальнага кодэксу («Антысавецкай агітацыя»), калі злачынствам лічылася любое крытычнае выказванне на адрас камуністычных уладаў. Гэты артыкул шырока выкарыстоўваўся падчас сталінскіх рэпрэсіяў.

Алесь Бяляцкі лічыць паралель з 58-м артыкулам слушнай.

«Сапраўды, мы вяртаемся да сталінскіх часоў. Нават не да савецкіх, а да сталінскіх. Унясенне гэтых зменаў у заканадаўства дзясяткі і сотні тысяч людзей аўтаматычна ставіць ставіць у становішча магчымага крымінальнага пераследу з боку дзяржавы. Бо паняцце «экстрэмісцкія погляды» можа вельмі шырока трактавацца і выкарыстоўвацца супраць усяго дэмакратычнага руху».

Наступ на бел-чырвона-белую сімволіку таксама выклікае паралелі з савецкай сістэмай.

Жаночы пратэст
Удзельніцы жаночага маршу ў Менску. 12 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

«У СССР, у Савецкай Беларусі, нацыянальная сімволіка таксама пераследавалася, таксама была забароненая. Тады гэта падавалася пад соусам барацьбы з нацыяналізмам. Цяпер гэта перакваліфікоўваецца ў экстрэмізм. Але сутнасці тая ж самая. Фактычна ідзе змаганне з усім беларускім, з усім нацыянальным. Гэта адбывалася ў савецкія часы і працягвае адбывацца цяпер», – канстатуе Бяляцкі.

Крымінальная адказнасць за несанкцыянаваныя мітынгі і «дыскрэдытацыю»

Між тым, змены крымінальнага заканадаўства закрануць не толькі артыкулы аб «экстрэмізме». Выданне Office Life са спасылкай на ўласныя крыніцы апублікавала інфармацыю пра некаторыя запланаваныя змены.

У прыватнасці, у Крымінальны кодэкс збіраюцца дадаць арт. 198-1: «Парушэнне заканадаўства аб СМІ». Паводле яго, уладальнік інтэрнэт-рэсурсу можа атрымаць да 2 гадоў пазбаўлення волі за паўторны на працягу года распаўсюд забароненай інфармацыі.

Затрыманні каля Камароўкі падчас жаночага маршу 26 верасня. Менск, Беларусь.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Крымінальны кодэкс плануецца ўключыць артыкул 342-1: «Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў», які прадугледжвае адказнасць (да трох гадоў зняволення) за паўторны на працягу года ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. Дарэчы, прыняццё гэтай папраўкі на нарадзе 28 студзеня анансаваў асабіста Лукашэнка:

«Выйшаў незаконна на акцыі і пачынаеш парушаць грамадскі парадак – мы цябе папярэдзім, аштрафуем. Другі раз выйдзеш – сядзеш».

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 28 студзеня. Крыніца: president.gov.by

Таксама прапаноўваецца ўвесці ў КК арт. 369-1: «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Паводле яго, чалавек могуць кінуць за краты на два гады «за распаўсюд інфармацыі ў непрыстойнай форме, якая выказвае відавочную непавагу да беларускага народу і Рэспубліцы Беларусь». А за «загадзя хлуслівыя звесткі» аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Беларусі можна будзе трапіць у турму на тры гады.

Нарэшце, плануецца ўзмацніць адказнасць за замах на жыццё працаўніка праваахоўных органаў: такія дзеянні прапаноўваецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 15 да 25 гадоў або пажыццёвым зняволеннем.

Улады рыхтуюцца да пратэставай вясны

Аляксандр Класкоўскі. Скрыншот з відэа «Белсату»

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі лічыць, што галоўная задача Лукашэнкі – здушыць пратэсты. Менавіта дзеля гэтага рыхтуюцца змены ў крымінальнае заканадаўства. Прычым відавочна, што ўлады цяпер спяшаюцца.

«Нядаўна ў Лукашэнкі была нарада па пытаннях заканадаўства, і потым было афіцыйна паведамлена, што цягам першага кварталу збіраюцца ўнесці гэтыя змены. Гэта вельмі шпаркі тэмп. Увогуле, я не выключаю, што могуць нават склікаць пазачарговую сесію парламенту, таму што цяпер парламентарыі на вакацыях і звычайна збіраюцца на вясеннюю сесію толькі ў пачатку красавіка. Гэта паказвае на тое, што ўлады спяшаюцца ўсё зрабіць да вясны, калі, як шмат хто мяркуе, будзе новая хваля вулічных пратэстаў», – адзначыў ён у інтэрв’ю belsat.eu.

Наколькі шырока будуць выкарыстоўвацца новыя нормы заканадаўства для пераследу іншадумцаў, будзе залежыць ад ўзроўню пратэстаў.

«Маштабы ўжывання гэтых навацыяў у заканадаўстве будуць залежыць ад маштабаў пратэсту. Адпаведна, калі будуць выходзіць людзі масава, калі гэта стане вялікай праблемай для ўладаў, то, адпаведна, і прысудаў паводле новых артыкулаў будзе багата», – мяркуе Класкоўскі.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня, 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: АВ/ Vot Tak TV / Белсат

Як адрэагуе грамадства на ўвядзення новага рэпрэсіўнага заканадаўства? Ці стане гэта стымулам для пратэстаў або наадварот, дэмаралізуе людзей? На думку Класкоўскага, масавасць пратэстаў будзе вызначацца комплексам чыннікаў, і наўрад ці змены ў заканадаўства будуць вызначальным фактарам.

«Мне падаецца, што цалкам улады не здушаць жаданне выходзіць пад бел-чырвона-белым сімвалам, які ўжо стаў сімвалам беларускай рэвалюцыі. Увогуле маштаб пратэстаў будзе залежыць ад збегу абставінаў. Могуць быць нейкія трыгеры, калі чарговыя брутальныя, дурныя дзеянні ўладаў будуць выклікаць дадатковае абурэнне масаў. Прагназаваць такія рэчы цяжка. Рэжым на ўсю моц уключыў машыну рэпрэсіяў, і гэта, безумоўна, вельмі ўплывае на гатоўнасць людзей выходзіць на вуліцу. Але ніхто і летась не прадказваў першай хвалі беларускай рэвалюцыі», – кажа палітычны аналітык.

***

У сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі ў Беларусі распачатыя больш як 1000 крымінальных справаў. На гэты момант 220 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі. Агулам, паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку выбарчай кампаніі ў траўні да канца 2020 года былі затрыманыя больш за 33 тысячы грамадзянаў, вялікую частку якіх пакаралі адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. Тысячы затрыманых сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў ды іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў