Аб'ектыў 05.06.2018 Звольнілі – і забыліся. Працадаўцам напляваць на скалечаных працаўнікоў


Выконваеш свае працоўныя абавязкі, але калі з табою нешта здараецца, наймальнік не хоча несці ніякай адказнасці. Чаму здараюцца гэткія сітуацыі? І як абараніць працоўнаму свае правы?

Толькі за апошні тыдзень адразу два чалавекі звярнуліся па дапамогу праваабаронцаў з аднолькавымі праблемамі. Атрымалі пашкоджанні падчас выканання працоўных абавязкаў, а наймальнік катэгарычна адмаўляецца прызнаваць траўмы працоўнымі.

Паказальны выпадак слесара РУП «Менскэнерга» Аляксандра Рагалевіча. Разам з калегам вывозіў вазкі са смеццем. І раптам страціў прытомнасць. Пры падзенні зламаў руку ў плечавым суставе. Пералом аказаўся вельмі складаным, цяпер у Аляксандра практычна не дзейнічае правая рука, яму прыходзіцца перавучвацца быць ляўшой.

«У шпіталь да нас прыязджалі прадстаўнікі дзяржаўнай інспекцыі па ахове працы. Яны бралі з мяне тлумачальныя, як, што і дзе адбывалася. Я ім патлумачыў, што гэта адбылося на працы – мы прыбіралі. У сувязі з гэтым яны склалі акт аб непрацоўнай траўме. А ўжо калі мне далі другую непрацоўную групу, я аказаўся дома. Мяне, атрымліваецца, з працы звольнілі, і ўсё», – кажа Аляксандр Рагалевіч.

Звольнілі – і забыліся. Кіраўніцтва «Менскэнерга» адмаўляецца прызнаваць траўму Рагалевіча працоўнай. І такая сітуацыя не адзіная. Васіль Рамановіч развозіў пітную ваду жыхарам вёсак у Маладзечанскім раёне. Яго жорстка збілі, у шпіталі траўму аформілі як працоўную, аднак у кіраўніцтва Маладзечнаводаканала было іншае меркаванне.

«Пайшоў я здаваць бальнічны. І ў бухгалтэрыі пацікавіўся па страхоўцы: ці застрахоўвала прадпрыемства супрацоўнікаў ад гэтых траўмаў. Але там я даведваюся, што застрахавалі, але мне нічога не будзе. Я пытаюся – чаму? – А таму што ў вас бытавая траўма. Я кажу, як бытавая? Паглядзіце бальнічны! Там жа напісана – вытворчая. А што бальнічны? Інжынер па ТБ прынёс акт», – кажа Васіль Рамановіч.

Атрымліваецца, што на дзяржаўных прадпрыемствах усё добра, пакуль усё добра. Як сцвярджаюць адмыслоўцы, наймальнікі часта спрабуюць прымусіць супрацоўнікаў падпісваць дакументы, што іх траўмы з’яўляюцца не вытворчымі, а бытавымі.

«У нас лічыцца, што траўма на вытворчасці – гэта нешта незвычайнае, гэта дрэнна. Прыйдуць камісіі, будуць разглядаць, разбірацца, і гэта нікому не патрэбна. Дзяржінспекцыя па працы часам нават не выязджае на месцы. Там інспектар паперкі паглядзеў, выклікаў чалавека, падмахнуў іх, і ўсё. І на гэтым усё сканчаецца. І шмат хто гэтага не ведае», – кажа прававы інспектар РЭП Юрый Белякоў.

Гэтым і карыстаюцца несумленныя працадаўцы. Цяпер жа справу Аляксандра Рагалевіча будуць разглядаць у судзе. Васіль Рамановіч таксама рыхтуе судовую позву. Аднак, як адзначаюць эксперты, такія суды звычайна цягнуцца доўга.

«Цяпер мне толькі тры кілаграмы можна паднімаць. Я дома не магу нічога зрабіць! Мне касіць – вунь у вёсцы хата. Нічога не магу! Я ўсе абышоў гэтыя структуры дзяржаўныя і нідзе праўды не дабіўся, шчыра кажучы. Каб як-небудзь справядлівасць знайсці, вось што!» – кажа Васіль Рамановіч.

За справядлівасцю людзі і звярнуліся ў арганізацыю «Прававая дапамога насельніцтву». Цяпер усе іхныя надзеі – толькі на дасведчанасць праваабаронцаў і абʼектыўнасць судоў.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары