Звольненыя завадчане падалі на МЭТЗ у суд


Але страйк усё роўна працягваецца.

Віталя Чычмарова звольнілі з Менскага электратэхнічнага заводу 2 лістапада нібы за нанясенне прадпрыемству шкоды ў памеры не менш за тры месячныя заробкі.

«Абсурднасць у тым, што я вядучы інжынер, які не мае дачынення да ўвогуле ніякага абсталявання: ані станкоў, ані нічога. Нанясенне шкоды значыць, што я штосьці мусіў зламаць», – абураецца Віталь.

Суд перанеслі на заўтра. Юрыст адміністрацыі не прынёс дакументаў, якія мусілі б давесці прычыну звальнення. Патлумачыў, што зламалася машына, у якой былі дакументы.

«Да таго ж сказалі, што з тым важным дакументам, які ў прынцыпе з’яўляецца падставай майго звальнення, – службовае расследаванне, якое праводзілася, – мяне з ім не будуць знаёміць. То бок выходзіць, што там можа быць усё, што захочаш», – дадае Віталь.

Сёння некалькі такіх судоў адбыліся з раніцы, два – увечары. Большасць рашэнняў перанеслі. Работнікі распавялі нам, што працягнуць адстойваць свае правы. У гэтым іх прыйшлі падтрымаць неабыякавыя грамадзяне:

«Мне цікава, як суд будзе разглядаць аргументы бакоў, як будзе расстаўляць свае прыярытэты, таму што заўтра ў мяне таксама суд.

«Гэта вельмі падобна, што па палітычных нейкіх патрабаваннях».

Больш за месяц таму на МЭТЗ пачаўся страйк, пасля якога з прадпрыемства звольнілі 26 чалавек. Пятнаццаць з іх хочуць вярнуць сабе працу праз суд.

За сёння да нацыянальнага страйку далучыліся яшчэ пяцёра завадчанаў. Два з іх – Ігар Бутоўскі і Юрый Гашаў – з «Нафтану».

«На прадпрыемстве работнікі, якія маюць сваю грамадзянскую пазіцыю, якая адрозніваецца ад той, якую навязвае нам улада, зазнаюць каласальны ціск. Многім пагражаюць не працягненнем кантракту, пазбаўленнем прэміі, а таксама прафмайстэрства. Некаторых беспадстаўна звальняюць», – распавёў у сваім звароце Ігар.

Цяпер на «Нафтане» страйкуюць 20 чалавек. Да таго ж сёння да страйку далучыўся першы работнік «Горадняпрамбуду», а таксама работнікі з «Берасцеэнерга» і «Беларуськалію».

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu