ЗША – Іран. Дачыненні пагаршаюцца


Новы віток амерыканска-іранскага канфлікту. Вашынгтон стварае міжнародную кааліцыю для патрулявання ў Хурмузскай пратоцы. Тэгеран тым часам заяўляе пра выкрыццё 17 шпіёнаў, якія працавалі на амерыканскія спецслужбы, некаторых з іх пакараюць смерцю як здраднікаў радзімы.

«Мы проста хочам, каб Іран спыніў тэрарыстычную дзейнасць па ўсім свеце», – заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэёў, анансуючы стварэнне міжнароднай кааліцыі для аховы і суправаджэння танкераў у Хурмузскай пратоцы.

Таксама кіраўнік Дзяржаўнага дэпартаменту заявіў аб увядзенні санкцыяў супраць кітайскай фірмы «Чжу-Хай Чжэнь-Жун» – за імпарт іранскага чорнага золата.

«Мы заўсёды казалі, што санкцыі будуць выконвацца. Мы не можам трываць сітуацыю, калі дадатковыя грошы паступаюць аяталу, што ставіць пад пагрозу жыццё амерыканскіх жаўнераў, маракоў, лётчыкаў і марскіх пяхотнікаў», – паведаміў Майк Пампэёў, дзяржаўны сакратар ЗША.

У Пекіне эканамічныя абмежаванні Белага дому сустрэлі, цытата, «рашучым пратэстам і асуджэннем»:

«Мы супраць таго, каб Вашынгтон звяртаўся да захадаў гегемоніі, супраць таго, каб ён аказваў ціск на кітайскія прадпрыемствы і прыватных асоб, кіруючыся сваім унутраным заканадаўствам», – заяўляе Хуа Чунь Ін, МЗС Кітаю.

І без таго, мякка кажучы, несяброўскія дачыненні Тэгерану і Вашынгтону рэзка пагоршыліся цягам апошніх двух тыдняў. Напярэдадні ў Іране заявілі аб вынясенні прысудаў 17 грамадзянам краіны, якія нібыта працавалі на карысць Цэнтральнага выведчага ўпраўлення ЗША. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп назваў гэткую інфармацыю «татальнай хлуснёю».

Чатыры дні таму іранскія вайскоўцы затрымалі ў Хурмузскай пратоцы брытанскі танкер – паводле Тэгерану, карабель парушыў нормы міжнароднага марскога права. З 7 ліпеня Тэгеран узбагачае ўран вышэй за норму, прадугледжаную пагадненнямі. Гэткі крок стаў адказам на рашэнне Доналда Трампа вывесці ЗША з ядравай дамовы ў аднабаковым парадку.

Віталь Бабін, belsat.eu